Выбрать главу

Беларуская савецкая энцыкляпэдыя 1969 году АРА ігнаруе, а ў 1996-м у артыкуле «АРА» Беларуская энцыкляпэдыя піша:

Урадавая арг-цыя ЗША ў 1919–23 па аказанні харчовай і інш. дапамогі еўрап. краінам, што пацярпелі ў 1-ю сусв. вайну. Узначальваў Г. Гувер. Фактычна выкарыстоўвалася для ўмацавання эканам. і паліт, пазіцый ЗША, стрымлівання рэв. руху ў Венгрыі, Румыніі, Балгарыі і інш. У 1921–22 аказала дапамогу ў час голаду ў Паволжы, на Украіне. У выніку канкурэнцыі з боку Англіі, Францыі і Італіі яе дзейнасць у Еўропе спынена.

Адзіны праўдзівы сказ — найкарацейшы, пра Гербэрта Гувэра. Астатнія чатыры — недакладнасьці, замоўчваньні й хлусьня.

Гісторыю АРА пісалі самі араўцы. Гаралд Фішэр узначальваў гістарычны аддзел арганізацыі і ў 1927 годзе выдаў кнігу «Голад у савецкай Расеі, 1919–1923». Аднак Беларусі там адведзеныя пяць з паловай старонак — зь пяцісот. Асобныя дасьледаваньні прысьвечаныя дзейнасьці АРА ў Польшчы, дзе імем Гувэра названыя пляцы, пастаўлены помнік. Першае дасьледаваньне дзейнасьці АРА ў Беларусі зьявілася таксама ў ЗША. У 1978 годзе студэнтка Прынстанскага ўнівэрсытэту Алеся Кіпель прысьвяціла гэтай тэме дыплёмную працу й надрукавала артыкул у «Запісах» Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва.

Нягледзячы на афіцыйнае маўчаньне, у Беларусі Гербэрта Гувэра памяталі. Карта разьмяшчэньня харчовых пунктаў АРА густа пазначаная вакол Берасьця, Баранавічаў, Наваградку, Ашмянаў, Ваўкавыску, Вялейкі, Пінску: 1 мільён 315 тысяч 490 дзяцей карміла АРА штодня ў тагачаснай Польшчы ў пік актыўнасьці. У 1931 годзе ў гонар Гувэра была названая вуліца ў Горадні. Але ў 1939-м, як толькі саветы прыйшлі ў Заходнюю Беларусь, шыльду зь імем амэрыканскага прэзыдэнта зьнялі. Напачатку 1990-х гадоў гарадзенскі гісторык Ігар Трусаў прапанаваў аднавіць назву:

Жывуць людзі, якіх не было б на сьвеце, калі б гэты высакародны чалавек не намагаўся накарміць і апрануць галодных людзей у незнаёмай, далёкай, разбуранай вайной краіне. Глыбока прыстойна зрабілі б гарадзенцы, калі б вярнулі маленькай вуліцы імя Гербэрта Гувэра…

Амэрыканская дапамога падсавецкай Беларусі ў 1922–1923 гадох перавысіла 14 тысяч 440 тон харчу, мэдыкамэнтаў, абсталяваньня, адзеньня коштам больш за 2 мільёны 730 тысяч даляраў[2]. Дапамогу Беларусі таксама аказвалі іншыя дабрачынныя арганізацыі — Чырвоны Крыж, місія Нансэна[3], Таварыства сяброў — Квакеры[4], Амэрыканскі аб’яднаны габрэйскі камітэт разьмеркаваньня фондаў — Джойнт[5], шэраг амэрыканскіх рэлігійных арганізацыяў. Усе яны, нашмат меншыя паводле маштабу дапамогі, узаемадзейнічалі з АРА. Найбуйнейшая зь іх, Джойнт, больш за год арганізацыйна ўваходзіла ў склад АРА.

Араўцы кармілі галодных і лячылі хворых, ратавалі ўцекачоў і дапамагалі выезду да сваякоў у Амэрыку, чыталі лекцыі, распачалі ў Менску курсы ангельскай мовы… І адначасова — вялі бясконцае змаганьне з навасьпечанай савецкай бюракратыяй, за імі сачыла ЧК[6], іхныя рэчы канфіскоўвала мытня, ім спрабавалі дыктаваць свае ўмовы камуністычныя прафсаюзы…

Некаторыя знайшлі ў Беларусі жонак, некаторыя пасьля вярталіся сюды зноў. Падчас працы ў Гувэраўскім інстытуце ў Каліфорніі я разаслаў некалькі сотняў лістоў у спробе знайсьці нашчадкаў супрацоўнікаў АРА, уведаць пра іхныя лёсы. Памяць пра Беларусь яны захоўвалі доўгія гады. Джордж Шрэмэл, які ў 1921 годзе працаваў у Менскай акрузе АРА, пісаў у студзені 1944:

Найлепшыя пажаданьні ўсім арамітам Менскага рэгіёну — д’ябальскае месца быць там цяпер…

Супрацоўнікі АРА выдатна адчувалі сваю ролю й місію. Шмат гадоў пасьля спыненьня дзейнасьці араміты, як яны сябе называлі, выдавалі бюлетэнь, праводзілі штогадовыя сустрэчы, перапісваліся. Да канца дзён яны называлі Гербэрта Гувэра «Chief» — шэф, ці кіраўнік — так называюць правадыроў індзейскага племя, і захоўвалі сваё араўскае братэрства.

Гэтая кніга — толькі спроба падзякаваць за сваё прозьвішча ў лістох да Гербэрта Гувэра, што ўсе гэтыя гады ляжалі ў прыцемненых сховішчах архіву ў Каліфорніі.

2

АРА ў Менску: ня чулі, не чакалі, ня клікалі

Амэрыканцы ў горадзе. — Сала скралі. — Зьбянтэжаны Чарвякоў. — Беларуская памяркоўнасьць. — Зварот Рады БНР. — Рамантычнае тлумачэньне. — Нумары з пацукамі. — Від на Менск з «Парыжу»

вернуться

2

1 даляр ЗША ў цэнах 1922 роўны 11 далярам ЗША 2004.

вернуться

3

Найвышэйшая камісія Лігі Нацыяў у справах уцекачоў (1919–1946). У 1921–1930 дзейнічала пад кіраўніцтвам нарвэскага палярнага дасьледніка Ф. Нансэна.

вернуться

4

Квакеры — Таварыства сяброў, пасьлядоўнікі радыкальнага кірунку ў пратэстантызьме; заснаванае ў 1652 у Ангельшчыне. Амэрыканскае таварыства сяброў (Квакеры) аказвала дапамогу ахвярам першай і другой усясьветных войнаў.

вернуться

5

Аб’яднаны камітэт разьмеркаваньня фондаў дапамогі габрэям, якія пацярпелі ад вайны, заснаваны ў 1914 у ЗША.

вернуться

6

ЧК (ВЧК, Всероссийская чрезвычайная комиссия) — карны орган дыктатуры й пазасудовай расправы з праціўнікамі камуністычнага рэжыму ў савецкай дзяржаве (1919–1922). У 1922 пераўтвораная ў ГПУ.