Выбрать главу

Першы патрыцый. Слухайце, ну што на вас такое находзіць? Навошта ўвесь гэты лямант? Нічога ж не замінае яму быць такім і далей. Ну, любіў ён Друзілу, няхай. Але ўрэшце — яна была ягоная сястра. I досыць ужо таго, што ён з ёю спаў. Але каб пераварочваць дагары нагамі ўвесь Рым з-за таго, што яна памерла, гэта пераходзіць усякія межы.

Хэрэя. I ўсё роўна. Не падабаецца мне гэта, і ў гэтых уцёках ягоных я нічога не магу ўразумець.

Стары патрыцый. Так-так, няма дыму без агню.

Першы патрыцый. У кожным выпадку, інтарэсы дзяржавы не могуць дапускаць, каб кровазмяшэнне набывала памеры трагедыі. Кровазмяшэнне — няхай, але каб усё было ціха.

Гелікон. Ну, разумееце, кровазмяшэння без шуму ўжо ніяк не адбудзеш. Ложак — рыпіць, калі асмелюся так сказаць. Дый, зрэшты, адкуль вы ўзялі, што ўсё гэта з-за Друзілы?

Другі патрыцый. А ад чаго ж яшчэ?

Гелікон. Самі падумайце. Разумееце, з бядой яно як са шлюбам. Думаеш, што выбіраеш ты, а аказваецца — выбіраюць цябе. Вось так, нічога тут не папішаш. Наш бедны Калігула няшчасны, хоць, можа, і сам не разумее чаму! Ён, напэўна, адчуў сябе загнаным у кут, таму і ўцёк. I кожны з нас на яго месцы зрабіў бы тое самае. Напрыклад, я — каб мог сам сабе выбраць бацьку, дык і не нарадзіўся б.

Уваходзіць Сцыпіён.

Сцэна II

Xэрэя. Ну?

Сцыпіён. Зноў нічога. Нейкія сяляне нібыта бачылі яго мінулаю ноччу, тут непадалёк, нібыта ён некуды бег пад навальніцай.

Хэрэя вяртаецца да сенатараў. Сцыпіён ідзе за ім следам.

Хэрэя. Дык сёння ўжо трэці дзень, Сцыпіёне?

Сцыпіён. Так, трэці дзень. Я быў тады побач з ім, як звычайна. Ён падышоў да труны з Друзілай. Дакрануўся да яе двума пальцамі. Потым быццам аб нечым задумаўся, рэзка павярнуўся і роўнай хадою рушыў прэч. З той хвіліны яго паўсюль і шукаюць.

Хэрэя (трасучы галавой). Гэты хлопец занадта любіў літаратуру.

Другі патрыцый. Яго ўзросту гэта ўласціва.

Хэрэя. Але не яго сану. Імператар — і аматар мастацтва: гэта не лезе ні ў якія рамкі. Праўда, у нас ужо былі такія, адзін ці два. Шалудзівыя авечкі паўсюль бываюць. Але ж у іншых хапала тактоўнасці заставацца чыноўнікамі.

Першы патрыцый. Так было намнога лацвей.

Стары патрыцый. Кожнаму сваё рамяство.

Сцыпіён. Што можна зрабіць, Хэрэя?

Хэрэя. Нічога.

Другі патрыцый. Пачакайма. Калі не вернецца, давядзецца яго замяніць. Шчыра кажучы, імператараў у нас хапае.

Першы патрыцый. I то праўда, не хапае ў нас толькі людзей з цвёрдым характарам.

Хэрэя. А калі ён вернецца не ў гуморы?

Першы патрыцый. Божа, гэта ж яшчэ дзіцё, ужо з ім мы неяк дадзім рады.

Xэрэя. А калі ён застанецца глухі да ўсіх нашых довадаў?

Першы патрыцый (смеючыся). Ну, тады... Хіба не я напісаў у свой час трактат пра дзяржаўны пераварот?

Xэрэя. Зразумела, калі гэта толькі спатрэбіцца! Але я адчуваў бы сябе многа лепей, каб мне далі спакойна займацца маімі кнігамі.

Сцыпіён. Прашу мне прабачыць. (Выходзіць.)

Хэрэя. Абразіўся.

Стары патрыцый. Дзіцё. Усе юнакі між сабой салідарныя.

Гелікон. Салідарныя ці не салідарныя, усе яны ўрэшце старэюць.

Уваходзіць вартаўнік.

Вартаўнік. Калігулу бачылі ў садзе каля палаца.

Усе выходзяць.

Сцэна III

Некалькі секунд сцэна застаецца пустая. Потым злева, крадучыся, уваходзіць Калігула. Выгляд у яго разгублены, ён увесь брудны, валасы мокрыя, ногі завэдзганыя ў гразі. Некалькі разоў ён падносіць да рюта далонь. Набліжаецца да люстра і раптам спыняецца, заўважыўшы ў ім свой адбітак. Балбоча нейкія невыразныя словы, потым ідзе направа і сядае, звесіўшы рукі паміж каленяў. Злева ўваходзіць Гелікон. Заўважыўшы Калігулу, ён спыняецца на ўскрайку сцэны і моўчкі на яго пазірае. Калігула паварочваецца і бачыць Гелікона. Паўза.

Сцэна IV

Гелікон (праз усю сцэну). Дабрыдзень, Гаю.

Калігула (звычайным тонам). Добры дзень, Геліконе.

Маўчанне.

Гелікон. Ты, здаецца, стаміўся?

Калігула. Я многа хадзіў.