Выбрать главу

Паблізу ад іх прашпацыраў Аднарог, засунуўшы рукі ў кішэні.

- Сёння я змагаўся лепш, чым звычайна?- спытаўся ён у Караля, які ўважліва за ім назіраў.

- Усе лепш і лепш,- адказаў той, нервуючыся.- Але ж ты не павінен быў чапаць яго сваім рогам.

- Яму гэта не пашкодзіла,- абыякава заўважыў Аднарог. Раптам яго вочы супыніліся на Алісе. Ён павярнуўся да яе ўсім целам і колькі часу з глыбокай гідлівасцю глядзеў на яе. Нарэшче ён спытаўся.- Хто гэта?

- Дзіцёнак,- шпарка адказаў Зайча, прадстаўляючы яму Алісу і раскінуў рукі ў адным са сваіх англа-саксонскіх закідонаў.- Мы знайшлі яе гадзіну таму. Уяўляеш - жывая, больш чым сапраўдная дзяўчынка.

- А я заўжды лічыў, што яны казачныя пачвары,- заявіў Аднарог.- Кажаш жывая?

- Так, і нават размаўляючая,- ганарова прамовіў Зайча.

Аднарог захоплена глядзеў на дзяўчынку.

- Кажы, дзіцёнак!- сказаў ён

Аліса не устрымалася ад ўсмешкі.

- А я заўжды лічыла, што аднарогі - казачныя пачвары! Я ніколі не бачыла іх жыўцом!

- Прапаную цяпер верыць ў існаванне адно-аднога,- сказаў Аднарог,- Ты – ў мяне, я – ў цябе. Згода?

- Так, як вы пажадаеце,- адказала яна.

- Давай сюды слодыч, старэча,- прамовіў Аднарог, абярнуўшыся да Караля.- Ты ж ведаеш, я не ямо чорнага хлебу.

- Зразумела! Ужо нясуць,- прамармытаў той і падазваў да сябе Зайчу.- Адчыняй торбу!- прашапатаў ён Лістаношу.- Хуценька! Ды не гэтую... Тут акрамя зёлак нічога няма!

Зайча выцягнуў з торбы вялізны пірог і аддаў яго Алісе, а сам тым часам выцягнуў талерку і нож. Дзяўчынцы было цяжка ўявіць, як яны туды памясціліся. Напэўна гэта якісь фокус, вырашыла яна.

Тут да іх далучыўся Леў. Ён выглядаў моцна стомленым і сонным, а яго вочы былі напалову заплюшчаны. Ён ляніва паглядзеў на Алісу і спытаў сваім глыбокім голасам, падобным на бом колакала, хто яна такая..

- Здагадайся!- шпарка усклікнуў Аднарог.- Ты нават не ўяўляеш... Я і сам не зразумеў!

- Ну не ведаю,- адказаў ён, стомлена гледзячы на Алісу і пазіхаючы пасля кожнага слова,- Мо жывёла... мо гародніна... мо мінерал?

- Ані, гэта казачная пачвара!- закрычаў Аднарог, перш чым Аліса паспела штось вымавіць.

- Раздай нам пірага, Пачвара,- прамовіў Леў, кладучы галаву на лапы.- А вы сядайце,- звярнуся ён да Караля з Аднарогам,- пакуль істота возіцца з пірагом.

Каралю, пэўна было не надта лагодна сядзець паміж двума пачварамі, але іншага месца не было.

- А якая б зараз магла атрымацца выдатная бойка за карону?!- прамовіў Аднарог, гледзячы на сымвал каралеўскай улады, якая ледзьве трымалася ў таго на галаве, бо Караля ад сполаху прабралі дрыжыкі.

- Я б лёгка цябе перамог,- заўважыў Леў.

- Гэта яшчэ, хто каго,- не згадзіўся Аднарог.

- Я ганяў цябе сёння па ўсім горадзе, як тое кураня,- сувора заўважыў Леў, прыпадымаючыся.

Кароль зараз жа перарваў нанова пачынаючуюся спрэчку. Ад нервавання яго голас дрыжаў.

- Па ўсім горадзе, кажаш,- прамовіў ён.- Гэта ж надта вялікая адлегласць. Вы беглі па Старому Масту, ці праз Кірмаш? З моста такі файны краявід...

- Не памятаю,- гыркнуў Леў і зноў лёг на зямлю.- Там было запыльна, каб штось разгледзіць. Нешта Пачвара доўга возіцца з пірагом!

Аліса сядзела на беразе невялічкага ручая, трымаючы талерку на каленях і старанна рэзала пірог.

- Нічога не разумею,- адказала яна Льву (дзяўчынка ўжо прызвычалася да таго, што ён кліча яе Пачварай).- Я рэзала яго колькі разоў, але ж ён зрастаецца наноў!

- Ты папросту не ўмееш упраўляцца з Люстранымі Пірагамі,- заўважыў Аднарог.- Спачатку трэба раздаць яго, а потым ўжо і рэзаць.

Гэта гучала, як поўная лухта, тым не менш Аліса паднялася і панесла пірог па коле. Як толькі яна гэта зрабіла, пірог адразу ж раздзяліўся на тры кавалкі. Калі яна адышла ад іх, Леў сказаў, што цяпер яна можа яго рэзаць.

- Няветліва!- ускрычаў Аднарог, калі Аліса узяла нож у рукі і азадачана рэзала пустую талерку.- Пачвара дала Льву ўдвая большы кавала, чым мне!

- Але ж яна не ўзяла анікавалка сабе,- заўважыў Леў.- Ці ж ты не любіш пірагі, Пачвара?

Але перш чым дзяўчынка штось адказала, пачуўся грукат барабанаў.

Адкуль даносіўся гук, яна не разумела, здавалася грукатала само паветра. Праз колькі часу Алісе здалося, што яна аглохла. Яна паднялася на ногі і напалохана перапрыгнула праз ручай...

Яна яшчэ бачыла, як Леў з Аднарогам падняліся на ногі, раззлаваныя тым, што перарвалі іх вячэру. Перш чым прызямліцца, яна заціснула вушы, каб супыніць жахлівы грукат, што разносіўся па наваколлі.

- Калі гэта не пагоніць іх з гораду,- казала яна сабе,- яны давеку яго не пакінуць!