Менская кантора АРА складалася з шасьці аддзелаў: харчовых даставаў, бугальтэрыі харчовых даставаў, аддзелу замоваў, аддзелу фінансаў і маёмасьці, аддзелу складоў і мэдычнага аддзелу. У якасьці адзінага станоўчага прыкладу ўрадавай дапамогі Гардзі здолеў назваць наяўнасьць складоў — АРА мела ў сваім распараджэньні два складавыя памяшканьні, паковачную й даставачную станцыі.
Хоць ва ўсіх аддзелах працавалі мясцовыя жыхары, АРА ня мела права беспасярэдняга найму. Амэрыканцы праводзілі сумоўе, адбіралі людзей, але мусілі ўзгадняць прыём зь мясцовым упаўнаважаным. Фармальна рэч была ў тым, што аплачваць працу мясцовых супрацоўнікаў мелі савецкія ўлады. Але ня толькі[40].
Каб паступіць на працу ў АРА, Левін мусіў запоўніць адмысловую анкету, якую потым перадавалі ў апарат упаўнаважанага Стакоўскага.
Анкета, якую запаўнялі кладаўшчыкі й бугальтары, лекары й рабочыя, усе мясцовыя супрацоўнікі АРА, на самым пачатку папярэджвала:
За непраўдзівыя зьвесткі і ўхіленьне ад такіх вінаватыя будуць прыцягвацца да судовай адказнасьці.
Зьвесткі, за якія пагражаў суд, былі даволі спэцыфічныя:
Саслоўнае паходжаньне
Ранейшае матэрыяльнае становішча
Зьвесткі пра сваякоў, асобна — пра тых, хто служыць у Чырвонай арміі, і тых, хто служыў у старой.
Чым і дзе займаўся за пяць пэрыядаў:
- да вайны 1914 году
- да лютаўскай рэвалюцыі
- да Кастрычніцкай рэвалюцыі
- пасьля Кастрычніцкай рэвалюцыі
- падчас польскай акупацыі.
Палітперакананьні:
- ці быў раней у складзе якой-небудзь партыі
- погляд на Савецкую ўладу ў кароткіх рысах і прынцыпова.
Для прыёму на працу таксама патрабаваліся рэкамэндацыі «2-х чальцоў РКП(б) альбо відных савецкіх работнікаў».
Напрыклад, селянін з-пад Наваградку Андрэй Баршчэўскі на ўсе пяць дадатковых пытаньняў пра пэрыяд 1914–1921 гадоў напісаў «быў у Амэрыцы». Адказ пра прынцыповы погляд на новую ўладу Баршчэўскага сьведчыў пра немалы жыцьцёвы досьвед:
Падабаецца ўлада.
У выніку атрымаў дазвол і быў прыняты на працу ў склад АРА.
Як адказаў на гэтыя пытаньні лекар Залман Левін, невядома. Пасьля таго як ягоная анкета была перададзеная ў апарат Стакоўскага, сакратар-перакладчык Карл Скаўронак зарэгістраваў яе й напісаў стандартнае суправаджэньне:
Пры гэтым накіроўваецца анкета супрацоўніка АРА, запрошанага імі на службу. Падстава — распараджэньне Ўпаўнаважанага.
Уклаў у канвэрт і паставіў новы адрас — ГПУ Беларусі[41].
Парадак, паводле якога працаўладкаваньне ў АРА залежала ад згоды карных органаў, быў усталяваны ў 1921 годзе. Падставай паслужыла дакладная запіска ВЧК:
Паводле нашых зьвестак, амэрыканцы ў арганізацыю АРА прыцягваюць варожыя да Савецкай улады элемэнты, зьбіраюць шпіёнскую інфармацыю ў Расеі й займаюцца скупкай каштоўнасьцяў.
Менская кантора АРА рэгулярна атрымлівала дэпэшы з апарату Стакоўскага з патрабаваньнем наноў запоўніць анкеты супрацоўнікаў, прайсьці перарэгістрацыю, здаваць фатакарткі на новыя пасьведчаньні. Упаўнаважаны тлумачыў:
Хто не атрымае новых пасьведчаньняў, будзе лічыцца асобай, якая хаваецца.
Палітбюро ЦК РКП(б) таксама патрабавала «ачысьціць склад супрацоўнікаў АРА ад непажаданага элемэнту». Старшыня СНК Ленін прапанаваў стварыць камісію, каб выпрацаваць «меры спэцыяльнай засьцярогі на выпадак празьмернага пашырэньня апарату АРА й прыцягненьня ім ненадзейных элемэнтаў».
Якім элемэнтам быў прызнаны Левін, АРА не паведамілі, але згоды на працаўладкаваньне не далі.
У Менск, Віцебск, Гомель ішлі мэдычныя матэрыялы з ЗША, эфэктыўна разьмеркаваць якія маглі толькі дасьведчаныя спэцыялісты. Камплекты ўключалі 377 розных лекавых прэпаратаў, 15 гатункаў дэзынфэктантаў, 11 розных вакцынаў, 133 тыпы лябараторных матэрыялаў, 627 найменьняў хірургічных інструмэнтаў і шпітальнага рыштунку. Многія зь іх былі спэцыфічна амэрыканскія й патрабавалі кампэтэнтнага інструктажу перад выкарыстаньнем; шмат што, як тоны хляраформу й борнай кіслаты, вакцыны ад вятранкі й тыфусу, уяўлялі небясьпеку ў недасьведчаных руках.
40
Ужо праз тры дні пасьля падпісаньня пагадненьня з АРА кіраўнік бальшавіцкага ўраду Ленін уласнаручна напісаў цыдулку: «Прапаную Палітбюро пастанавіць: скласьці камісію з заданьнем падрыхтаваць, распрацаваць і правесьці праз ВЧК і іншыя органы ўзмацненьне нагляду й сачэньня за замежнікамі». (Паводле кнігі Д. Валкагонава «Ленин. Политический портрет».)
41
6 лютага 1922 ВЧК была пераўтвораная ў ГПУ — Дзяржаўнае палітычнае ўпраўленьне Наркамату ўнутраных страваў. Напачатку сакавіка пры Цэнтральным выканаўчым камітэце ССРБ было ўтворанае Дзяржпалітупраўленьне, якому былі перададзеныя справы ЧК Беларусі.