Выбрать главу

Пункт 24 удакладняў прынцып разьмеркаваньня:

Разьмеркаваньне дапамогі для дзяцей і хворых будзе ажыцьцяўляцца не зважаючы на расу, рэлігію, сацыяльны альбо палітычны статус.

Гэтыя два пункты цалкам супярэчылі цэнтральным прынцыпам бальшавіцкай улады — поўнага дзяржаўнага кантролю й клясавага падыходу. Але пакуль Масква мусіла падпісаць амэрыканскія ўмовы. Ліцьвінаў выступіў з палымянаю прамоваю пра палітычную значнасьць пагадненьня. Браўн, у сваю чаргу, падкрэсьлена выразна заявіў, што пагадненьне ня мае ніякага палітычнага значэньня.

У гэты ж дзень пасьля тэлеграмы Браўна пачалася адгрузка харчаваньня для Расеі са складоў АРА ў Гамбургу, Данцыгу й Рызе. Яшчэ празь дзесяць дзён, 1 верасьня, амэрыканскі сухагруз «Фэнікс» прышвартаваўся ў петраградзкім порце з 700 тонамі мукі, рысу й цукру на борце.

У суботу 27 жніўня першы кантынгент АРА — сямёра амэрыканцаў — прыбыў у Маскву[27].

Іх сустракалі прадстаўнікі Наркамату замежных справаў і ўраду.

Амэрыканцы адразу атрымалі першы ўрок: улады краіны з насельніцтвам больш за 120 мільёнаў чалавек былі гатовыя разьмясьціць толькі тры чалавекі, астатнім месца не было. Амэрыканцы пагадзіліся начаваць у вагоне й пацікавіліся плянам заўтрашніх дзелавых сустрэчаў. Ім паведамілі, што ў нядзелю ўсе камісарыяты зачыненыя й ніхто зь імі сустрэцца ня зможа.

Такі быў другі ўрок.

5

Беларусь, Козырaвa: акно ў Эўропу на ўскрайку Менску

2 мільёны ўцекачоў. — Пакуты вяртаньня. — Цягнікі надзеі й сьмерці. — Бар'ер для тыфусу. — Поле бітвы пад Негарэлым. — Забытыя немцы. — Францускія вашабойкі. — Паратунак у канцлягеры

На архіўным фатаздымку — некалькі дзясяткаў людзей пад голым небам на фоне баракаў, апранутыя хто як, — старыя, дзеці, жанчыны, барадатыя мужыкі. Здымак зроблены ў найбольшым у сьвеце на той момант, як пісалі газэты, канцэнтрацыйным лягеры ўцекачоў Козырава[28] за пяць кілямэтраў ад цэнтру Менску.

Праз Козырава прайшлі тысячы людзей, якіх трэба было карміць, лячыць, мыць, апранаць.

Паводле ацэнак Рады БНР, каля 2 мільёнаў беларусаў, пераважна праваслаўных, на загад царскага ўраду былі вывезеныя ўглыб Расеі перад наступам нямецкіх войскаў[29].

Вярнуцца ў Польшчу маглі ўсе, хто меў паперы, якія сьведчылі пра іхнае жыцьцё на тэрыторыі, што стала ўваходзіла ў Рэч Паспалітую Польскую. Падпісанае пры пасярэдніцтве АРА польска-расейскае чыгуначнае пагадненьне адкрыла ім дарогу дадому.

Цэнтральны эвакуацыйны камітэт у Маскве вызначыў два пункты рэпатрыяцыі ўцекачоў: Жмерынка ва Ўкраіне й Негарэлае ў Беларусі. Гнаныя голадам, сотні тысяч сем'яў разам з набыткам рушылі на захад. Таварныя вагоны на некалькі месяцаў станавіліся домам для дзяцей і дарослых, жанчын і мужчынаў, здаровых і хворых.

