Выбрать главу

XX. Я хачу вярнуцца.

АА. Вядома, што хочаш. Я веру табе. Дзеля таго ж ты і тут, каб вярнуцца. Вяртанне — гэта адзіны сэнс твайго жыцця. Інакш не вытрымаў бы тут ні хвіліны. Звар’яцеў бы альбо скончыў бы самагубствам.

XX. А хто мне забароніць?

АА (абярнуўшыся направа, туды, дзе XX пакінуў рэчы і сабаку Плута). Плута, ідзі сюды!.. Ах, што за ўпартае стварэнне. (Ідзе направа і бярэ ляльку ў рукі.)

XX (устае з крэсла). Кінь яго.

АА. Я яго не з’ем. Вось бачыш, гультай. Гэты пан раўнуе цябе. Ніколі не дазваляе мне пагуляць з табою... Гэта ненармальна, такая прывязанасць да бязглуздага сабакі. Да таго ж яшчэ напханага.

XX. Пакладзі назад.

АА. Чаму? Што, мне нават пагладзіць яго нельга? Чаму ты так раўнуеш? Гэта падазрона.

XX. Нічога я не раўную. (Садзіцца.)

АА. А як ты клапоцішся пра яго... Сабачка ажно трашчыць, вось-вось лопне, глядзі, які тлусты. Чым ты яго корміш?

XX. Нічым. Ён жа напханы.

АА. Менавіта напханы. Але чым? Што ў яго ўсярэдзіне?

XX. Нічога няма.

АА. А можа, гэта таямніца?

XX (падымаецца). Пакінеш ты яго ці не?

АА. Зараз пераканаемся. (Бярэ з падлогі ножны і, пакуль XX паспявае яму перашкодзіць, распорвае ляльцы жывот, выцягвае адтуль скруткі банкнотаў.) А, цяпер зразумела.

XX. Гэта маё! Аддай сюды! (Вырывае ў яго банкноты.)

АА. Цяпер усё зразумела. Значыць, таму ў цябе ніколі не было грошай.

XX. Аддай, злодзей!

АА. Падбірай словы. Калі б я хацеў цябе абакрасці, я зрабіў бы гэта даўно. Думаеш, я не ведаў, дзе ты хаваеш грошы?

XX. Падглядаў, значыць?

АА. Спярша здагадаўся. Бо такія, як ты, не трымаюць грошай у банку. А пасля, неяк вечарам, прызнаюся...

XX. Бачыў?

АА. Сапраўды бачыў, як фаршыраваў ты свайго сабачку гатоўкай. Але не наўмысна, клянуся. У нас, інтэлектуалаў, сон чуйны.

XX. Злодзей. (Садзіцца за стол на правае крэсла і пачынае Мчыць грошы.)

АА. Зараз пераканаешся, што я не ўзяў у цябе ні гроша. Хоць мог і меў на гэта права.

XX. Якое яшчэ права! Гэта маё!

АА. Ты ж мне вінен шмат грошай.

XX. Я не сабе гэта...

АА. Ведаю, ведаю, жонцы, дзецям. Але што мне да таго, каму ты іх збіраеш. Мне важна тое, што ты — скнара. Гэта і ёсць гарантыя, што ты мяне ніколі не пакінеш. Ты ж не пакінеш сваіх грошай, праўда?

XX. А ты думаеш, што я табе іх пакіну? Не дачакаешся.

АА. I хвілінкі так не думаў. Як бачыш, я нават не напамінаю табе, каб аддаў мне пазыку. Значыць, ты збіраў іх дахаты?

XX. Гэта маё, не аддам!

АА. Менавіта «маё». Люблю, калі ты вымаўляеш гэтае слова. Ты яго вымаўляеш з такім перакананнем, з такім пачуццём... Але задумайся вось над чым. Там давялося б табе, нарэшце, патраціць гэтыя свае грошыкі, так цяжка заробленыя. I там ты не зможаш ужо ні зарабляць, ні ашчаджаць...

XX. Ясна. Таму я іх тут і назапашваю.

АА. Гэта праўда — тут. Тут, а не там. Тут кожны дзень прыбаўляе табе грошай. Кожны дзень ты кладзешся спаць з думкай, што заўтра ў цябе іх будзе больш, паслязаўтра яшчэ больш, праз год — яшчэ і яшчэ больш. У тваім жыцці цяпер ёсць мэта, і чым болей яна далёкая, тым болей прывабная. Ты ўжо сабраў на маленькі дамок у маленькім садку? Дык чаму не мог бы сабраць на трохі большы дом у трохі большым садзе... Гэта так проста, дастаткова адкласці вяртанне яшчэ на месяц, яшчэ на два... А потым — на яшчэ прыгажэйшы дом, на яшчэ большы сад... Такім чынам і далей ты будзеш адкладваць сваё вяртанне, бо чым больш ты маеш, тым больш захочаш мець. Міне не адзін год, а ты ўсё будзеш марудзіць з ад’ездам, марудзіць, працаваць і збіраць. На будучыню. Ну, чаму ты спыніўся... Так прыемна глядзець, як ты лічыш грошы...

XX. Навошта ты мне гэта кажаш?

АА. Каб ты зразумеў, што гэта не я цябе тут трымаю. Што мне не трэба пісаць ніякіх даносаў, каб ты застаўся. Ты застанешся тут сам, па ўласным жаданні. Значыць, думка пра сякеру зусім тут лішняя.

XX. Выходзіць, не вярнуся?

АА. Ніколі. Хоць табе заўсёды будзе здавацца, што ўжо хутка, што ўжо вось-вось...

XX. Ніколі?

АА. Чаму гэта так непакоіць цябе? У цябе ж будзе цудоўнае жыццё, поўнае надзеі, тугі і ілюзій. Не кожнаму такое дадзена.

XX. Але чаму ж ніколі?

АА. Я ўжо табе гэта тлумачыў. Ніколі — таму, што ты раб. Там — ты нявольнік дзяржавы, а тут — сваёй хцівасці. Але так ці інакш ты заўсёды раб, і няма табе вызвалення. Вольнасць — гэта калі распараджаешся сабою сам, а табою заўсёды распараджаецца нехта ці нешта. Калі не людзі, дык рэчы.