Але й больш простая рэч — выдача індывідуальных пасылак — ад пачатку вымагала настойлівасьці й вынаходлівасьці. І ня толькі ў сувязі з экзатычнымі патрабаваньнямі артадаксальных вернікаў ці бабруйскімі афэрыстамі.
У Менску нечаканай праблемай сталася тара. Каб расфасаваць гуртавыя пастаўкі ў індывідуальныя пасылкі, патрабаваліся кулькі, мяшэчкі, пакеты, папера, сушчэпкі, шпагат, цьвікі, бляшанкі, драўляныя скрынкі — усё, што больш не выраблялася й не прадавалася.
Праз тры тыдні пасьля прыезду, напярэдадні прыбыцьця ў Менск васьмі чарговых вагонаў з харчам, Гардзі забіў трывогу:
Мы папярэдне абсьледавалі горад у пошуках тары й нічога вартага не знайшлі. Адзіная магчымасьць — купіць 350 мэтраў дзяругі й пашыць мяшэчкі пад муку, рыс, чай і цукар. Гэтага абсалютна недастаткова, і кошт складзе 34 цэнты на адну 10-даляравую пасылку. Мы спрабуем замовіць паштовыя скрынкі на дзяржаўнай фабрыцы, але яны будуць каштаваць 25–30 цэнтаў. Хаця мы пакуль не вычарпалі мясцовых магчымасьцяў, але пэўныя, што ня ўдасца здабыць патрэбнай колькасьці тары для накіраваных нам 2400 пасылак.
Гардзі прасіў прысылаць тару з Масквы й зрабіў запыт пра кошты на фасавальны матэрыял у Вільні. Тымчасам у канторы АРА вывесілі абвесткі: адрасатаў прасілі прыходзіць са сваёй тарай, а таксама вяртаць араўскую для шматразовага выкарыстаньня. Гэта замарудзіла выдаваньне, і ля складоў часам таўкліся дзясяткі людзей, якія ніяк не маглі атрымаць сваіх пасылак.
Тады быў уведзены наступны парадак: усе адрасаты мусілі прыходзіць прынамсі з адным вялікім мехам. Гардзі наняў трох краўцоў, якія распорвалі мяхі й з аднаго вялікага рабілі тры малыя.
Шчасьлівыя адрасаты расьпісваліся ў ведамасьці — і тут узьнікала новая праблема. Адна араўская пасылка важыла болей за паўцэнтнэра, нават у межах гораду дацягнуць яе было цяжка[38].
Тады ў Менску й зьявіліся ЧВАКі — «часовыя выканаўцы абавязкаў каня».
Гардзі паведамляў у Маскоўскую штаб-кватэру:
ЧВАКі — людзі з вазкамі, якія развозілі пасылкі са складоў АРА па ўсім Менску, у любое надвор’е й на любую адлегласьць. Напачатку ЧВАКу давяралі ня больш за два пакункі. Цяпер шмат хто зь іх мае коней і развозіць ад 5 да 25 пасылак за раз.
Праз тыдзень пасьля пачатку пасылкавай праграмы харчовыя кошты на рынку ў Менску ўпалі на 10 %, а празь месяц яшчэ на 20 %.
У лістападзе газэта «Звезда» пісала пра вынікі працы менскай канторы АРА:
У першую чаргу ўвага была зьвернутая на выдачу харчовых пасылак. Ад студзеня да 1 лістапада было выдадзена каля 43 000 такіх пасылак. Гэтаму шмат спрыяла пасылка спэцыяльных картак сваякам і знаёмым у Амэрыку. За гэты час пераслана каля 50 000 картак, на 75 % якіх былі высланыя пасылкі. У сувязі з усталяваньнем нармальнай сувязі з Амэрыкай карткі атрымліваюцца там на 17-ы дзень пасьля высылкі.
Аднак бальшыня тых, каму была патрэбная дапамога, ня мела сваякоў у Амэрыцы. Напачатку лістапада кіраўнік Менскай акругі зьвярнуўся да свайго начальства з просьбай:
Становішча прафэсараў унівэрсытэту й інстытутаў, а таксама выкладчыкаў сапраўды вартае жалю. У выніку розных рэвалюцыяў, акупацыйных арміяў, наплыву ўцекачоў і заразных захворваньняў… пэрсанал, а таксама будынак унівэрсытэту моцна пацярпелі. Прафэсары й выкладчыкі атрымліваюць мізэрныя заробкі, якія часам не выплачваюцца.
У нашу кантору штодня прыходзяць выкладчыкі ў пошуках якога-кольвечы заробку, каб атрымаць некалькі рублёў дзеля існаваньня. 165 прафэсараў і выкладчыкаў унівэрсытэту й інстытутаў церпяць вялікую нястачу. Неабходна аказаць ім дапамогу да вясны.
Ці магла б АРА выдаваць 165 пасылак штомесяц гэтым выкладчыкам цягам чатырох месяцаў? Гэта дало б магчымасьць інстытутам Беларусі працаваць бесьперапынна да наступнага красавіка.
Копію ліста кіраўнік акругі адаслаў Стакоўскаму. Прапанову абмеркавалі ва ўрадзе. Скласьці сьпісы на атрыманьне дапамогі было даручана кіраўніку Акадэмічнага цэнтру[39] Ўсеваладу Ігнатоўскаму, які зьяўляўся старшынём Беларускай камісіі паляпшэньня быту вучоных (Белкубу). Ігнатоўскі зьвярнуўся з афіцыйным лістом на імя ўпаўнаважанага:
Сто пасылак АРА для навуковых дзеячаў Беларусі Белкубу просіць выдаць у яе адрас адпаведна пайменным сьпісам, якія будуць пададзеныя дадаткова, дзеля разьмеркаваньня гэтых пасылак паміж навуковымі супрацоўнікамі Ўнівэрсітэту, Сельска-Гаспадарчага Інстытуту, Інстытуту Беларускай Культуры і іншымі дзеячамі навукі, зарэгістраванымі ў Белкубу.
38
Паводле перапісу, на студзень 1922 у Менску налічвалася 102 375 жыхароў. Адзіным грамадзкім транспартам была конка, якая цягнулася пяць вёрстаў і за дзень перавозіла 2800 пасажыраў. У горадзе таксама было зарэгістравана 150 легкавых возьнікаў і 120 біндзюжнікаў, розныя ўстановы мелі каля 300 уласных выездаў. Але гэтая транспартная сыстэма бальшыні адрасатаў дапамогі была не па кішэні.