Выбрать главу

Цэзонія. Прабач, Гаю. Але я старалася зразумець.

Калігула. Людзі плачуць таму, што ўсё ў гэтым свеце не так, як яно мусіла б быць. (Цэзонія ідзе да яго.) Кінь, Цэзонія. (Яна спыняецца.) Але заставайся побач.

Цэзонія. Я зраблю ўсё так, як ты пажадаеш. (Сядае.) У маім узросце ўжо ведаеш, што жыццё — не такое ўжо добрае. Але ж калі на нашай зямлі жыве зло, навошта хацець яго павялічыць?

Калігула. Ты не здольная зразумець. Ды што з гэтага? Можа быць, і я адступлюся. Але сёння я адчуваю, як нехта прачынаецца ўва мне. Што я магу зрабіць супраць? (Паварочваецца да Цэзоніі.) О Цэзонія! Я ведаў, што можна дайсці да адчаю, але мне было невядома, што значыць гэтае слова. Як усе, я думаў, што гэта хвароба душы. Але не — пакутуе ўсё цела. Мне баліць скура, баляць грудзі, рукі і ногі. У мяне пуста ў галаве і моташна на сэрцы. I самае жудаснае — гэты прысмак у роце. Гэта не кроў, не смерць і не ліхаманка — гэта ўсё разам. Досыць мне варухнуць языком, як усё пакрываецца змрокам і ўсе робяцца мне агідныя. Як цяжка, як горка — стаць чалавекам!

Цэзонія. Табе трэба паспаць, доўга-доўга паспаць, расслабіцца і ні пра што не думаць. Я буду ахоўваць твой сон. А калі ты прачнешся, свет зноў набудзе для цябе свой ранейшы смак. I тады — пакладзі сваю ўладу на службу таму, што яшчэ можна любіць. Бо магчымае таксама заслугоўвае мець свой шанц.

Калігула. Але дзеля гэтага патрэбен сон, патрэбнае забыццё. А гэта ўжо немагчыма.

Цэзонія. Так бывае, калі здаецца, што ты — на астатняй мяжы знямогі. Але мінае час, і ў рукі зноў вяртаецца былая моц.

Калігула. Толькі трэба ведаць, да чаго гэтыя рукі прыкласці. А нашто мне ўся гэтая моц, нашто гэтая незвычайная ўлада, калі я няздольны змяніць гэты свет, не магу прымусіць сонца зайсці на ўсходзе, ні паменшыць пакуты, ні зрабіць так, каб людзі болей не паміралі? Не, Цэзонія, няма ніякае розніцы: спаць — не спаць,— калі я няздольны паўплываць на парадак гэтага свету.

Цэзонія. Але гэта значыць — хацець параўнацца з багамі. Па-мойму, няма большага вар’яцтва.

Калігула. Вось і ты лічыш мяне за вар’ята. Але што такое Бог, каб мне хацелася з ім параўнацца? Тое, чаго я сёння хачу ўсёю сілай,— вышэй за багоў. Я забіраю пад сваю ўладу цэлае царства, дзе немагчымае — цар усяму.

Цэзонія. Ты не зможаш зрабіць, каб неба перастала быць небам, каб прыгожы твар стаў брыдкі і чалавечае сэрца — нячулае.

Калігула (усё болей узбуджаючыся). Я хачу перамяшаць неба і мора, зблытаць брыдкасць і прыгажосць, выціснуць смех з пакуты.

Цэзонія (устае перад ім, умольна). Але ёсць добрае і благое, вялікае і нізкае, справядлівае і не. Павер, гэтага ніколі не зменіш.

Калігула (гэтак жа ўзбуджана). А я хачу ўсё гэта змяніць. Я падару гэтаму веку роўнасць. I калі ўсё будзе нарэшце зроўненае і немагчымае ўсталюецца на зямлі, калі ў руках у мяне будзе поўня,— тады, можа быць, змянюся і я, і ўвесь свет разам са мною, тады нарэшце людзі не будуць больш паміраць і стануць шчаслівыя.

Цэзонія (з крыкам). Ты не можаш адмаўляць каханне!

Калігула (выбухае смехам, потым з лютасцю ў голасе). Каханне, Цэзонія?! (Хапае яе за плечы і трасе.) Мне было дадзена зразумець, што гэта лухта. Галоўнае ў іншым — у дзяржаўным скарбе! Ты ж гэта чула, праўда? I з гэтага пачынаецца ўсё. Ха, цяпер я ўжо буду нарэшце жыць! Жыць, Цэзонія, жыць, бо кахаць — гэта поўная процілегласць. Я кажу табе гэта. I запрашаю цябе на нечуванае свята, на ўсенародны суд, гэта будзе найпрыгажэйшае прадстаўленне. I таму мне патрэбен народ, гледачы, ахвяры і вінаватыя. (Кідаецца да гонга і пачынае бесперапынку біць у яго з усяе сілы. Увесь час б'ючы ў гонг.) Увядзіце асуджаных! Мне патрэбныя вінаватыя! А вінаватыя ўсе. (Б'е ў гонг.) Я хачу, каб увялі асуджаных на смерць! Публіка, я хачу бачыць публіку! Суддзі, сведкі, абвінавачаныя, усе ўжо асуджаныя загадзя! О, Цэзонія, я пакажу ім такое, чаго яны ніколі не бачылі: адзінага ў гэтай дзяржаве свабоднага чалавека!

Пры гуках гонга палац паступова пачынае поўніцца невыразным шумам, які мацнее і набліжаецца. Галасы, бразгат зброі, крокі і шорганне ног. Смеючыся, Калігула безупынна б’е ў гонг. Уваходзяць некалькі вартаўнікоў, потым выходзяць.

Калігула (б'ючы ў гонг). А ты, Цэзонія, будзеш падпарадкоўвацца мне. Ты будзеш дапамагаць мне ва ўсім. Гэта будзе цудоўна. Пакляніся, што будзеш мне дапамагаць.