Выбрать главу

Праграма пасылак была зь вялікім посьпехам апрабаваная ў краінах Эўропы. У гады Першай усясьветнай вайны й пасьля захопу ўлады бальшавікамі царскую Расею пакінулі сотні тысяч чалавек, многія зь якіх апынуліся ў ЗША. Пры плянаваньні пасылачнай праграмы амэрыканцы вызначылі найбольш верагодныя пункты, куды пойдуць пасылкі й дзе трэба прадугледзець адпаведны пэрсанал. Першымі ў сьпісе АРА стаялі тры гарады — Менск, Гомель і Віцебск. 16 студзеня 1922, праз тыдзень пасьля прыезду АРА ў Менск, былі выдадзеныя першыя дваццаць харчовых пасылак.

Пасылка АРА каштавала 15 рублёў 40 капеек золатам[33]. У набор уваходзілі 54 фунты пшанічнай мукі, 27 — рысу, 11 — цукру, 10 — тлушчу, 3 — гарбаты, 20 бляшанак малака[34].

Праграма выклікала бурную цікавасьць. Больш за тысячу паштовак-замоваў штотыдня прымалі ў менскай канторы АРА на працягу ўсяго 1922 году. Араўская пасылка, паводле ацэнак, дапамагала выжыць сям’і зь пяці чалавек цягам тыдня. Адначасова гэтыя людзі не забіралі рэсурсы ад іншых, і такім чынам адна пасылка дапамагала дзесяці чалавекам. Каб запабегчы спэкуляцыі, на адно імя прымалася ня больш за пяць пасылак.

Хутка Гардзі пераканаўся, што адметны погляд на амэрыканскую дапамогу ў Менску маюць ня толькі камісары. Не без іроніі ён пісаў у Маскву:

У параўнаньні з чорным хлебам, слабым чаем і макавым насеньнем, харчовы пакет АРА мусіў бы ўспрымацца як нэктар для згаладнелай душы. Баімся, гэта ня так. Пайшла чутка, што ад араўскага малака застаецца лёгкі асадак нават пасьля самага моцнага разьмешваньня. Таму ўчора кошт малака на мясцовым рынку за паўгадзіны ўпаў са 100 тысяч рублёў за бляшанку да 80 тысяч.

Але гэта было ня ўсё. Гардзі працягваў:

Стала вядома, што ствараецца артадаксальная група, якая неўзабаве будзе дамагацца, каб да кожнай бляшанкі была прыкладзеная даведка галоўнага рабіна Амэрыкі, што гэта сапраўды малако ад памыснай каровы з добрай рэпутацыяй і ня мае ніякага дамешку ад свайго брата — парсюка, а таксама, што была праведзеная належная цырымонія блаславеньня. Таксама сьцьвярджаюць, што наш цукар не такі салодкі, як расейскі, у разьліку на адну крупку. Усе гэта разам дае ўяўленьне пра зьменлівы погляд на якасьць паслугаў, якія АРА аказвае тутэйшаму шырокаму грамадзтву.

Нягледзячы на сумнеўную кашэрнасьць, пасылкі мелі надзвычайны посьпех. Прычым у першыя месяцы ў часткі менскай публікі ўзьнікла ўпэўненасьць, што ўжо сама картка-замова, якую яны перадавалі АРА для адпраўкі ў ЗША, каштуе 10 даляраў. Праз пару дзён яны зьяўляліся ў кантору па пасылку й недаверліва слухалі абвяржэньні. Гардзі паведамляў:

Нейкі джэнтэльмэн з Бабруйску, які меў пэўнае дачыненьне да нашага офісу, скалаціў сабе багацьце, наладзіўшы аўкцыён картак на рынку ў родным горадзе, беручы па 25 тысяч рублёў за кожную.

Дзякуючы гуртавым закупам, харчовы набор каштаваў АРА 6 даляраў 75 цэнтаў; дастава, страхоўка, іншыя выдаткі забіралі яшчэ адзін даляр. Ад кожнай замовы заставалася ў сярэднім 2 даляры 25 цэнтаў — гэтыя грошы былі скарыстаныя для бясплатнага харчаваньня дзяцей[35].

