- Я пра гэта ж,- адказала Чорная Каралева.- У цябе анічога б не атрымалася, як бы моцна ты гэтага не жадала.
- Яна зараз у гэткім настроі,- дадала Белая,- што здольна адмаўляцца, як заўгодна... толькі не ведае ад чаго!
- Які брыдотны і благі характар,- заўважыла Чорная. На хвіліну-другую павісла няўтульная цішыня. Яе парушыла Чорная Каралева, звярнуўшыся да Белай,- Запрашаю, Вашую Вялікасць на імпрэзу ў гонар каранацыі Алісы!
- А я запрашаю, Вашую Вялікасць,- лёгка усміхнуўшыся адказала Белая.
- Прабачце, першы раз чую пра тое, што ладжу імпрэзу ў свой гонар,- прамовіла Аліса,- але, калі яна ўсё ж такі ладзіцца, мне здаецца, што гасцей павінна запрашаць я сама.
- Мы далі табе час, каб ты гэта зрабіла,- заўважыла Чорная Каралева,- але, ты напэўна прагульвала заняткі па добрых манерах.
- Манерам не вучаць на занятках,- адказала Аліса.- На іх вучаць чытаць, пісаць, лічыць і падобным рэчам.
- Ну, паглядзім, як ты навучылася лічыць,- прапанавала Белая Каралева. Колькі будзе адзін да адзін да адзін да адзін да адзін да адзін да адзін да адзін да адзін да адзін?
- Вой, не ведаю,- сказала Аліса.- я збілася з ліку.
- Складаць, не ўмее,- перарвала размову Чорная.- А як у цябе з адыманнем? Колькі будзе восем мінус дзевяць?
- Не магу,- шпарка адказала Аліса,- але ж...
- Адымаць, таксама,- сказала Белая.- А як з дзяленнем? Падзялі булку на нож!
- Я думаю...- пачала дзяўчынка, але Чорная Каралева адказала за яе
- Зразумела ж бутэрброды,- прамовіла яна.- Паспрабуем яшчэ задачу з адыманнем. Адымі костку ў сабакі, што застанецца?
- Ну, не костка дакладна,- паразважаўшы адказала Аліса,- а што застанецца: злы ды галодны сабака, які, хутчэй за усё, пабяжыць за мной, каб мяне кусіць, таму я таксама я не застануся.
- Карацей, ты лічыш, што не застанеца анічога,- прамовіла Чорная Каралева.
- Так, лічу што так!
- І як заўжды адказ не верны,- заўважыла Каралева,- застанецца сабакава самавалоданне!
- Не разумею, вас!
- Гэта ж зусім проста,- ускрыкнула Каралева.- сабака ж пабяжыць за табой, згубіўшы самавалоданне, ці не так?
- Магчыма,- асцярожна адказала дзяўчынка.
- То бок, калі сабака пабяжыць, згубіўшы яго, самавалоданне застанецца на месцы!- Каралева трыўмфавала.
- Яно таксама можа куды небуць збегчы,- самым сур’ёзным чынам сказала Аліса, пра сябе падумаўшы,- Гэтая размова - лухцень на лухцені.
- Аніякага разумення ў ЛІКУ,- разам адказалі Каралевы, зрабіўшы націск на апошнім слове.
- А хіба ў вас яно ёсць?- нечакана акрысілася Аліса ў бок Белай Каралевы, бо вельмі не любіла, калі ёй гэткім чынам ўказвалі на памылкі.
- Складаць я канечне магу,- задыхаючыся і заплюшчыўшы вочы прамовіла тая,- калі ёсць шмат часу... але ж толькі не адняць, ніколі ў жыцці!
- Спадзяюся, хаця б Абэцэду ты ведаеш?- спыталася Чорная Каралева.
- Зразумела ж,- адказала Аліса.
- Аёечку, я таксама,- прашапатала Белая,- будзем паўтараць яе разам. Больш таго, адкрыю табе страшэнную таямніцу... Я нават умею чытаць словы з адной літары! Ці ж не выдатна гэта?! Але не хвалюйся. У свой час ты і сама гэтаму навучышся.
- Паглядзім, як у цябе з ведамі аб Хатняй Гаспадарцы,- праз колькі часу спыталася Чорная.- Ці ведаеш ты, з чаго трэба рабіць хлеб?
- Зразумела, ведаю,- шпарка ўскрыкнула дзяўчынка.- Спачатку бярэцца мука...
- Бярэшся за быка?- спытала Белая Каралева.- Хіба ж ты не ведаеш, што гэта вельмі небяспечна?
- Не быка, а муку, яе робяць з пшаніцы,- патлумачыла Аліса,- а пшаніца расце на зямлі...
- Для гэтага трэба зямля? Колькі сотак?- сказала Белая Каралева.- Не забывайся, трэба улічваць усе ўмовы.
- Памашы на яе,- напалохана перарвала размову Чорная.- Яна так шмат думала, што ў яе можа падскочыць тэмпература!
Каралевы зараз жа прыняліся абмахваць дзяўчо галінкамі, пакуль Аліса не папрасіла іх кінуць, ці яны ўшчэнт растрэплюць яе валасы.
- Думаю, цяпер з ёй ужо ўсё добра,- прамовіла Чорная Каралева.- Як у цябе з замежнымі мовамі, мае дзіця? Перакладзі на французкую мову: “Люлі-лялі-лей”
- Няма такіх слоў у ангельскай мове,- сур’ёзна адказала дзяўчынка.
- А хіба трэба, каб былі?- спытала Каралева.
- Калі вы,- папыталася знайсці выйсце з гэткага цяжкога становішча Аліса.- перакладзеце “Люлі-лялі-лей” на ангельскую мову, я са здавальненнем зраблю пераклад на французкую!- трыўмфуючы скончыла яна.
- Каралевы не йдуць на падобныя пагадненні,- яўна пакрыўдзіўшыся заявіла Чорная.
- Лепей бы яны не задавалі дурных пытанняў,- падумала Аліса.
- Кідайце ўжо спрачацца,- занепакоена сказала Белая.- З чаго атрымліваецца маланка?