Чыгунка не спраўлялася зь людзкой плыньню. У адной са справаздачаў падаецца тыповая вакзальная сцэна:

…Шчыльная маса бруднага рызьзя, у якой там і тут відаць схуднелыя голыя рукі, твары зь пячаткай сьмерці. У паветры атрутны смурод.

Прайсьці немагчыма. Заля чаканьня, калідоры, кожны сантымэтар густа занятыя людзьмі, якія ляжаць, сядзяць скурчаныя ў самых неверагодных позах. Калі прыглядзецца, дык відаць, што сьмярдзючыя лахманы кішаць вошамі. Хворыя на тыфус курчацца й трасуцца ў ліхаманцы разам зь дзецьмі. Немаўляты страцілі галасы й болей ня могуць плакаць… Жанчына спрабуе супакоіць малое дзіця, якое плача й просіць есьці. Яна люляе яго на руках. Затым раптам б’е. Малое крычыць. Жанчына вар’яцее. У шаленстве, зь перакошаным тварам яна пачынае зьбіваць дзіця. Удары кулаком градам сыплюцца на тварык, на галаву, потым яна кідае дзіця на падлогу й б’е нагой. Вакол у жаху крычаць. Малое падымаюць, лаянка абрынаецца на маці, якая пасьля шалёнага выбуху сьціхла й абсалютна не зважае навокал. Вочы расплюшчаныя, але нічога ня бачаць.

Польскі надзвычайны камісар у справе рэпатрыяцыі Ўладыслаў Грабскі падаў наступны пратакол пра ўмовы вяртаньня:

Транспарт з Казані быў у дарозе 90 дзён. Адлегласьць да польскае мяжы складае 1739 км. Цягнік праходзіў 19,33 км за 24 гадзіны, альбо з хуткасьцю 0,8 км у гадзіну. Калі б уцякач вяртаўся пешкі й ішоў толькі 6 гадзінаў у дзень з хуткасьцю 4 км у гадзіну, ён бы прайшоў увесь шлях на 17,5 дня хутчэй, чым на цягніку. У цягніку было 1948 чалавек, зь якіх толькі 649 дабраліся да мяжы. Астатнія 1299 памерлі ў дарозе. Сьмяротнасьць перавышала 14 чалавек у дзень, паміраў адзін чалавек кожныя 1 гадзіну 40 хвілінаў. Падчас падарожжа праз Расею ўцекачы атрымлівалі ў сярэднім 153 грамы хлеба штодня, яны таксама мусілі самі нарыхтоўваць паліва.

вернуться

27

Першапачаткова меркавалася, што ў АРА будзе працаваць каля 100 амэрыканцаў. Аднак з прычыны пашырэньня апэрацыяў гэтая лічба вырасла да 381 чалавека (нехта працаваў цалкам увесь тэрмін, нехта толькі некалькі месяцаў). Кірункі дзейнасьці АРА былі адлюстраваныя ў структуры арганізацыі: у Маскоўскай штаб-кватэры існавалі ўправы разьмеркаваньня харчу й адзеньня, мэдычнай дапамогі, складаваньня й транспарту, фінансаў, а таксама інспэктарат, гістарычны аддзел, прэс-служба й паўафіцыйная консульская служба (АРА паспрыяла рэпатрыяцыі 798 амэрыканскіх грамадзянаў ці асобаў, якія мелі сваякоў у Амэрыцы).

вернуться

28

Козырава — пасёлак на паўднёвай ускраіне Менску. Цяпер гэта раён вул. Вільямса й Фізкультурнага завулка з аднаго боку чыгункі ды вул. Гогалеўскай (раней Козыраўская) з другога. Захаваліся старыя Козыраўскія могілкі.

вернуться

29

Паводле афіцыйнай расейскай статыстыкі, усяго было дэпартавана 3 300 000 чалавек, зь іх 800 000 палякаў, 200 000 габрэяў, астатнія 2 300 000 складалі беларусы і ўкраінцы. Паводле БелЭН, беларускіх уцекачоў было больш за 2 292 000.