Лекар Ралф Герц, завалены велізарным аб’ёмам працы, у роспачы слаў у мэдычны аддзел АРА просьбы аб дапамозе:
Улады не ўхваляюць доктара Левіна на палітычнай глебе. Але ён быў бы вельмі добрай асобай для маёй працы, і таму я так хачу ўзяць яго.
Кіраўнік акругі Доналд Гардзі зьвярнуўся да ўпаўнаважанага Стакоўскага па тлумачэньні, але не атрымаў іх. Тады ён папрасіў кіраўніка АРА ў Расеі палкоўніка Гаскела ўмяшацца на ўзроўні цэнтральнай савецкай улады. У тэлеграме ў Маскоўскую штаб-кватэру Гардзі пісаў:
Доктар Левін ня толькі безумоўна найлепшы лекар у Менску, але, калі ўлады ня змогуць дастаткова абгрунтаваць сваё рашэньне, мы павінны адстаяць нашую пазыцыю.
Гаскел зьвярнуўся зь лістом да галоўнага савецкага ўпаўнаважанага Эйдука:
Прашу вас загадаць вашаму менскаму прадстаўніку альбо задаволіць хадайніцтва пра прызначэньне доктара Левіна, альбо паведаміць мне прычыны, паводле якіх гэтае прызначэньне непажаданае.
І Гаскел, і Герц маглі здагадвацца, што хуткага адказу ня будзе і, магчыма, адказу ня будзе ўвогуле. Гэта была зусім ня першая скарга ў справе мэдычнай дапамогі Беларусі. Неўзабаве пасьля прыезду ў Менск лекар Ралф Герц мусіў у роспачы дыктаваць ліст у Маскву:
Калі я прыехаў сюды, мяне запэўнілі, што ўрад будзе рабіць усё магчымае, каб дапамагчы арганізаваць нашую мэдычную праграму. Аднак улады ня толькі не аказалі неабходнай падтрымкі, але часам здаецца, што яны спрабуюць нам перашкодзіць. Галоўнаю цяжкасьцю быў рамонт складу на станцыі. Мы мусілі зьвяртацца да двух асобных дэпартамэнтаў — Белэваку й Наркамхарчу, каб атрымаць дошкі для паліцаў. Мы аплацілі аванс. Улады, нягледзячы на выказаную імі зацікаўленасьць у нашай мэдычнай працы ў Менску, зноў нічога не зрабілі, адно абяцалі. Мы прапануем, каб вы сказалі, што, калі ад вашага мэдычнага прадстаўніка ў Менску ня будзе больш станоўчых паведамленьняў, мэдычная праграма ў Беларусі будзе скарочаная.
Праз тыдзень, 13 красавіка, у прымальню ўпаўнаважанага Эйдука быў дастаўлены ліст ад намесьніка кіраўніка АРА Сырыла Кўіна, які пераказваў зьмест скаргі Герца й ветліва, але недвухсэнсоўна прасіў:
Нягледзячы на дадзенае Ўрадам Беларусі абяцаньне зрабіць усё неабходнае для спрыяньня АРА ў выкананьні яе праграмы мэдычнае працы ў Менску й ваколіцах, ён такой дапамогі нам не аказаў. Не адмоўце паведаміць Урад Беларусі, што, калі мы не атрымаем больш станоўчых зьвестак ад нашага мясцовага прадстаўніка наконт супрацы й спрыяньня ўладаў нашай працы, нам давядзецца скараціць нашую мэдычную праграму ў Беларусі.
Невядома, ці пагроза дапамагла, ці маскоўскае начальства мела іншыя пляны, але супраца выправілася. Напрыканцы году газэта «Звезда» паведамляла:
Апошнім часам стала магчымым палепшыць забесьпячэньне шпіталёў мэдыкамэнтамі. Дзякуючы дапамозе АРА, шпіталі Менскага павету забясьпечаныя мэдыкамэнтамі на тры месяцы.
З 49 шпіталёў у Менскай акрузе пяць цалкам працавалі на амэрыканскіх пастаўках, а 20 клінік і шпіталёў задавальнялі 90 % сваіх патрэбаў са складу АРА[42]. 113 дзіцячых дамоў і садкоў атрымлівалі амэрыканскія мэдычныя матэрыялы й мэдыкамэнты. Герц клапаціўся й пра мэдыкаў — хадайнічаў аб выдачы ім пасылак, адзеньня; з надыходам халадоў яму ўдалося здабыць для іх 500 коўдраў.
Невядома, ці атрымаў амэрыканскую коўдру ў сваім шпіталі лекар з амэрыканскім дыплёмам, якога Ралф Герц настойліва спрабаваў узяць на працу.
Паводле агульнага сьпісу мясцовых супрацоўнікаў АРА ад пачатку дзейнасьці ў Беларусі да завяршэньня, у Менскай акрузе працаваў 91 чалавек — хто ўсе паўтара году, хто некалькі месяцаў — рабочыя, машыністкі, фармацэўты, прыбіральшчыцы, шафёры, бугальтары, інспэктары.
Прозьвішча Левін у сьпісе ня значыцца[43].
8
Кватэрнае пытаньне: ад «Парыжу» да «Савецкай» безь пераменаў
Гультаі й камсамольцы. — Жытло без пазалоты. — Бэйсбол у Аляксандраўскім сквэры. — Некамунальная спрэчка. — Візыт Гаскела. — Раскажыце Дзяржынскаму. — Гарантыі Блехера. — Габэленаў ня будзе
Вокны сталічнага гатэлю «Парыж», дзе пасяліліся амэрыканцы, выходзілі на Гарадзкі сад, былы Аляксандраўскі сквэр, у цэнтры якога месьціўся першы ў Менску фантан, а побач стаяў будынак тэатру. На зіму скульптура «Амур і лебедзь» была забітая дошкамі, але тэатар працаваў. Раён быў ажыўлены і ўдзень, і ўвечары.
42
Усяго ў 1922–1923 тры беларускія акругі атрымалі празь Менск 51 вагон мэдыкамэнтаў, рыштунку й абсталяваньня агульнай вагой 484 тоны.
43
Імя Залман Левін сустракаецца ў сьпісе супрацоўнікаў Джойнту ў чэрвені 1923, пасада — сакратар.