Ніколі ў жыцці яна не бачыла салдат, якія б так блага трымаліся на нагах: яны увесь час куляліся, і як толькі падаў адзін, аб яго спатыкаліся яшчэ колькі. Таму ў лесе сям-там ладзілася куча мала, толькі замест малых, у ёй ўдзельнічалі дарослыя мужчыны.
А за імі следам з’явіліся вершнікі. Іх коні мелі чатыры нагі і былі больш устойлівыя за тых, хто рухаўся пехам, але ж і яны спатыкаліся ад часу і здавалася, што асноўным правілам для вершікаў было, адразу ж перакуліцца з каня на зямлю. З кожай хвілінаю становішча згоршвалася ўсё мацней, таму Аліса ўздыхнула з палёгкай, калі нарэшце выбралася з лесу. Тут яна ўбачыла Белага Караля, які сядзеў на зямлі і штосьці пісаў у сваім блакноце.
- Я адаслаў усіх да шчэнту!- захоплена ўсклікнуў ён, убачыўшы дзяўчынку.- Ты, напэўна сустрэла салдат, мая даражэнькая, калі выходзіла з лесу?
- Так,- адказала яна,- іх там напэўна колькі тысячаў!
- Чатыры тысячы дзвесці сем, калі быць дакладным,- прамовіў Кароль, паглядзеўшы ў свой блакнот.- Я не змог даслаць ўсіх вершнікаў, бо два павінны ўдзельнічаць у гульне. А таксама не дасылаў двух сваіх лістаношаў, паколькі абодва зараз у горадзе. Паглядзі, калі ласка, на дарогу і адкажы, ці ты бачыш там каго?
- Нікога,- адказала Аліса.
- А, каб мне гэткія вочы,- з тугою заўважыў Кароль.- Пабачыць Нікога! На гэткай адлегласці! Пры гэткім асвятленні, я з цяжкасцю бачу і тых, хто паблізу.
Увесь гэты час дзяўчынка стаяла і глядзела на дарогу, прытуліўшы далонь да ілбу.
- А вось зараз я кагосьці бачу!- усклікнула яна.- але ж ён набліжаецца даволі павольна... і неяк дзіўна! (Ён рухаўся скокамі і пры гэтам выкручваўся як той вугор, да таго ж раскінуўшы свае вялізныя рукі, нібы два вееры.)
- Не звяртай увагі!- сказаў Кароль.- Ён жа ж Англа-Саксонскі Лістанош... з усімі іхнымі закідонамі. Асабліва, калі ён зашчаслівы. Яго клічуць Зайча.
- Майго каханага клічуць на літару “З”,- не устрымалася Аліса,- Мне да спадобы, калі ён Зашчаслівы. Мне блага, калі ён Зафанабэрысты. Я частую яго... Зразамі і Зёлкамі. Яго клічуць Зайча, а жыве ён...
- Ён жыве За лесам,- дадаў Кароль, нібы так і трэба, хаця ён не прымаў ўдзелу ў гульне, напэўна ён стаміўся чакаць пакуль дзяўчынка прыпомніць назву якойсь мясцовасці на “З”.- А іншага майго лістаноша клічуць Капялюша. Я маю двух: адзін нясе лісты туды, а іншы адтуль.
- Прабачце,- сказала дзяўчынка.
- Навошта? Ты яшчэ нічога не зрабіла!- заўважыў Белы Кароль.
- Я толькі хацела сказаць, што не зразумела,- патлумачыла яна.- навошта адзін нясе лісты туды, а другі адтуль?
- А што тут не зразумелага,- шпарка адказаў Кароль.- Іх усё роўна два... дзеля адпраўкі лістоў і дзеля іх атрымання. Вось так вось: адзін нясе, другі прыносіць паштоўкі.
У той жа момант аб’явіўся лістанош. Ён настолькі запыхаўся, што не мог вымавіць аніслова, таму толькі шпарка махаў рукамі і крывіў морды перапалоханаму Каралю.
- Ты вельмі спадабаўся гэтай юнай асобе, таму што тваё імя пачынаецца з літары “З”,- сказаў валадар, звяртаючы ўвагу Лістаноша на Алісу, каб адцягнуць яе ад сябе, але выніку гэта не прынесла. Яго англасаксонскія закідоны рабіліся яшчэ больш дзівоснымі з кожным імгненнем, а вочы пашырыліся і дзіка бегалі з боку ў бок.
- Ты палохаеш мяне!- заявіў Кароль.- Мне з цябе моташна... Лепш дай мне зразаў!
Лістанош, вельмі пры гэтам здзівіўшы Алісу, адчыніў сваю паштовую торбу і выцягнуў з яе талерку са зразамі, якая яшчэ дымілася, і падаў яе свайму валадару, які ў імгнененне ўсё пад’еў.
- Дай яшчэ!- запатрабаваў той.
- Засталіся толькі зёлкі,- адказаў Лістанош, заглядваючы ў торбу.
- Ну тады давай зёлкі,- прамармытаў Белы Кароль слабым шэптам.
На вачах у Алісы да яго вярнуліся былыя сілы.
- Лепшы сродак дзеля вяртання сілаў, гэта менавіта зёлкі,- заўважыў Кароль дзяўчынцы, яшчэ працягваючы жаваць.
- Лічу, што ад пырскання на вас вадой,- не згадзілася з ім Аліса,- ці карыстання нюхацельнай соллю, было б больш карысці!
- Я і не казаў, што зёлкі самы карысны сродак,- адказаў той.- я казаў, што ён лепшы!
Тут ужо дзяўчынцы няма было чым запярэчыць.
- Ты бачыў каго, пакуль ішоў?- спытаўся Кароль, бяручы з рук Лістаноша яшчэ зёлак.