Выбрать главу

Г. Што ім забясьпечаць бясплатны транспарт, склады й апрацоўку імпартаваных паставак па-за чаргой, што ўлады бясплатна вылучаць патрэбныя будынкі, абсталяваньне й паліва.

Д. Што ў дадатак да імпартаваных харчу, адзеньня й мэдыкамэнтаў дзеці й хворыя будуць атрымліваць аднолькавы аб’ём мясцовых паставак нароўні з астатнім насельніцтвам.

Е. Што АРА будзе мець гарантыі неўмяшаньня ўладаў у свабоду ўсіх сваіх супрацоўнікаў.

У сваю чаргу Гувэр абяцаў дзьве рэчы:

Першае. Што АРА, у межах сваіх рэсурсаў, будзе аказваць дапамогу ўсім дзецям і хворым аднолькава, незалежна ад расы, веры й сацыяльнага статусу.

Другое. Што яе прадстаўнікі й супрацоўнікі ў Расеі ня будуць займацца ніякай палітычнай дзейнасьцю.

Пачатак перамоваў з бальшавікамі зноў выклікаў град крытыкі ў Амэрыцы. Правыя абураліся, што Амэрыка зьбіраецца дапамагаць вар’яцкаму рэжыму, які зруйнаваў Расею. Левыя радыкальныя арганізацыі абвінавачвалі Гувэра ў намеры падарваць бальшавіцкую ўладу й патрабавалі, каб уся дапамога беспасярэдне была перададзеная расейскаму ўраду. У якасьці аргумэнту прыводзілася дзейнасьць АРА ў Вугоршчыне, якая быццам прывяла да падзеньня камуністычнага ўраду Бэлы Куна[26].

Перамовы ў Рызе праходзілі пад пільнай увагай прэсы, пад бурны камэнтар супрацьлеглых палітычных сілаў і ў нябачнай, але адчувальнай прысутнасьці эўрапейскіх урадаў, якія сьпешна пасылалі ў Рыгу сваіх дыпляматычных прадстаўнікоў. Пасярэдніцкія паслугі прапаноўвалі міжнародныя авантурысты, якія пабачылі свой шанец у гуманітарнай апэрацыі.

Тымчасам напружанасьць на перамовах узрастала. Ліцьвінаў пагаджаўся на ўсе ўмовы Гувэра, апроч аднае: свабода дзеяньняў амэрыканцаў. Гэта тычылася перш за ўсё права самастойна разьмяркоўваць дапамогу. А таксама — колькасьці амэрыканцаў, свабоды перамяшчэньня, права ўладаў на ператрус амэрыканскіх офісаў і асабістых рэчаў, высылаць непажаданых асобаў з краіны й вызначаць зоны дапамогі. Браўн, са свайго боку, патрабаваў такіх самых умоваў, якія АРА мела ў іншых краінах.

У сярэдзіне жніўня ў эўрапейскай прэсе зьявіліся першыя паведамленьні аб правале перамоваў. Аднак адбыўся зрух. Пасьля некалькіх дзён і начэй шматгадзінных дадатковых абмеркаваньняў і ўзгадненьняў са сваімі сталіцамі раніцай 20 жніўня дэлегацыі сустрэліся, маючы канчатковы тэкст пад назвай «Пагадненьне паміж Амэрыканскай адміністрацыяй дапамогі й Расейскай Сацыялістычнай Фэдэратыўнай Савецкай Рэспублікай».

Падпісаньне адбылося ў прысутнасьці латыскіх урадоўцаў, дыпляматаў і журналістаў.

Дакумэнт адкрывала прэамбула:

Беручы пад увагу, што некаторыя часткі Расеі ахапіў голад,

Беручы пад увагу, што сп. Максім Горкі зь ведама РСФСР зьвярнуўся праз спадара Гувэра да Амэрыканскага народу па дапамогу для хворых, галодных, асабліва дзяцей,

Беручы пад увагу, што сп. Гувэр і Амэрыканскі народ успрынялі просьбу ад імя Расейскага народу зь вялікім спачуваньнем і жадаюць, выключна з гуманітарных меркаваньняў, прыйсьці ім на дапамогу,

Беручы пад увагу, што сп. Гувэр у адказе сп. Горкаму прапанаваў, што АРА магла б даставіць дадатковую дапамогу аднаму мільёну дзяцей у Расеі,

Дзеля гэтага дасягнутая дамоўленасьць паміж АРА, неафіцыйнай добраахвотнай амэрыканскай дабрачыннай арганізацыяй пад старшынёўствам Гербэрта Гувэра, і РСФСР (Савецкімі ўладамі).

Далей ішоў тэкст пагадненьня, пра які гэтак доўга спрачаліся Браўн зь Ліцьвінавым. АРА абавязвалася аказваць дапамогу пры ўмове выкананьня савецкімі ўладамі пэўных патрабаваньняў — яны складаліся з 25 пунктаў. Улады гарантавалі амэрыканцам свабоду руху, бясьпеку, быў вызначаны парадак фінансаваньня, працы портаў і транспарту грузаў, асобна агаворваліся правы атрымальнікаў дапамогі АРА — іх не павінны былі пазбаўляць савецкіх паек. Асобны параграф тычыўся прыёму на працу мясцовага пэрсаналу — АРА мелася атрымаць поўную свабоду падбору супрацоўнікаў, і ўлады абавязаліся ўсяляк спрыяць гэтаму.

Пункт 8 пагадненьня на першы погляд меў чыста тэхнічны характар:

Даставы дапамогі, прызначаныя дзецям і хворым, вызначаным АРА ў адпаведнасьці з пунктам 24, застаюцца ўласнасьцю АРА, аж пакуль насамрэч ня будуць спажытыя дзецьмі й хворымі, і разьмяркоўваюцца ад імя АРА.

вернуться

26

Падобная выснова вынікала з успамінаў былога кіраўніка АРА ў краінах Паўднёвай Эўропы капітана Т. Грэгары. Ягоныя артыкулы пад загалоўкам «Спыняючы чырвоны прыліў» друкаваліся ў амэрыканскай прэсе ў 1921. Гістарычныя факты не пацьвярджаюць гэтае высновы.