Выбрать главу

Яна захістала галавой.

- Я спадзяюся, што яна спадабаецца пчолам і тады ў мяне будзе ўласны мёд!

- Але ж у вас ужо ёсць адзін вулей... ці штосьці вельмі яго нагадваючае... вунь, да сядла прывязаны.

- Так, гэта самы выдатны вулей,- тужліва адказаў Вершнік,- Лепшы ўва ўсім свеце. Але ж аніводная пчала ў яго пакуль не залятала. А яшчэ я маю мышалоўку. Мне здаецца, што мышы пужаюць пчол... ці пчолы мышэй... Я забыўся.

- А я думала, нашто вам мышалоўка? - заўважыла Аліса.- Ніколі не чула аб тым, што мышы могуць жыць на канячай спіне.

- Але магчыма ўсё,- прамовіў той,- і калі гэтак здарыцца, мне б не хацелася, каб яны тут жылі.Ведаеш,- прамовіў ён, крыху памаўчаўшы,- трэба быць гатовым да ўсяго. Ведаеш, чаму мой конь носіць бранзалеты на нагах?

- Ані! Навошта?- разгублена спыталася дзяўчо.

- Каб яго не пакусалі акулы,- адказаў Вершнік.- Гэта - мая ўласная вынаходка. А цяпер дапамажы мне забрацца вершкі. Я буду праводзіць цябе да выхаду з лесу... А што гэта ў цябе за талерка?

- Тут колісь быў пірог,- паведаміла Аліса.

- Мы павінны ўзяць яе з сабой,- заявіў Вершнік.- Раптам на шляху нам патрапіцца якісьці пірог. Дапамажы мне пакласці яе ў торбу.

Гэта заняла ў іх колькі часу. Нягледзячы на тое, што Аліса дастаткова шырока раскрыла торбу, Вершнік быў жахлівым нязграбай і першыя два ці тры разы падаў у торбу сам.

- Канечне, ёй там будзе крыху зацеснавата,- сказаў ён, калі талерка нарэшце патрапіла ў торбу. - У маёй торбе зашмат падсвечнікаў,- з гэтымі словамі Вершнік падвесіў торбу да сядла, разам з мехам морквы, каміннымі шчыпцамі і шмат яшчэ чым. Пасля зноў звярнуўся да Алісы,- Спадзяюся твае валасы добра прышпіленыя да галавы?

- Як і ў астатніх,- усміхнуўшыся адказала яна.

- Гэтага наўрацці будзе дастакова,- палохаючы заўважыў Вершнік.- Ты нават не ўяўляеш наколькі тут мацнюшчы вецер. Раз... і ты ўжо лысая.

- А чаму ў вас няма вынаходкі, каб стрымаць здуванне валасоў?- спыталася дзяўчынка.

- Я пакуль над гэтым разважаю,- адказаў той,- Але, калі жадаеш, магу расказаць, як стрымаць іх выпаданне.

- Так, я вельмі радая буду паслухаць!

- Спачатку трэба ўзяць вертыкальна стаячую палку,- пачаў Вершнік,- і прымусіць сваё валоссе заплясціся на яе, як той плюшч. Усё, уніз валасы больш не ўпадуць... А ўверх, увогуле, анічога не падае. Гэта - мая ўласная вынаходка. Калі ёсць жаданне, можаш паспрабаваць.

Аліса чамусьці вырашыла, што гэта не самы лепшы план. На працягу пяці хвілінаў яна ішла ў цішыні, дзіўлячыся з гэтай ідэі, час ад часу спыняючыся, каб дапамагчы нязграбе конніку, які быў самым няўдалым ездаком з усіх, каго яна бачыла.

Штораз, калі конь спыняўся (а рабіў ён гэта рэгулярна), Вершнік куляўся праз галаву; а калі зноў пачынаў ісці (як заўжды нечакана), куляўся назад. У астатні час рыцар трымаўся ў сядле, хаця меў звычку спаўзаць ці ў той, ці ў іншы бок. Спаўзаў ён звычайна туды, дзе шла дзяўчынка, таму яна хутка зразумела, што лепш ісці ад каня, як мага далей.

- Вы пэўна, не надта шмат практыкуецеся ў язде вершкі?- рызыкнула спытаць дзяўчынка, дапамагаючы яму падняцца пасля чарговага - пятага падзення.

Белы Вершнік паглядзеў на яе з моцным здзіўленнем, напалам з абразаю.

- А чаму ты гэдак вырашыла?- спытаў ён, узбірабчыся на каня, адной рукой трымаючы Алісу за валасы, каб ўратаваць сябе ад падзення ў супрацлеглы бок.

- Мне здаецца, калі б у Вас было крышачку больш практыкі, Вы б не куляліся так часта.

- Я маю шмат практыкі,- сур’ёзна заявіў Вершнік,- я, можна сказаць, нават сплю на кані.

-Ды няўжо ж?- не вытрымаўшы прамовіла Аліса, але зрабіла гэта настолькі лагодна, наколькі змагла. Пасля колькі часу, яна рухаліся моўчкі. Вершнік заплюшчыў вочы і мармытаў штосьці сам сабе, а дзяўчынка напалохана чакала чарговага куляння.

- Вялікае мастацтва Язды Вершкі,- раптоўна прамовіў громкім голасам Вершнік, махаючы пры гэтым правай рукой,- у тым каб пра...- Вершнік скончыў так нечакана, як і пачаў, бо зваліўся галавой туды, дзе толькі што прайшла Аліса. Як жа гэта яе напалохала!

- Спадзяюся, Вы нічога сабе не зламалі?- непакоячыся спытала яна, дапамагаючы Вершніку падняцца

- Ані, сур’ёзных пашкоджанняў няма,- адказаў ён, быццам быў не супраць паламаць костку-другую.- Як я ўжо казаў: “Вялікае мастацтва Язды Вершкі, у тым каб правільна... правільна трымаць раўнавагу”. Неяк так.

Ён адпусціў паводдзі, раскінуў рукі, каб паказаць Алісе, свае магчымасці і адразу ж кульнуўся спіной, пад ногі свайго каня.