- І толькі адзін, каб атрымаць падарунак на Дзень нараджэння. Вось табе і хвала!
- Не разумею, пры чым тут “хвала”,- разгубілася Аліса.
- Вядома, не зразумееш,- хціва ўсмяхнуўся Ханьці-Данці,- пакуль я не растлумачу. Я меў на ўвазе: “Самы добры аргумент у спрэчцы”!
- Але ж “хвала” не значыць “самы добры аргумент у спрэчцы”,- не згадзілася дзяўчынка.
- Калі я карыстаюся якімсьці словам,- пагардліва сказаў той,- яно значыць тое, што я хачу, каб яно значыла... не больш, не менш!
- Дзіва нейкае,- сказала Аліса,- няўжо можна прымусіць словы мець зусім іншы сэнс.
- Зразумела ж,- пачуўся адказ,- але, каб гэтак рабіць, трэба быць сапраўдным майстрам слова.
Аліса была настолькі збянтэжана гэтай заявай, што колькі часу не ведала што й казаць, таму праз хвіліну-другую размову пачаў сам Ханьці-Данці.
- Каб ты ведала словы як я! Некаторыя з іх маюць такі паганы нораў, асабліва дзеясловы, яны самыя ганарлівыя з усіх. Вось с прыметнікамі яшчэ сяк-так, з імі і ты зладзіш, а дзеясловы... А вось Я, магу кіраваць нават колькімі адначасова! НЕДАТЫКАЛЬНАСЦЬ! Гэдак толькі я магу!
- Растлумачце, калі ласка, а што гэта значыць?
- А вось цяперча ты кажаш, як і трэба разумнай дзяўчынцы,- пахваліў Алісу Ханьці, а яго вочы свяціліся ад задавальнення.- Калі я кажу “Недатыкальнасць”, я маю на ўвазе, што гэтую тэму мы ўжо разгледзілі дастаткова, і час пераходзіць да наступнай, паколькі, як я разумею, ты не збіраешся сядзець тут да сівога валосся.
- А ці не здаецца вам, што для аднаго слова гэта занадта?- глыбокадумна заўважыла дзяўчынка.
- Не хвалюйся, мае дзіця, калі слову прыходзіцца працаваць зашмат,- супакоіў яе Ханьці-Данці,- яно заўжды атрымлівае дадатковую плату.
- Ёечку!- толькі і змагла вымавіць Аліса, паколькі чарговы раз была збянтэжана і не магла сказаць штось больш.
- Каб ты бачыла, як яны па чарзе прыходзяць да мяне вечарам у суботу,- працягваў Ханьці-Данці, хістаючы галавою з самым сур’ёзным выглядам,- за сваім заробкам!
(Аліса не рызыкнула спытацца, колькі ён плаціць словам, таму і я нічога не магу паведаміць на гэты конт.)
- Калі вы гэдак добра ведаеце словы, Сэр,- спыталася дзяўчынка.- Ці ж не маглі бы Вы, растлумачыць мне паэму “Жаблацмокія”?
- Напомні аб чым там, а лепш прачытай,- сказаў Ханьці-Данці.- Я магу растлумачыць усе паэмы якія толькі існуюць... і шмат якія з тых, што яшчэ нават не напісаны.
Гэта гучала шматабяцальна, таму Аліса прыняла свой ўлюбёны артыстычны выгляд і пачала:
“Ў час верчавання, крыпезу
Свюлiлi склiбкiя таўкi.
Ды шкробныя, як баргузы,
Смыхчалi мамсюкi.”
- Пакуль годзе,- супыніў яе Ханьці-Данці.- Цяжкіх слоў тут і так вышэй даху. Але пачнем “Час верчавання” - гэта а чацьвёртай дня - Час гатавання вячэры.
- Вой, як цікава,- прамовіла Аліса.- а “Склібкія”?
- “Склібкія” - гэта “Гібкія і Склізкія”, а “Гібкія” - тое самае, што “Актыўныя”. Гэта як партманэт: адно слова мае два сэнсы.
- Буду ведаць.- глыбокадумна адказала дзяўчынка.- А хто такія “Таўкі”?
- “Таўкі” - гэта такія жывёлы. Яны адначасова падобны да барсука, яшчаркі і штопара.
- Напэўна, гэта даволі цікавыя істоты?
- А то ж,- адказаў Ханьці-Данці,- яны любяць ладзіць свае гнёзды ля сонечных гадзіннікаў, а сілкуюцца сырам.
- А што такое “Свюліць”?
- “Свюліць” - гэта “Свярліць” штосьці і пры гэтым круціцца як тая “Юла”.
- А “Крыпеза” - гэта напэўна газон вакол сонечнага гадзінніка, ці так?- спыталася Аліса, сама здзівіўшыся сваёй вынаходлівасці.
- Зразумела ж, мая ты любая! А крыпезой яго называюць таму, што расце ён, крыху наперад, крыху назад...
- І крыху па-за.- дадала дзяўчынка
- Твая праўда. Далей, “Шкробныя” - гэта “Хрупкія як шкло і да таго ж Убогія” (яшчэ адно слова-партманэт, разумееш?). А “Баргузы” - гэткія вельмі нязграбныя птушкі, ў якіх пер’е тарчыць ва ўсе бакі, гэткія жывыя шчоткі для падлогі.
- А “Мамсюкі”?- спытала Аліса.- Я баюся, што хутка вам абрыдну.
- Што ты? Мне шчасце дапамагаць камусь!- супакоіў яе Ханьці.- “Мамсюкі” - гэта зялёныя парсючкі, якія, я, канечне, не надта ўпэўнены, але здаецца, згубілі дарогу дамоў, то бок заблукалі.
- А “Смыхчаць”?
- “Смыхчанне” - гук, які з’яўляецца адначасова “Мычаннем”, “Свістаннем” с “Чыхам” па сярэдзіне. Ты, напэўна, яго нават чула... там у лесе. Ну, ці задаволена ты, мае дзіцятка? Дзе ты знайшла гэткі складаны верш?