Аліса быццам не чула яго, яна задуменна разважала аб дзівосным пудзінгу.
- Ты зажурылася,- занепакоена прамовіў рыцар,- хочаш, я праспяваю песеньку, каб ты хаця б крыху развесялілася?
- А яна доўгая?- спытала Аліса, якая пачула ўжо шмат вершаў гэтым днём.
- Натуральна,- адказаў Вершнік,- і вельмі, вельмі прыгожая. Калі я спяваю яе... з вачэй у слухачоў пачынаюць ліцца слёзы, ці...
- Ці што?- спытала дзяўчынка, бо той нечакана замаўчаў
- Ці не пачынаюць. Яе імя - “Трасковыя Вочы”
- Вы пэўна хацелі сказаць назва?- здзіўлена спытала Аліса.
- Ані,- крыху раздражнёна адказаў той.- Гэта яе імя. А назва яе: “Старэнечкі дзядок”
- То бок вы хочаце сказаць, што яна мае гэтую назву,- паправіла сябе Аліса.
- Ты ізноў памыляешся! Яна мае назву “Шляхі і Сродкі”, вось так вось.
- Добра, так што гэта за песня?- канчаткова здзівіўшыся, спытала Аліса.
- Я толькі хацеў аб гэтым сказаць,- прамовіў Вершнік.- Гэта песня “Той, што сядзіць на веснічках”, яе музыка - мая ўласная вынаходка.
Прамовіўшы гэта, ён спыніў каня, кінуў вузду і пачаў павольна адбіваць такт адной рукой. Слабая ўсмешка асвяціла яго далікатны глупы твар, нібы сама музыка прыносіла яму асалоду.
З усіх дзівосаў, што Аліса ўбачыла Па-За Люстэркам, гэта найбольш яскрава засталася ў яе памяці. Нават гады апасля, гэтая сцэна стаяла перад яе вачыма, быццам адбылася толькі ўчора. Лагодныя блакітныя вочы і ўсмешка Вершніка, сонца, граючае ў ягоных валасах і бляск яго панцыра, які асляпляў дзяўчынку. Вольна рухаецца конь з вуздой, якая свабодна звісае з шыі, конь скубе траву ля яе ног, чорны цень лесу за спіной... Усё гэта, здавалася, назаўжды засталося ў яе галаве, як памяць аб прыгожай карціне ў музэі. Дзяўчынка прытулілася да дрэва, назіраючы за канём і ягоным ездаком і слухала, напалову задрамаўшы, пад меланхалічную мелодыю.
- Але ж музыка аніяго вынаходка,- казала яна сабе,- гэта ж “Аддаў вам ўсё, што толькі меў”. Аліса стаяла і ўважліва слухала, але слёзы з яе вочак не ліліся.