Выбрать главу

- Я... Я нават няведаю, што казаць,- нерашуча адказала Аліса.

- Ты, напрыклад, магла б прамовіць: “Я вельмі ўдзячная вам, за вашыя настаўленні!”... уявім, што ты гэдак і сказала... На Сёмай клетцы - лес... але адзін з Вершнікаў будзе клапаціцца пра цябе... А на Восьмай, мы адсвяткуем тваю Каранацыю і зладзім шыкоўны баль.

Аліса паднялася, зрабіла рэверанс і зноў прысела.

Ля наступнага арыентыра Чорная Каралева зноў звярнулася да дзяўчынкі:

- Калі не ведаеш, што казаць, кажы французкаю... назірай за тым, як ходзіш... і не забывайся, хто ты ёсць!

Не дачакаўшыся, калі Аліса зробіць чарговы рэверанс, яна хутка падыйшла да наступнага слупка, на імгненне павярнулася, каб развітацца і знікла.

Аліса не зразумела, як ў яе гэта атрымалася, але калі апынулася ля апошняга арыентыру, ад Каралевы нават і сляда не засталося. Ці то яна растала ў паветры, ці папросту хутка знікла ў бліжэйшым лесе (“Што, што, а бегае яна хутка!”- падумала дзяўчо), невядома як, але Каралева адыйшла. Тут Аліса прыгадала, што цяпер яна Пешка і ёй трэба рабіць ход.

Раздзел III

Насякомыя З-за Люстэрка

Зразумела, перш чым пачаць вандроўку, Аліса вырашыла зрабіць ўсебаковы агляд краіны.

- Першапачаткова,- падумала яна, устаўшы на пальчыкі, каб бачыць, як мага далей,- трэба разабрацца з Геаграфіяй Краіны: Галоўныя рэкі - адсутнічаюць. Галоўныя горы – адзіная, і я на ёй стаю, але не думаю, што яна мае якуюсь назву. Галоўныя гарады -... о, што там за істоты ляцяць роем? Ніколі не бачыла пчол такога вялікага памеру.

Колькі часу дзяўчынка стаяла моўчкі, назіраючы за дзівоснымі насякомымі, што мітусіліся па-над кветкамі, збіраючы з іх мёд. Гэта былі не пчолы, а... сланы. Ад падобнай вынаходкі ў Алісы на якісьці час перахапіла дыханне.

- Пэўна і кветкі павінны быць велізарнымі,- прыйшло ёй ў галаву,- сапраўдныя дамы на сцяблінках, уяўляю колькі ў іх можа быць мёду! Мабыць падыйсці бліжэй і... не, лепш не трэба,- стрымалася Аліса, ужо гатовая збегчы з узгорка і паспрабавала знайсці апраўданне сваёй раптоўнай баязлівасці.- Каб ад іх адмахвацца, трэба знайсці галінку памерам з дрэва... Як будзе смешна, калі ў мяне будуць пытацца аб маёй вандроўцы. Скажу: “Ну, з большага было дастаткова добра,- (Аліса, крыху хіснула галавою ў бок, гэта быў яе улюбёны жэст),- толькі вельмі пыльна і спякотна, а яшчэ гэтыя сланы лятаючыя па-над самым вухам!”

- Як-небудзь ў наступны раз,- крыху пачакаўшы сказала дзяўчынка,- сланы ад мяне нікуды не збягуць. Тым больш, мне трэба рабіць першы ход!

Супакоіўшы гэдак сваю дапытлівасць, Аліса спусцілася з узгорку і пераскочыла першы з пяці невялічкіх ручаёў.

- Рыхтуйце вашыя квіткі,- аб’явіў Кантралёр, сунуўшы галаву ў акенца. Праз імгненне, усі, як адзін, прадэманстравалі свае квіткі, памерам з добрага чалавека, і здавалася, запоўніўшы імі ўвесь вагон.

- Так! А дзе твой квіток, дзіця?- спытаў Кантралёр, гледзячы на спалоханую Алісу, а пасажыры вагону разам (“Як той хор!”- вырашыла Аліса) прамовілі:

- Не прымушай яго чакаць, дзіця! Ці ты ведаеш, што яго час каштуе - тысяча фунтаў за кожную хвіліну?!

-Я шчыра прашу прабачэння, але ў мяне няма квітка,- баязліва прамовіла Аліса,- Там, дзе я села, не было касы.

- Дзеля касы не было месца,- адказаў Хор Пасажыраў.- Ці ты ведаеш, што зямля там каштуе - тысяча фунтаў за кожную пядзю?!

- Гэта не дае табе апраўдання,- адказаў Кантралёр,- Ты павінна была набыць квіток у машыніста.

- У чалавека які кіруе цягніком,- заявіў Хор Пасажыраў.- Ці ты ведаеш, што дым цягніка каштуе - тысяча фунтаў за кожнае кольца?!

- У гэтай размове ані кроплі карысці,- вырашыла Аліса

На гэты раз пасажыры маўчалі і, да вялікага здзіўлення дзяўчынцы, Хорам вырашылі (Спадзяюся ты ўяўляеш сабе, як можна вырашаць штосьці Хорам... шляхетна кажучы, Я -не):

- Лепш нічога не казаць. Ці ты ведаеш, што размова каштуе - тысяча фунтаў за слова?!

- Сёння, я сніць буду гэтую тысячу фунтаў,- падумала яна.- Дакладна буду!

Увесь гэты час, Кантралёр працягваў глядзець на Алісу: спачатку праз тэлескоп, потым праз мікраскоп, потым праз тэатральны бінокль.

- Ты едзеш не ў тым напрамку, ані,- урэшце прамовіў ён і, зачыніўшы сваё акенца, адыйшоў.

- Такая дарослая асоба,- сказаў Джэнтльмен, які сядзеў насупраць Алісы (ён быў апрануты ў белую паперу),- павінна ведаць, куды едзе, нават, калі не памятае ўласнага імя!