Раздзел VIII
Гэта - мая ўласная вынаходка
Праз колькі часу грукат паступова пачаў сціхаць, пакуль не надыйшла мёртвая цішыня. Аліса напалохана падняла галаву. Яна не заўважыла анічога і спачатку вырашыла, што прысніла, і Льва, і Аднарога, і Лістаношаў... Але тут яна заўважыла талерку, на якой быў слодыч і нож.
- Тады ўсё адбылося насамрэч,- вырашыла яна,- калі... калі гэта толькі не працяг сну. І я спадзяюся, што сон мой, а не Чорнага Караля! Мне не да спадобы быць часткай нечага сну,- а потым тужліва прамовіла,- Як жа ж мне хочацца пайсці і разбудзіць яго, каб паглядзець што атрымаецца?
Раптам, яе разважанні перарваў чыйсьці крык:
- Гэй! Супыніся! Шах!- з гэтымі словамі, трымаючы па-над галавою вялізную булаву, на паляну выскачыў Вершнік, апрануты ў бліскуча-чорны панцыр. Калі яго конь дасягнуў Алісы, ён спыніўся, і Вершнік кульнуўся на зямлю з крыкам,- Цяпер ты мая... нявольніца!
Дзяўчынка напалохана адскочыла, хаця спалохалася яна хутчэй за Вершніка, чым за сябе. Таму яна ўважліва сачыла, як той зноў падымаецца вершкі. Уладкаваўшыся, ён пачаў зноў:
- Цяпер ты ма...
- Гэй на кані! Шах!- супыніў яго нечый крык , Аліса здзіўлена азірнулася, каб убачыць новага супраціўніка!
На паляну выскачыў Белы Вершнік. Ён пад’ехаў да дзяўчынцы, спыніўся і кульнуўся з каня, як хвіліну таму Чорны. Потым падняўся вершкі і глянуў на супраціўніка. Нейкі час абодва Вершніка сядзелі на канях і моўчкі глядзелі адно на аднаго, а Аліса здзіўлена назірала за абодвума.
- Каб ты ведаў, яна мая нявольніца!- урэшце вымавіў Чорны.
- Так, але ж я прыскочыў і ўратаваў яе!- адказаў Белы.
- Выдатна! Тады трэба распачаць бойку!- сказаў Чорны Вершнік, апранаючы на галаву шлем, што вісеў з боку сядла і сваім выглядам нагадваў канячую галаву.
- Зразумела, спадзяюся вы ведаеце Правілы Змагання!- адказаў яму супраціўнік, таксама апранаючы шлем.
- Лепш за ўсіх! І да таго заўжды іх саблюдаю,- заявіў Чорны. Яны пачалі лупіць булаву аб булаву так шалёна, што Аліса была вымушаная схавацца за дрэвам, каб па ёй не патрапілі.
- Цікава, а якія ў іх правілы змагання?- падумала яна, калі назірала за Вершнікамі, баязліва выглядаючы са свайго сховішча.- Першае, пэўна: “Калі адзін Вершнік трапляе па другому, яны адодва абавязаны кульнуцца на зямлю. Другое: “Булаву трэба трымаць абедзвюма рукамі, як гэта робяць батлеечныя лялькі”... Які ж грукат стаіць, калі яны куляюцца! Быццам ад колькі камінных прыладаў, якія адначасова кінулі аб жалезныя краты! А якія ж у іх паслухмяныя коні, нібы драўляныя! Вершнікі столькі разоў куляюцца і забіраюцца на іх наноў, што анікожны жывы б вытрымаў!
Яшчэ адным Правілам Змагання, якое Аліса заўважыла, было падаць выключна на галаву і бойка ўрэшце скончылася тым, што абодвы гэткім чынам і зваліліся, кожны ў свой бок. Калі яны падняліся наноў, яны паціснулі адзін аднаму рукі, Чорны Вершнік забраўся на каня і ад’ехаў.
- Гэта была найвыдатнейшая перамога!- заявіў Белы Вершнік, запыхаўшыся падыходзячы да дзяўчынкі.
- Я не ведаю!- сумняваючыся прамовіла тая.- Але ж мне не хацелася быць чыёйсьці нявольніцай. Я хачу быць Каралеваю!
- Будзеш, калі перасячэш апошні ручай,- адказаў Вершнік.- А я буду абараняць цябе на тваім шляху праз лес... а потым я павінен вярнуцца назад. Гэта і ёсць мой ход!
- Вельмі ўдзячная!- сказала Аліса.- Ці не дапамагчы Вам зняць шлем?- Ён быў такі вялізны, што Вершнік сам-насам з ім бы не зладзіў. Толькі разам яны змаглі ўправіцца.
- Цяпер дыхаць будзе значна лягчэй,- прамовіў Вершнік, папраўляючы сваю кудлатую фрэзуру абедзвюма рукамі і гледзячы на Алісу сваімі вялікімі лагоднымі вачыма на ціхім твары. Дзяўчынка вырашыла, што аніколі ў жыцці яна не бачыла гэтак дзівосна выглядаючага ваяра.
Ён быў апрануты ў панцыр з волава, які, яўна не падыходзіў яму па памеру, а на спіне на лямцы поперак пляча вісела невялічкая дзіўная скрынка адчыненай крышкай уніз. Аліса зацікаўлена паглядзела на яе.
- Я бачу, табе спадабаўся мой заплечнік,- сяброўскім тонам прамовіў Вершнік. Гэта - мая уласная вынаходка... Я трымаю ў ім маю вопратку і бутэрброды. Ты бачыш, я нясу яго ўгору дном, гэта дзеля таго, каб тое што ў ёй ляжыць не замачыў дождж.
- Але ж ўсё можа выпасці,- далікатна заўважыла дзяўчо.- Вы ведаеце, што яна адчыненая?
- Ані! Не ведаў!- сказаў Вершнік, на яго твары з’явіўся цень прыкрасці.- Тады ўсё павыпадала! А якая карысць ад пустога заплечніка?- здымаючы скрынку сказаў ён. Спачатку ён збіраўся кінуць яе ў кусты, але раптоўна ў яго галаву прыйшла цікавая думка, і ён далікатна павесіў яе на бліжэйшую галінку. Потым спытаў у Алісы: - А ці ўяўляеш навошта?