Выбрать главу

- Пачакаю, пакуль яны скончаць сваю песню,- вырашыла Аліса,- а ўжо потым буду званіць... але ў які званочак?- яна стаяла ў вялікай разгубленасці,- Я не наведавальнік і аніяк не лёкай. Тут павінен быць “Званок для Каралевы”.

- Раней за наступны тыдзень прыёму не будзе!- паведаміла, крышачку раскрыўшы дзверы і шпарка паглядзеўшы на Алісу, нейкая істота з доўгаю дзюбаю і зноўку зачыніла дзверы з вялізным грукам.

Аліса даволі працяглы час дарэмна стукала і званіла ў дзверы, пакуль нарэшце нейкая старая Жабка, апранутая ў яскрава-жоўтую вопрадку і вялізныя чаравікі, што сядзела ля дрэва, храмаючы не падыйшла да яе.

- Ну чаго здарылася?- спыталася яна хрыплым шэптам.

Аліса павярнулася на яе голас, гатовая раззлавацца на каго заўгодна.

- Дзе валэндаецца служка, які павінен адчыняць дзверы!- разлютавана прамовіла яна.

- Якія дзверы?- спытаў ён.

- Зразумела ж гэтыя!- ледзве не пачала тупаць нагамі Аліса, радражнённая павольнасцю жабкінай гаворкі.

На працягу хвіліны Жабка глядзела на дзверы сваімі вялізнымі сумнымі вачыма, потым падыйшла бліжэй і пашкрабала іх вялікім пальцам, быццам правяраючы, ці не адарвецца фарба, а потым зноў паглядзела на Алісу.

- Дзверы, як дзверы,- прамовіла Жабка.- І чаго табе ад іх трэба?- апошнія словы яна прамовіла настолькі хрыпла, што Аліса ледзь разабрала словы.

- Не зразумела, што вы маеце на ўвазе,- прамовіла яна.

- Хіба ж я не па-ангельску кажу?- заявіла Жабка.- Ці ты глухая? Чаго табе ад іх трэба?

- Нічога,- нецярпліва адказала дзяўчынка,- Я біла па іх, каб...

- Не трэба гэтага рабіць... аніколі ў жыцці не трэба гэтага рабіць...- прамармытала Жабка.- Ім гэта не падабаецца,- яна зноў падыйшла бліжэй і са ўсяе моцы стукнула па дзвярах сваім вялізным чаравіком.- Як ты з імі,- цяжка дыхаючы прамовіла яна, храмаючы да свайго месца пад дрэвам,- гэтак і яны з табой.

У наступнае імгненне дзверы шырока распахнуліся і пачуўся нечы пранізлівы голас, які спяваў:

“Прамаўляла Аліса: - Люстэрны Сусвет, Запрашаю я вас да мяне на банкет! Усе падданыя бачаць карону маю І сягоння з Трыма Каралевамі пьюць!” А хор з соцень галасоў падхапіў прыпеў: “Напаўняйце жа куфлі усе навакол, Канцылярскія кнопкі кладзіце на стол, Кінце мыш у гарбату, у каву катоў І Вітайце Алісу тры на трыццаць разоў!”

Аліса спачатку крышачку была засаромленая з таго гвалту, які паднялі прысутныя, а сама між тым разважала: “Тры на трыццаць, будзе дзевяноста. Цікава, а ці вядзе хтось падлік?” Хвіліну-другую доўжылася цішыня, пасля чаго той самы спявак з пранізлівым голасам пачаў другі куплет:

“Прамаўляла Аліса: - Хадзіце хутчэй, Бо ці меў хтось у Свеце такі прывілей - Блізка бачыць мяне, любасць - слухаць мяне, Гонар - піць у прысутнасці Трох Каралеў?” Следам зноўку адчуўся хор: “Мы друкарскую фарбу ў куфлі нальем, Каб смачней нам было з імпэтам кладзем Мы бавоўну ў віно і Алісу ізноў Дзевяноста на дзевяць вітаем разоў!”

- Дзевяноста на дзевяць?- у адчаі прамовіла Аліса.- Вой, гэта я ніколі ў жыцці не падлічу! Лепш адразу ўвайду...- і дачакаўшыся моманту, калі ўсё зноў на хвіліну сціхне, зрабіла крок наперад.

Яна напалохана аглядзела тых, хто сядзеў за сталом, які стаяў у цэнтры залі. Аліса налічыла прыблізна пяцьдзесят гасцёў, сярод якіх былі жывёлы, птушкі і нават колькі кветак.

- Добра, што яны заявіліся сюды самі,- падумала яна,- Я б ніколі ў жыцці не здагадалася, каго я жадаю пабачыць на банкеце.

На чале стала, дзяўчынка ўбачыла тры шыкоўныя крэслы. На двух з іх ужо сядзелі Чорная і Белая Каралевы, а крэсла, што стаяла пасярэдзіне было пустым. Аліса прайшла праз залю і ўселася на пустое крэсла, адчуваючы сябе не надта лагодна ў гэтай мёртвай цішыні і вельмі жадала, каб хоць хтосьці пачаў размаўляць.

- Ты спазнілася, суп і рыбу мы з’елі без цябе,- нарэшце прамовіла Чорная Каралева.- Прынясіце мясное!- прыказала яна. У той жа момант аб’явіліся афіцыянты, якія паставілі перад Алісай ягнячую нагу. Дзяўчынка напалохана глядзела на страву, бо дагэтуль ніколі сама не рэзала мяса. Гэта заўважыла Каралева,- Ты саромішся, тады я вас пазнаёмлю,- сказала яна.- Аліса - гэта Мяса; Мяса - гэта Аліса.