Выбрать главу

- Між іншым, Кіці, калі ты ўсамрэч была са мной у маім сне, больш за ўсё табе там напэўна спадабалася паэзія... Я паслухала столькі разнастайных вершаў і ўсё аб рыбах! А заўтра ранкам ты атрымаеш сапраўднае задавальненне. Калі ты будзеш снедаць, я буду чытаць табе “Маржа і Цесляра”. А ты, мая даражэнькая, павінна зрабіць выгляд, што еш вустрыц!

- А зараз, Кіці трэба разабрацца, чый гэта ўсё ж такі быў сон. Гэта вельмі сур’ёзнае пытанне, таму кінь лізаць лапу... быццам Дзіна не вымыла цябе сёння з ранку! Гэта альбо мой сон, альбо Чорнага Караля. Канечне, ён быў часткай майго сну... Але ж я таксама яму снілася! Няўжо гэта ўсё-такі сніў ён? Каму ж гэта ведаць, мая ты даражэнькая, як не табе, ты ж была яго жонкай... Вох, Кіці, дапамажы мне знайсці адказ! Упэўненая, што твая лапа можа й пачакаць!

Але ж замест адказу кацяня занялося другой лапай, нібы не пачула пытання.

А ты як думаеш, мой дружа?

_________________________________________________________________

Апоўдзень, спёка, летні дзень, Ляціць чаўнок па хвалях. І хай ужо стаміўся я, Суполка шумная мая Аповесці жадае.
Прайшло то лета назаўжды, Лістота залатая Эфектнай коўдраю сваёй Зямлю пазасцілае. Эфіры зноўку нас нясуць На сустрач з мрояй. Цудакут Спадканне прызначае.
Лісты дзіця гартае, ды Ізноў струмені слоў Да Цудакута паняслі. Эмоцыі з усёй Зямлі Лунаюць між радкоў.