Выбрать главу

- Калі ласка, мне б хацелася набыць яйка,- баязліва сказала яна.- Колькі яно каштуе?

- Пяць пенсаў - адно... Два пенсы - два.- адказала гаспадыня крамы.

- Два танней за адно?- здзіўлена спытала Аліса, вымаючы свой кашэльчык.

- Але ж калі набудзеш два, табе трэба будзе з’есці абодва,- заўважыла Аўца.

- Вой, не... дайце лепш адно,- сказала Аліса, паклаўшы грошы на прылавак. Тым часам думаючы,- Наўрацці яны абодва былі б свежыя.

- Я нікому анічога не даю,- паведаміла Аўца, паклаўшы грошы ў касу,- табе трэба ты і бяры,- сказаўшы гэта, яна адыйшла ў самы канец крамы і пакінула яйка на палічцы.

- Цікава, навошта яна гэта зрабіла,- падумала Аліса, шукаючы, як прайсці між сталоў і крэслаў, таму што ў тым баку крамы, было зусім цёмна.- Здаецца яйка рухаецца назад? Так яшчэ адно крэсла... Здаецца яйка мае рукі і ногі! Дзіўна знаходзіць у краме дрэвы, якія растуць!.. А ручай!.. Гэта самая дзівосная крама з тых, што я бачыла!

Яна задавала сабе пытанні на кожным кроку, а тым часам сцены крамы апынуліся дрэвамі, Аліса далікатна падыйшла да яйка, здзівіўшыся, што яно дагэтуль не паследвала іх прыкладу.

Раздзел VI

Ханьці-Данці

Тым часам яйка, усё болей павялічвала свой памер і ўсё болей пачынала быць падобным да чалавека. Калі Аліса наблізілася да яго на адлегласць у колькі метраў, яна разгледзіла ў яго нос, рот і вочы. А калі дзяўчынка падыйшла зусім блізка, яна зразумела што перад ёй сам ХАНЬЦІ-ДАНЦІ.

- Наўрацці гэта хтось іншы,- сказала яна сабе.- Я ўпэўненая ў гэтым, быццам імя напісана на яго твары.

А імя мажліва было напісаць, з меншага разоў гэтак сто. Ханьці-Данці сядзеў на высокай сценцы ў палову цаглінкі, склаўшы ногі па-турэцку... Аліса з цяжкасцю магла ўявіць, як ён трымаецца ў раўнавазе... Тым не менш, яго вочы былі спакойнымі і глядзелі строга наперад, і колькі часу дзяўчынка была ўпэўненая, што ён нежывы.

- А як жа ж ён падобны да яйка,- сказала яна ўголас, на ўсялякі выпадак раскінуўшы рукі, каб злавіць яго, калі ён зваліцца.

- Людцы! Як мне гэта абрыдла,- прамовіў Ханьці-Данці пасля доўгай паўзы, гледзячы па-над Алісінай галавой,- рашуча ўсе клічуць мяне яйкам!

- Але ж я толькі сказала, што Вы да яго падобныя, Сэр,- далікатна сказала Аліса,- На самае прыгожае яйка ва ўсім свеце,- дадала яна, спадзеючыся, што гэта будзе для Ханьці- Данці накшталт кампліменту.

- Некаторыя,- заявіў ён, працягваючы глядзець ў адну кропку,- дурней за самае малое дзіця!

Аліса ў разгубленнасці не ведала, што адказаць. Гэта ўвогуле не было падобна на пачатак размовы, паколькі Ханьці звяртаўся нібы сам да сябе, ці да дрэва, што стаяла за спіной у дзяўчынкі... Таму яна стаяла і ціхенька прыпамінала знаёмую з дзяцінства песеньку:

“Ханьці-Данці на сценцы сядзеў,

Перакуліўся ды ўніз паляцеў.

Хто пехам прыбег, а хто на кані

Сабраць Ханьці-Данці няможна.

Ані.”

- Апошняе слова неяк выбіваецца з вершыка,- дадала яна ўголас, забыўшы, што яе могуць пачуць.

- Чаму ты размаўляеш сама з сабой?- спытаў Ханьці-Данці ў першыню паглядзеўшы на Алісу,- Лепш скажы мне сваё імя і як маешся.

- Я - Аліса, а...

- Якое благое імя,- перарваў яе Ханьці.- Што яно значыць?

- А хіба, павінна?..- сумняваючыся адказала дзяўчо.

- Людцы!.. Зразумела ж павінна,- усміхнуўшыся паведаміў Ханьці-Данці,- напрыклад, маё імя кажа аб тым, што я... самы прыгожы “Я” ва ўсім свеце. А з такім імем, як у цябе можна быць кім заўгодна!

- А чаму Вы сядзіцё тут у адзіноце?- каб не спрачацца далей, перавяла тэму ў іншую плынь Аліса.

- Таму, што для дваіх тут замала месца!- усклікнуў той.- Ці ж ты думала, што я не ведаю адказа на гэтае пытанне? Спытай яшчэ штось…

- А ці не здаецца вам, што тут ўнізе значна лепей?- працягвала дзяўчынка, не будучы ў стане змяніць тэму, таму што надта за яго непакоілася.- Сценачка, такая танюсенькая!

- Твае пытанні такія лёгкія, каб ты ведала!- пакрыўдзіўся Ханьці-Данці.- Ты, не маеш аніякай рацыі! Таму што, нават, калі я перакулюся на зямлю... а гэта наўрацці... але, калі ўявіць неверагоднае...- з гэтымі словамі, ён ганарыста надзьмуўся, і Аліса ледзь стрымала смех.- Дык вось, калі я нават і звалюся адсюль,- працягваў Ханьці,- Сам Кароль...уяўляеш, Кароль!.. сваімі ўласнымі вуснамі абяцаў даслаць мне на дапамогу ўсіх сваіх падданых, каго... каго...

- ... Каго пехам, а каго на кані,- не ўстрымалася Аліса, што з яе боку, было надта неразумным крокам.

- А Мамка ж мая!- ускрыкнуў Ханьці-Данці, адначасова здзівіўшыся і раз’юшыўшыся.- Ты падслухоўвала... за дзвярыма... не, стаяла за дрэвам.... схаваўшыся ў каміннай трубе... Як ты здагадалася?!