Выбрать главу

Камсамолец Кандрат Крапіва так апіша гэты сквэр у вершы, датаваным жніўнем 1922:

Хто гуляў на Менскім сквэры, Ці мо блізка хаця йшоў, Той бязь ліку і бязь меры Мог там бачыць гультаёў, —
…Вось пад руку на буксіры Нэпман нэпманку вядзе, Пра гешэфты нэпман шчыра, Пра чырвонцы ёй гудзе.
…Вось дзяцей сабралась куча, Крык паднялі, як гракі; Вабяць хлопцаў вось, ідучы, Ўжо «начныя матылькі».
Пасядзеў я з паўгадзіны, Але болей-то ня мог: Грак нацэліўся з асіны Мне на шапку, каб ён здох!
З той пары (кажу я верна, Ты, чытач, хоць вер ня вер), Аж вантробы зь мяне верне, Як уздумаю пра «сквэр».

Калі верыць байкапісцу, ён вытрываў у сквэры толькі паўгадзіны й больш да фантана не хадзіў. Відаць, толькі дзякуючы гэтаму на пяро сатырыка не патрапіў амэрыканскі бэйсбол.

Супрацоўнікі АРА мелі магчымасьць замаўляць для сябе праз Маскоўскую штаб-кватэру рэчы й прадукты. У Менску ўжо працаваў сакратар акругі Джордж Шрэмэл, на дапамогу Ралфу Герцу ў ліпені прыбыў яшчэ адзін лекар, Фрэнк Вілі. Кіраўнік акругі Доналд Гардзі выпісаў сабе спартовы рыштунак: бэйсбольную біту, два мячы, тэнісную сетку й ракеткі, пару баксэрскіх пальчатак. Мінакі ў сквэры маглі назіраць за дзіўнымі амэрыканцамі, якія спрабавалі пацэліць драўлянай дубінай па мячыку.

Гатэль «Парыж», дзе спыніліся амэрыканцы, меў салідную рэпутацыю да вайны, але пасьля некалькіх акупацыяў пазалота аблупілася.

Ад «Парыжу» да другога Дому саветаў, дзе на рагу Магазыннай і Губэрнатарскай[44] месьцілася кантора АРА (Губэрнатарская, 23)[45], было пяць хвілін пешкі. Аднак амэрыканцы былі незадаволеныя — рэч была не ў адлегласьці.

У траўні 1922 у Менск з Масквы ненадоўга прыехаў дырэктар АРА палкоўнік Ўільям Гаскел. Ён агледзеў склады, офісы, пазнаёміўся з апэрацыямі Менскай акругі й сустрэўся з упаўнаважаным Мар’янам Стакоўскім. Перад гэтым Гаскел на свае вочы пабачыў умовы жыцьця пэрсаналу, пра якія раней у Маскву пісаў Гардзі:

У нас пакоі ў гатэлі бяз ваннаў, бязь месца для харчаваньня, без адпаведных туалетаў. У менскіх рэстаранах часта няма дроваў, і мы мусім самі гатаваць у гатэльных пакоях. Мы зрабілі заяўку на адзін будынак, які пустуе ўжо тры месяцы, але ня маем адказу.

Гардзі нават завёз Гаскела й паказаў яму будынак:

Гэта былы маленькі шпіталь, чысты, вольны, усяго адзін паверх. Чатыры з адзінаццаці пакояў замалыя нават для спальняў; плюс там бы месьціўся кухар, прыбіральшчыца, камэндант і склад.

Менскія ўлады быццам пагаджаліся на пераезд араўцаў у шпіталь, але давалі ім толькі частку памяшканьняў: рэшта прызначалася для іншых жыхароў. Араўцам намякнулі, што пытаньне можа вырашыць толькі ўсёмагутны Фэлікс Дзяржынскі.

Па вяртаньні ў Маскву Гаскел накіраваў ліст прадстаўніку савецкага ўраду Эйдуку:

У Менску ёсьць дом, што стаіць вольны ўжо тры месяцы й быў абяцаны для АРА за выняткам аднае часткі, якую ўлады хочуць пакінуць для сябе. Вельмі нязручна мець дом, так падзелены, і, здаецца, няма сур’ёзных падставаў не перадаць нам памяшканьне цалкам. Падставы для гэтага настолькі дзіўныя, што, я ўпэўнены, яны не атрымаюць вашай згоды. Мне сказалі, што, калі Масква дасьць распараджэньне перадаць дом цалкам АРА, яно будзе выкананае. Здаецца, мясцовыя паліцэйскія ўлады маюць пярэчаньні супраць перадачы дома цалкам, і я зьвяртаюся да вас з просьбай папрасіць сп. Дзяржынскага ці іншую маскоўскую ўстанову даць менскай міліцыі распараджэньне перадаць дом.

«Дзіўныя падставы» й зварот да Дзяржынскага тлумачыліся адной архітэктурнай асаблівасьцю ўпадабанага дома — агульнай сьценкай з турмою менскай ЧК.

Эйдук, аднак, зьвярнуўся з запытам не на Лубянку да Дзяржынскага, а ў Менск да Стакоўскага. Адказ зь Беларусі быў падрыхтаваны імгненна, перасланы ў Маскву Эйдуку, і той, у сваю чаргу, накіраваў яго кіраўніцтву АРА. Доналд Гардзі потым адзначаў:

З майго досьведу працы са славянамі, у іх належным чынам аформленая папера ці пратакол ёсьць вырашэньнем усіх праблемаў; пячатка, верагодна, важнейшая за праўду.

У адказ на амэрыканскія просьбы Стакоўскі прасіў Эйдука паінфармаваць АРА ў Маскве пра тое, што Менск быў тройчы пад акупацыяй і амаль зруйнаваны. Паводле Стакоўскага, АРА ў Менску мае дадатковыя офісныя памяшканьні, а добрых канцылярскіх сталоў няма нават ва ўрадавых установах. Што да звычайных сталоў, дык Гардзі можа атрымаць колькі хоча. Дываны, дарожкі, габэлены й мяккую мэблю Стакоўскі раіў набыць на рынку: ва ўраду нічога гэтага няма.

вернуться

44

Цяпер рог вул. Кірава й Леніна.

вернуться

45

З 1919 вуліца афіцыйна мела іншую назву — Карла Маркса, з 1922 — Ленінская. Але ў дакумэнтах АРА яна праходзіць як Губэрнатарская.