Выбрать главу

XX (цягне за гальштук, правяраючы яго трываласць). Напэўна, вытрымае.

АА. Утрыраваць — кепскі густ, хоць, праўда, кепскі густ гэта тыповая рыса ўсіх вылучэнцаў... Можа б, ужо супакоіўся ты з гэтым сваім вешаннем?

XX (надзявае пятлю на шыю). Адсунься.

АА. Чаму?

XX. Я зараз адштурхну стол.

АА. Ты ўсё сваё. Вось упартасць кожнага выскачкі.

XX. Я сказаў, каб ты адсунуўся.

АА. Якая таўстаскурасць.

XX. Ты адсунешся ці не?

АА. Ты абавязкова хочаш быць вульгарным?

XX. Добра. Я адштурхну і так.

АА. Пачакай. Якое тваё будзе апошняе слова?

XX. Ад...

АА. Т-с-с-с, не кажы далей. Застанься ў маёй памяці чалавекам узнёслым, нягледзячы што просты чалавек. Ведаю, што ты хацеў сказаць, але гэта было да мяне. А што сям’і?

XX. Сям’і?

АА. Ты ўжо і забыў, што маеш сям’ю? Хіба яна не заслугоўвае колькі слоў ад цябе?

Паўза.

АА. Ну, тады дыктуй, я напішу за цябе. (Перагортвае апошні, не падраны яшчэ аркуш чыстым бокам наверх. Дастае з кішэні аўтаручку.) Як пачнём?

XX. Дарагая жонка і вы, каханыя дзеткі...

АА (піша, паўтараючы па складах.) Да-ра-гая жон-ка. XX. У першых словах майго ліста паведамляю вам, што я здаровы.

АА. Здаровы... Хм, няхай і так. (Піша.) Што далей?

XX. Чаго і вам зычу...

АА. Аднак, можа, не варта так?

XX. Чаму?

АА. Не дарэчы... (Праводзіць пальцам па горле і паказвае язык.)

XX. Сапраўды. Тады лепш не трэба.

АА (перачытвае). «Што я здаровы». Кропка. Што далей? XX. ...Мне добра.

АА (піша). На небе...

XX (механічна прадаўжае). Так і на зямлі... (Спахопліваецца.) Чаму на небе?

АА. Дык ты ж пойдзеш на неба.

XX. Не перашкаджай. Выкраслі.

АА. Выкрасліў. Што далей?

XX. Не ведаю.

АА. Хочаш, каб я напісаў за цябе?

XX. Пішы.

АА (піша). Я заў-сё-ды ду-маю пра ця-бе і пра дзя-цей... XX. Добра.

АА. I таму хачу павесіцца.

XX. Як?

АА. Павесіцца.

XX. Гэтага не пішы.

АА. А калі гэта праўда?

XX. Я зусім не таму.

АА. Ну, добра. (Піша.) ...Вешаюся, бо зусім не думаю пра вас.

XX. Не!

АА. Што, таксама кепска?

XX. Не так. Інтэлігент, а ліста напісаць не ўмее.

АА. Ну, тады як ты сам гэта сфармулюеш?

XX. Як-небудзь так... карацей.

АА. Я вешаюся. З любоўю да вас, ваш муж і бацька. Падпішы. (Падае паперу і ручку XX. Той прабягае вачыма тэкст, пасля камечыць паперу і кідае на падлогу. Вызваляе галаву з пятлі і злазіць са стала.) Значыць, пісаць ужо не будзем? (XX павярнуўся і ідзе направа.) Ручку! (XX аддае яму ручку і кладзецца на свой ложак, справа, тварам да сцяны.) Ну, як хочаш. (Залазіць на стол і адвязвае гальштук ад лямпачкі. Кідае гальштук на правае крэсла.) Ну, і правільна, не усё яшчэ страчана. Я не кажу пра сябе, але ты... Можаш усё распачаць наноў. (Зверху чуваць бразганне дзвярыма, крокі гасцей на сходах, смех, галасы.) Убачыш, як узрадуецца жонка. А дзеці? Яны там цябе выглядаюць, чакаюць... Жонка таксама чакае цябе, сумуе... Вось гэта будзе радасць. Усе выйдуць табе насустрач, усё мястэчка. Можа, нават з аркестрам... (Апошні выбух смеху на сходах. Цішыня.) I што ты на гэта скажаш? (XX не адказвае.) А падарункі? Падумай пра падарункі. Езус, якія цудоўныя гэта будуць рэчы! Кожнаму прывязеш нейкі падарунак. Аднаму тое, другому гэта... ці я, урэшце, ведаю, што каму, ты сам лепш ведаеш, што каму купіць. Купіш усё, што табе толькі спадабаецца. Цэлыя чамаданы ўсякіх дзівосаў. I табе будуць зайздросціць, так? (XX не адказвае.) Будуць, будуць. (Ідзе направа, у глыб пакоя, дзе XX пакінуў свае манаткі, бярэ плед і ўкрывае ім XX. Пераходзіць налева і кладзецца на ложак, дагары, паклаўшы рукі за галаву.) А пасля і дом збудуеш. Прыгожы дом. Высокі, мураваны... Не якую-небудзь там хацінку. I мухі таксама будуць лётаць... (Паўза.) Дзяцей пашлеш у школу. Няхай вучацца, няхай вырастуць людзьмі. Гэта будзе добрая, сапраўдная школа, і ўсё будзе цудоўнае, сапраўднае... Праца дасць хлеб, а закон — волю, бо вольнасць будзе законам, а закон — воляй. Хіба не гэтага мы хочам, хіба не да гэтага ўсе мы імкнёмся? А калі ва ўсіх нас агульная мэта, калі ўсе мы хочам аднаго і таго ж, тады што нам перашкаджае стварыць такое добрае і разумнае грамадства. Ты вернешся і ніколі не будзеш нявольнікам. Ні ты, ні твае дзеці.