Выбрать главу

XX. Якія рэчы...

АА. Рэчы, якіх ты прагнеш, якія хочаш мець. Якія можаш купіць за грошы. Быць рабом рэчаў — гэта няволя яшчэ дасканальнейшая, чым турма. Такая няволя сапраўды ідэальная, бо тут ужо няма ніякага насілля звонку, ніякага прымусу. Тут ужо толькі сама рабская душа стварае сабе няволю, бо прагне няволі. У цябе душа раба, і толькі гэтым ты мяне цікавіш. Толькі ўлічваючы маю працу пра сутнасць рабства, якую я збіраюся напісаць...

XX. А ведаеш, што я на тваю працу...

АА. Мне ўсё адно, як ты ставішся да маіх даследаванняў. Вучонаму ўсё роўна, як ставіцца насякомае да мікраскопа. Я цябе бачу і апісваю — гэта важна.

XX. Ты мяне?

АА. Я цябе. А што ты пра гэта думаеш — не мае значэння. Галоўнае, што ты не можаш перастаць быць рабом, як і авадзень не можа перастаць быць насякомым.

XX. Не магу?

АА. Не можаш. Бо не можаш змяніць сваёй натуры; не можаш, бо павінен быў бы стаць іншым, а гэта немагчыма.

Не можаш, як і не можаш перастаць быць скнараю, як не можаш не марыць пра вяртанне, як не можаш вярнуцца...

XX. Я вярнуся.

АА. Не вернешся.

XX. Вярнуся!

АА. А як вось гэта? (Паказвае на стос банкнотаў.)

XX. Вярнуся, вярнуся, вярнуся! (Рве банкноты.)

АА. Што ты робіш! Гэта ж грошы!

XX. Я раб... я насякомае... я авадзень...

АА спрабуе перашкодзіць яму, але XX адштурхоўвае яго. Рве банкноты на дробныя кавалачкі і раскідае іх па падлозе.

АА. Гэта ж твае грошы!

XX. Мае... мае... мае...

Працягвае рваць. АА спрабуе схапіць яго за рукі, але XX адштурхоўвае яго так моцна, што АА, захістаўшыся, спатыкаецца і падае на падлогу. XX дашчэнту знішчае астатнія банкноты.

АА. Звар’яцеў. (Поўзаючы на карачках, збірае па падлозе шматкі банкнотаў.) Можа, удасца склеіць...

XX. Удасца?

АА. Не. (Кідае шматкі на падлогу, устае.)

XX. Што ж мне цяпер рабіць?!

АА. Хіба я ведаю... Рабі сабе, што хочаш. Цяпер ты ўжо вольны чалавек.

XX. Што я нарабіў, што я нарабіў!

АА. Што табе не зразумела? Ты вызваліўся ад свайго рабскага стану, узбунтаваўся супраць тыраніі грошай. Даказаў, што можаш сабе дазволіць раскошу свабоды. Цяпер можаш цешыцца.

XX. Але ж я цяпер не магу вярнуцца!

АА. Перад гэтым таксама не мог. Дык якая розніца?

XX. Усё праз цябе.

АА. А ці я загадаў табе нішчыць грошы? Я толькі тэарэтычна разважаў, а табе адразу захацелася стаць Спартаком.

XX. Нічога я не хацеў, я хацеў толькі вярнуцца, толькі вярнуцца.

АА. Цяпер позна ўжо.

Дастае са свайго чамадана некалькі спісаных ад рукі аркушаў паперы. Садзіцца за стол, на левае крэсла. Метадычна дзярэ аркуш за аркушам.

XX. Што гэта?

АА. Планы, замалёўкі, нататкі. Збіраўся ж пісаць свой вялікі твор.

XX. Дык навошта дзярэш?

АА. Цяпер ужо не напішу. Высветлілася, што ідэальнага раба не існуе. Бо нават такі катаржнік, як ты, здольны стварыць сабе імгненне свабоды... Ты для мяне быў узорам, натхненнем, аксіёмай і зыходным пунктам. Усё гэта ты разбурыў за адну хвіліну. Ты адабраў у мяне плод маіх даследаванняў і роздумаў. У зародку знішчыў вялікі твор, вандал.

XX. І-і-і, чаго там...

АА. Вядома, цябе гэта не датычыць. Нічога цябе не датычыць. Нават тое, што адзін твой неабдуманы жэст прычыніў чалавецтву непапраўную страту. Мая праца магла б стаць каштоўным укладам у сусветную культуру. Ты можаш гэта ўсвядоміць? Прычым вельмі арыгінальным укладам.

XX (устае і здымае пінжак. Вешае яго на крэсла. Становіцца на крэсла, з крэсла — на стол.) Пасунься.

АА. А такі цудоўны нявольнік быў з цябе... I ўсё сапсаваў ты. Бо думаеш толькі пра сябе. (XX здымае гальштук і вяжа яго ў пятлю. Прывязвае канец гальштука да патрона лямпачкі.) Будзеш вешацца?

XX. А што, можа, мне нельга?

АА. Можна, можна. Самагубства — святое права вольнага чалавека, апошняе сведчанне яго волі.

XX. Тады пасунься.

АА (перасоўвае паперы на край стала). Гэта нават лагічны вынік твайго папярэдняга ўчынку. Калі ўжо ступіў на вольны шлях, дык цяпер ні ў чым нельга табе адмовіць. Хоць, праўду кажучы, пачуццё меры таксама не зашкодзіла б.