- Маланка,- рашуча адказала Аліса, упэўненная ў сваім адказе,- з грымотаў... ці не,- шпарка паправіла яна сябе.- Я мела на ўвазе, што гэта грымоты робяцца з маланкі.
- Папраўляцца запозна,- прамовіла Чорная,- што было сказана аднойчы, было сказана назаўжды і ты павінна памятаць аб гэтым, бо тут тоіцца моцная небяспека!
- Вой, я адразу ж прыпомніла,- падняўшы вочы долу і нервова выкручваючы рукі прамовіла Белая Каралева,- якія жахлівыя грымоты былі ў мінулы аўторак... дакладней у мінулыя аўторкі!
- А ў нас,- здзіўлена заўважыла Аліса,- больш за аднаго аўторка разам не бывае.
- Як убога,- прамовіла Чорная.- У нас звычайна па два-тры аўторкі (і іншых дзён тыдня) адначасова, а ў зімку ў нас бывае адначасова пяць начэй... так цяплей.
- Толькі таму, што пяць начэй цяплей за адну?- рызыкнула спытацца дзяўчынка.
- Зразумела ж!
- Але яны адпаведна і халадней упяцёра разоў...
- Натуральна!- ускрыкнула Каралева.- Упяцёра цяплей ды ўпяцёра халадней... А я ўпяцёра багацей ды разумней за цябе!
- Гэта падобна да загадкі без адказу!- вырашыла Аліса, цяжка ўздыхнуўшы і вырашыўшы кінуўць далейшую спрэчку.
- Ханьці-Данці таксама гэтак ліцыць,- ціхусенька прамовіла Белая Каралева, быццам звярталася сама да сябе.- Аднойчы ён прыйшоў да нас са штопарам у руках...
- І чаго хацеў?- спытала Чорная.
- Ён крыкнуў гэта, калі грукатаў у дзверы,- адказала Белая,- Казаў, што яму трэба гіпапатама. Але ж нічога падобнага ў нас тым ранкам не было.
- А што калі-некалі бывае?- здзівіўшыся спытала Аліса.
- Толькі ў чацвяргі,- прамовіла Каралева.
- А я ведаю, навошта ён прыходзіў,- заўважыла Аліса,- ён хацеў пакараць рыб, бо...
- А якія ж былі грымоты,- зноў пачала енчыць Белая Каралева,- уявіць немагчыма (“У яе ўсё жыццё гэта не атрымліваецца,”- заўважыла Чорная.),- Палову даху адарвала і грымоты рынуліся ў хату... пакаціліся па ўсіх пакоях вялізнымі камлыгамі... перакульваючы сталы, крэслы, іншую мэблю, а я настолькі спужалася, што не магла прыпомніць свае ўласнае імя!
- Калі са мной здараюцца, нейкія недарэчнасці,- падумала Аліса,- Я, нават, не пытаюся яго прыпомніць! Навошта?- але ўголас нічога не сказала, каб не абразіць адчуванні Каралевы.
- Вашая Вялікасць павінна прабачыць яе,- звярнулася Чорная Каралева да Алісы, паглажваючы руку Белай,- яна добрае стварэнне, але, як і звычайна, не можа стрымацца ад таго, каб не сказаць якоесь глупства.
Белая Каралева пакорліва паглядзела на Алісу, якая адчувала, што ёй трэба штось сказаць, але нічога не прыходзіла ёй у галаву.
- Яна не мае аніякага выхавання,- працягвала Чорная,- але ў яе заўжды быў добры нораў! Прылашчы яе і ўбачыш, як ёй гэта будзе да спадобы.- Але ў Алісы не хапіла смеласці гэта зрабіць, тым часам Каралева працягвала,- Крышачку дабрыні... папільёткі ў валасы... зробяць яе сапраўды цудоўнай...
- Я спаць хачу,- глыбока пазяхнуўшы і паклаўшы сваю галаву на Алісіна плячо, уз’енчыла тая.
- Нябога, вельмі стамілася,- сказала Чорная Каралева.- Паглаць яе па галаве... дай свой начны каптурок... і праспявай калыханачку.
- Але ж я не нашу з сабой начны каптур,- прамовіла дзяўчынка, пытаючыся выканаць першае настаўленне Каралевы,- і не ведаю аніводнай калыханкі.
- Тады я сама гэта зраблю,- прамовіла Чорная Каралева і пачала спяваць:
- Ці ты запомніла словы?- спытала яна, кладучы галаву на другое Алісіна плячо.- тады праспявай мне. Штосьці мне таксама спаць захацелася,- і праз імгненне абедзве Каралевы спалі, магутна пахрапваючы.
- І што мне цяпер рабіць?- прастагнала Аліса, здзіўлена гледзячы навокал. Тут спачатку адна галава, а потым другая скаціліся з яе плячэй і ляглі цяжкімі камлыгамі на калені.- Гэткага не здаралася спрадвеку, ніколі і ніхто не сцярог сон адразу двух каралеў! Ва ўсялякім выпадку ў Гісторыі Англіі дакладна, таму што ў нас аніколі не было больш за адну каралеву запар. Гэй, прачніцеся, мне цяжка вас трымаць,- нецярпліва звярнулася яна да Каралеў, але адказам ёй быў толькі ціхія храпы.
З цягам часу храпы пачалі штохвіліны мяняцца і ўрэшце рэшт больш нагадвалі ігру музычных інструментаў, а праз хвіліну другую, да музыкі далучыліся словы, якія хутка было мажліва разабраць. Аліса гэтак заслухалася, што, аніадразу заўважыла, як з яе каленяў зніклі дзве цяжкія галавы.
Яна апынулася перад шыкоўнай брамай, па-над якой вялізнымі літарамі было напісана “КАРАЛЕВА АЛІСА”. З абодвух бакоў ад брамы меліся званочкі, ля аднаго было напісана “Званок для Наведавальнікаў”, а на другім “Званок для Лёкаеў”.