Выбрать главу

Разам з эвакуацыйнымі камітэтамі АРА праводзіла вакцынацыю. Усе ўцекачы, якія чакалі рэпатрыяцыі, атрымлівалі прышчэпкі ад тыфусу, халеры, вятранкі, другаснага тыфусу, праводзілася таксама вакцынацыя мясцовага насельніцтва. У Менскай, Віцебскай і Гомельскай акругах прышчэпкі атрымалі каля 1 мільёна чалавек. У афіцыйным выніковым дакумэнце беларускага ўраду будзе адзначана, што 80 % мэдыкамэнтаў для ўцекачоў паставіла АРА.

Старшыня беларускага Чырвонага Крыжа Баркусевіч так падсумуе працу АРА ў першы год у Менску:

АРА перадала Чырвонаму Крыжу 521 тысячу 164 рацыёны да сьнежня 1922, якія былі разьмеркаваныя паміж 18 тысячамі 280 галоднымі; АРА перадала шпіталям Чырвонага Крыжа мэдыкамэнтаў і матэрыялаў на многія мільярды рублёў. Прадстаўнікі АРА сп. Гардзі й лекар Герц, а таксама сп. Ўілабі й Вілі заўсёды ахвотна дапамагалі Чырвонаму Крыжу, і няма ніякага сумневу, што бязь іх дапамогі нашая праца ніколі ня мела б такіх пасьпяховых вынікаў.

Пасьля афармленьня дакумэнтаў насельнікі Козырава выпраўляліся на захад. Каб прадухіліць эпідэміі, на польскім баку пасажыраў з таварных вагонаў накіроўвалі ў канцэнтрацыйныя лягеры, дзе яны праходзілі карантын[30]. Пасьля санацыі ўцекачы адпраўляліся ў свае родныя куты, ня ведаючы, што іх там чакае, але цьвёрда ўпэўненыя, што горш, чым на чужыне, ужо ня будзе.

У 1921–1923 гадох празь Менск прайшлі многія сотні эшалёнаў уцекачоў[31]. Козырава мела агульнаэўрапейскае значэньне:

Харчаваньне, а таксама дэзынфэкцыя ад вошай, шпіталізацыя й агульная санітарная апрацоўка, якую ажыцьцяўляў мэдычны аддзел АРА, рабілі жыцьцё ўцекачоў крыху менш жахлівым ды абаранілі й Польшчу, і Беларусь ад эпідэміі тыфусу.

Так завяршае разьдзел, прысьвечаны працы АРА ў Беларусі, Гаралд Фішэр у сваёй кнізе «Голад у савецкай Расеі, 1919–1923», выдадзенай у Нью-Ёрку ў 1927 годзе.

Кніга ніколі не перакладалася.

6

ЧВАК: «часовы выканаўца абавязкаў каня»

Нэктар з асадкам. — Жаба душыць. — Чароўныя пасылкі. — Некашэрнае малако. — Афэрыст з Бабруйску. — Гардзі ізноў памыляецца. — Дэфіцыт тары. — Цяжкія пасылкі. — Цэны падаюць. — Пайкі паэтам і акадэмікам

Калі ў гарачы чай дадаць пару лыжак амэрыканскага сухога ці згушчанага малака й цукру, напой у галодным горадзе можна сьмела параўнаць з нэктарам. Так падавалася кіраўніку акругі Доналду Гардзі, калі пачыналася выдача пасылак АРА ў Менску. Тая дробязь, што колькі ні разьмешвай, але ў шклянцы застаецца асадак, кіраўніка акругі не бянтэжыла — добрае малако й павінна забельваць посуд. Гардзі памыляўся, гэтаксама як памыляўся, калі думаў, што выдача пасылак выкліча ўсеагульную любоў і павагу да АРА.

Праз тры дні пасьля прыбыцьця амэрыканцаў у Менск у мясцовых газэтах зьявіліся публікацыі, дзе ўхвалялася праца квакераў, якія клапаціліся пра дзяцей, і крытыкавалася АРА, якая нібыта будзе займацца толькі прыватнай дапамогай. Пасьля пратэстаў АРА ўлады выбачыліся й заявілі, што гэта не афіцыйны погляд.

Гардзі ня быў перакананы, што непаразуменьне палагоджана. Ён пісаў у Маскву:

Без сумневу, многія з чыноўнікаў, якія адчуваюць нястачу, мусяць стаяць і назіраць, як шмат у якіх выпадках іхныя рэлігійныя й палітычныя праціўнікі атрымліваюць дапамогу, недаступную ім самім.

Гардзі тлумачыў палітычнымі чыньнікамі тое, што звычайна ўкладваецца ў выраз «жаба душыць», але небеспадстаўна лічыў, што нядобразычлівае стаўленьне напачатку можа пашкодзіць будучай сумеснай працы:

Прадстаўнік ураду, сам камісар, сказаў: «Хаця мы цалкам падтрымліваем праграму пасылак АРА, вы мусіце зразумець, што мы ня можам ставіцца да вашай дапамогі гэтаксама, як калі б вы харчавалі дзяцей як квакеры».

Гуманітарная дапамога агульнага прызначэньня — уцекачам, дзіцячым дамам, шпіталям, настаўнікам, — першыя месяцы была амаль немагчымая. Улады ў Маскве неахвотна дазволілі АРА пачаць працу ў Беларусі, але абмежавалі яе выдачай індывідуальных пасылак, аплачаных за мяжой.

Гэта была вялікая справа. Любы амэрыканец у ЗША, які меў сваякоў у Беларусі, мог паслаць ім харчовую пасылку без пасярэдніцтва пошты, аплаты мыта, бяз клопату, ці не сапсуюцца харчы. За 10 даляраў[32] АРА абавязвалася скамплектаваць пасылку са сваіх гуртавых складоў на месцах і даставіць адрасату ў Радашкавічах ці Мазыры. У сваю чаргу людзі, якія жылі ў Віцебску ці Барысаве, маглі самі паслаць паштовую картку знаёмым у Амэрыку з адзнакай мясцовай канторы АРА й папрасіць дапамогі.

вернуться

30

Аднак і пасьля карантыну часам даводзілася чакаць некалькі дзён на вакзале. У Баранавіцкім лягеры на 800 хворых было чатыры лекары; на адным ложку спалі двое-трое дзяцей. З харчаваньнем было лепш: у пунктах перасячэньня мяжы і ў лягерах былі адкрытыя кухні АРА. Усяго дзейнічала 1849 агульных кухняў і 210 кухняў у дзіцячых дамох, школах, шпіталёх.

вернуться

31

Паводле статыстыкі Белэваку й польскіх зьвестак, атрыманых АРА, да лістапада 1920 празь Менск у Польшчу вярнулася каля 300 000 уцекачоў, у наступны пэрыяд да канца траўня 1922 яшчэ 420 000. Зь цягнікоў у Менску была зьнята 20 000 трупаў.

вернуться

32

Паводле справаздачы Ўілабі, у студзені 1922 на чорным рынку ў Менску 1 даляр каштаваў 300 000 рублёў, у лютым — 400 000, у сакавіку — 1 600 000, у красавіку — 2 800 000, у траўні — 4 000 000.