Папулярнасьць АРА ўсё больш раздражняла ўлады. Выдача пасылак адбывалася без уліку клясавых прынцыпаў разьмеркаваньня, без увагі на думку тутэйшага начальства. Але й амэрыканцы шмат у чым залежалі ад мясцовых уладаў. Паводле пагадненьня ў Рызе, савецкі бок нёс выдаткі, зьвязаныя з разьмеркаваньнем дапамогі[36].

Гардзі ўзрадаваўся, калі ў сакавіку атрымаў вестку пра пашырэньне праграмы дапамогі для Беларусі. Ён сьпяшаўся паведаміць у Маскву:

У выніку нарады з Прэзыдэнтам Беларусі, на якой мы абмеркавалі будучую мэдычную праграму й харчаваньне дарослых, мы заўважылі досыць яўную зьмену ў стаўленьні да нашых патрэбаў у гэтай сувязі.

Гардзі зноў памыляўся. Калі ў Беларусь пачне паступаць амэрыканская дабрачынная дапамога агульнага прызначэньня — для дзяцей, шпіталёў, адрасныя пасылкі для рэлігійных і прафэсійных групаў, дачыненьні зь мясцовым кіраўніцтвам ня толькі не палепшацца, а стануць галоўнай праблемай у працы[37].

вернуться

33

Савецкая грашовая сыстэма была надзвычай няўстойлівая. Зь лістапада 1917 да сакавіка 1921 колькасьць грошай павялічылася ў 76 разоў, а таварныя цэны — у 93,6 разу. У 1922–1923 былі праведзеныя дзьве дэнамінацыі, у выніку якіх 1 000 000 рублёў старымі грашовымі знакамі стаў роўным 1 новаму рублю. У 1923 быў выпушчаны ў абарачэньне чырвонец — банкаўскі білет, які адпавядаў старой 10-рублёвай залатой манэце. З 5 лютага 1924 у абарачэньні зьявіліся казначэйскія білеты (1, 3 і 5 рублёў), а з 15 лютага 1924 перасталі выпускацца «совзнаки». Апошнія падлягалі абмену ў суадносінах: 1 рубель казначэйскімі за 50 000 «совзнаков» узору 1923 або 50 000 000 рублёў недэнамінаваных узораў.

вернуться

34

Сярэдняя савецкая месячная пайка напачатку 1922 складалася з 40 фунтаў жытняй мукі, 2 — солі, 7 — аўса, 1 — масла ці 2 — мяса, 1 — цукру, агулам на суму 1 рубель 88 капеек золатам.

вернуться

35

У студзені 1922 АРА купляла цукар па 111 даляраў за тону, муку — 76, тлушч — 280, сухое малако — 240, какаву — 100. Усяго ў 1921–1923 на падсавецкіх тэрыторыях было выдадзена ў пасылках 75 тысяч тон харчу на суму 13 мільёнаў 680 тысяч 193 даляры. Дзякуючы розьніцы гуртавых і раздробных цэнаў АРА атрымала каля 3 мільёнаў 600 тысяч даляраў прыбытку, які пайшоў на харчаваньне дзяцей.

вернуться

36

Зь бюджэту аплачвалася праца мясцовых упаўнаважаных і іх штату, разгрузка-пагрузка вагонаў АРА, а таксама заробак супрацоўнікам АРА (за выключэньнем амэрыканцаў), канторскія, падарожныя, транспартныя выдаткі, абсталяваньне й ахова складоў, утрыманьне й рамонт жытла замежных супрацоўнікаў, рахункі за электрычнасьць, ваду.

вернуться

37

АРА адрозьнівалася ад усіх замежных арганізацыяў прынцыпам дзейнасьці: поўная справаздачнасьць на ўсіх этапах, кантроль і праца без пасярэднікаў. Вагоны правяраліся на станцыі, і, калі плёмбы былі сарваныя, грузы ўзважваліся, фіксавалася недастача. Нават пасьля выдачы прадуктаў дзіцячым дамам і шпіталям АРА лічыла іх сваёй маёмасьцю — да поўнага выкарыстаньня. Такі падыход злаваў улады, яны ніяк не маглі зьмірыцца з сытуацыяй, над якой ня мелі поўнага кантролю.