Выбрать главу

Адказ быў ужо знаёмы: дапамога Расеі віталася, але вылучна пад кантролем савецкіх органаў. Апроч таго, ня АРА, а амэрыканскі ўрад павінен выступіць з такой прапановай. Абедзьве ўмовы былі непрымальныя для Гувэра.

Не прынесьлі плёну й пазьнейшыя намаганьні вырашыць лёс АРА ў Беларусі[23]. Каб аднавіць апэрацыі на яе тэрыторыі, як прапаноўвалі Пэйт і Ўокер, Масква зноў патрабавала афіцыйнага звароту ўраду ЗША. Аднак спадзевы бальшавіцкага ўраду такім чынам дамагчыся дыпляматычнага прызнаньня нічым ня скончыліся.

У Крамлі тымчасам вырашылі здабываць хлеб з дапамогай кулямётаў. Хлеб — гэта зброя, заяўлялі камісары. Карныя атрады жорстка душылі рэшткі антыбальшавіцкага супраціву, палітыка харчразьвёрсткі ўзаконьвала дзяржаўнае рабаўніцтва сялянаў, і арганізаваны голад быў такім самым сродкам утрыманьня ўлады, як расстрэлы й канфіскацыі[24].

Аднак калі ўвесну 1921 абяскроўленая краіна апынулася на мяжы каляпсу й стала відавочна, што галоўная пагроза бальшавіцкай уладзе зыходзіць ад яе ўласнай палітыкі, Ленін абвясьціў НЭП. Новая эканамічная палітыка яшчэ не пасьпела даць плёну, як на вялікія збожжавыя раёны на поўдні і ўсходзе Расеі абрынулася засуха. Улетку пагроза масавага голаду стала відавочнай. Напрыканцы чэрвеня газэта «Правда» прызнала, што ад голаду церпяць 25 мільёнаў чалавек.

Савецкі ўрад не зьвярнуўся афіцыйна па міжнародную дапамогу, але дазволіў выступіць з такімі зваротамі патрыярху Ціхану й пісьменьніку Максіму Горкаму. 23 ліпеня быў надрукаваны ліст Горкага «Да ўсіх сумленных людзей», які сканчаўся заклікам:

Я прашу ўсіх сумленных людзей Эўропы й Амэрыкі аб хуткай дапамозе расейскаму народу. Дайце хлеб і лекі[25].

Гербэрт Гувэр быў гатовы да такога павароту. Яшчэ напачатку 1919 ён прадказваў разбуральныя вынікі бальшавіцкага гаспадараньня. У дзень, калі быў надрукаваны ліст Горкага, Гувэр адказаў аўтару тэлеграмай:

Зь вялікім пачуцьцём я прачытаў ваш зварот да амэрыканцаў пра дабрачынную дапамогу хворым і галодным людзям Расеі, асабліва дзецям. Для ўсіх амэрыканцаў абсалютнай умовай любой дапамогі павінна быць неадкладнае вызваленьне амэрыканцаў, зьняволеных у Расеі, і стварэньне адпаведных умоваў для працы. Як толькі гэтыя крокі будуць ажыцьцёўленыя, Амэрыканская адміністрацыя дапамогі, чыста добраахвотнае аб’яднаньне, дзе я зьяўляюся старшынёю, у супрацы зь іншымі дабрачыннымі арганізацыямі, якія цалкам падтрымліваюцца шчодрасьцю амэрыканскіх людзей, мае напагатове дастатковыя фонды, каб неадкладна аказаць дапамогу дзецям і хворым.

Нашая арганізацыя ўжо раней цягам апошняга году выказвала гатовасьць зрабіць такую паслугу выключна з гуманітарных меркаваньняў, абсалютна не зьвязаных ні зь якімі палітычнымі, сацыяльнымі альбо рэлігійнымі матывамі. Аднак зь відавочных адміністрацыйных прычынаў гэта было й мусіць быць абумоўлена пэўнымі захадамі. Калі гэтыя захады будуць зробленыя, мы гатовыя распачаць такую працу.

Сёньня мы клапоцімся пра тры з паловай мільёна дзяцей у дзесяці розных краінах і будзем гатовыя паставіць харч, адзеньне й мэдыкамэнты мільёну дзяцей у Расеі настолькі хутка, наколькі гэта магчыма арганізаваць. Адміністрацыйныя ўмовы, якія мы мусім выставіць, ідэнтычныя тым, што мы мелі ў кожнай з дваццаці трох краінаў, дзе праводзілі апэрацыі дапамогі больш чым васьмі мільёнам дзяцей.

Празь дзень, 25 ліпеня, Горкі адказаў, што савецкі ўрад прыме прапанову Гувэра, і 31 ліпеня ён перадаў АРА афіцыйны ліст за подпісам Каменева, які ўзначальваў урадавы камітэт дапамогі ахвярам голаду. Каменеў заклікаў неадкладна распачаць перамовы ў Маскве, Рызе ці Рэвэлі. Эўрапейская штаб-кватэра АРА месьцілася ў Лёндане. Яе кіраўнік Ўолтэр Браўн адразу выехаў у Рыгу. 10 жніўня Браўн і тры кіраўнікі апэрацыямі АРА ў Польшчы, Нямеччыне й балтыйскіх краінах селі за стол перамоваў з бальшавіцкай дэлегацыяй на чале з намесьнікам наркама замежных справаў Максімам Ліцьвінавым.

Умовы АРА былі выкладзеныя ўжо ў тэлеграме Горкаму, дзе Гувэр запатрабаваў, каб адпачатку савецкія ўлады ясна заявілі:

A. Што ёсьць неабходнасьць у нашай дапамозе.

Б. Што амэрыканскія прадстаўнікі АРА будуць мець поўную свабоду ўезду-выезду й перамяшчэньня па Расеі.

B. Што гэтыя чальцы будуць мець магчымасьць арганізаваць неабходныя камітэты на месцах і мясцовую дапамогу безь дзяржаўнага ўмяшаньня.

вернуться

23

У 1919–1921 тэрыторыя этнічнай Беларусі некалькі разоў пераразьмяркоўвалася паміж Польшчай, Літвой і Расеяй. У сакавіку 1921 Рыская мірная дамова паміж РСФСР, Украінай і Польшчай падзяліла Беларусь на дзьве часткі. Заходняя частка была аддадзена пад кіраўніцтва Варшавы.

вернуться

24

Некалькі тагачасных указаньняў Леніна ў справе канфіскацыі: «Выдатны плян масавага руху з кулямётамі за хлебам…», «Ачысьціць цалкам усе лішкі хлеба…», «Складзіце павятовыя сьпісы найбагацейшых сялян, якія адказваюць жыцьцём за правільную хаду працы забесьпячэньня хлебам…», «Павесіць завадатараў з кулакоў…» (паводле «Ленинского сборника», т. 18, 1931).

вернуться

25

Падчас голаду савецкі ўрад пад кіраўніцтвам Леніна працягваў фінансаваць у цьвёрдай валюце замежныя кампартыі: 20 красавіка 1922 было вылучана 3 150 600 рублёў золатам Камінтэрну. Праз тыдзень сума была павялічана яшчэ на 400 000, у т. л. «на агітацыю сярод японскіх салдат». Паводле падлікаў гісторыка Д. Валкагонава («Ленин. Политический портрет»), у 1922 замежным кампартыям было перапраўлена золата, каштоўнасьцяў і грошай на суму больш за 19 000 000 залатых рублёў.