Выбрать главу

Працягвалася зацяжная вайна з памочнікам Стакоўскага Блехерам, які афіцыйна адказваў за сувязь з ЧК. Перайменаваная ў ГПУ, гэтая арганізацыя мела свой інтэрас да замежнай дапамогі.

У ліпені двое чальцоў кіраўніцтва АРА, Браўн і Рыкард, ехалі празь Менск у Варшаву. Найхутчэйшы спосаб — дабрацца на аўтамабілі да Стоўпцаў на польскім баку мяжы й там сесьці на варшаўскі цягнік. Кіраўнік акругі Гардзі й лекар Герц вырашылі скарыстаць нагоду для абмеркаваньня працы ў Беларусі й паехаць да Стоўпцаў разам. Ім паабяцалі бесьперашкодны праезд празь мяжу — але супрацоўнік ЧК, адказны за дазвольную пячатку, нечакана зьнік. Гардзі запэўнілі, што неабходны дазвол будзе выдадзены на мяжы. Блехер, які таксама меўся ехаць, мусіў застацца: з-за багажу ў машыне не было месца.

У Негарэлым амэрыканцаў чакала тэлеграма ГПУ: калі на мяжы зьявяцца містэры Гардзі й Герц бязь візаў, іх трэба арыштаваць і пад аховай вярнуць у Менск. Тэлефанаваньні ў сталіцу нічога не далі. Гардзі й Герц правялі ў Негарэлым шэсьць гадзінаў у чаканьні шафёра са Стоўпцаў. Калі амэрыканцы вярнуліся ў Менск, адзін з супрацоўнікаў пераказаў ім словы Блехера, сказаныя наўздагон падарожнікам:

Я гарантую, што зраблю так, што Герца й Гардзі не прапусьцяць празь мяжу.

Гардзі пайшоў на сустрэчу са Стакоўскім, выклаў інцыдэнт і запатрабаваў звальненьня Блехера. Той пагадзіўся, што выглядае ўся гісторыя нядобра, і паабяцаў разабрацца. Праз два тыдні Гардзі атрымаў афіцыйны адказ:

Я правёў расьсьледаваньне выпадку ў Негарэлым і знайшоў, што Блехер ня мае да гэтага ніякага дачыненьня. Забарона на перасячэньне мяжы была выдадзеная ГПУ, якое ахоўвае дзяржаўныя межы й не дазваляе перасякаць іх без спэцыяльнага дазволу. Я ведаю, што ўсе ўрады маюць абавязковыя правілы выезду за мяжу, і я дзіўлюся, што вы ня ведаеце, што ў Расеі такія правілы таксама існуюць.

Якраз напярэдадні адбыўся яшчэ адзін інцыдэнт. У Ігумене[46] быў затрыманы Фрэнк Вілі. Прычынай арышту стала адсутнасьць камандзіровачнага пасьведчаньня ад упаўнаважанага. Улады не хацелі бескантрольных паездак амэрыканцаў з інспэкцыямі, і Стакоўскі настойваў, каб штораз супрацоўнікі АРА зьвярталіся па дазвол.

Не мінула й месяца пасьля інцыдэнту ў Негарэлым, як усё амаль паўтарылася. Супрацоўнікі Маскоўскай штаб-кватэры Флэш і Морсэ спрабавалі дабрацца на менскім аўтамабілі АРА зь мясцовым шафёрам да Стоўпцаў, каб там сесьці на варшаўскі цягнік. Была пятніца. На гэты раз, нягледзячы на папярэднія дамоўленасьці, празь мяжу не пусьцілі шафёра. Амэрыканцы заселі ў Негарэлым на паўтара дня.

Гардзі спрабаваў атрымаць дапамогу ў Чарвякова, але таго не маглі знайсьці. Тады кіраўнік Менскай акругі зьвярнуўся да начальніка ГПУ Ольскага, які, аднак, не пажадаў мець справу беспасярэдне з амэрыканцамі й даў адказ праз сакратара Стакоўскага. Гэта была трэцяя адмова цягам аднаго дня.

Доналд Гардзі паслаў у Негарэлае новага шафёра, якога абяцалі прапусьціць. На мяжы яго абшукалі, і Блехер сканфіскаваў два лісты Гардзі: адзін Флэшу з прабачэньнямі, другі — Морсэ з просьбай купіць у Варшаве фотапаперу. У канвэрт былі ўкладзеныя 5 даляраў. Гардзі паслаў скаргі ў Маскву й Стакоўскаму. Праз тыдзень упаўнаважаны пісьмова паабяцаў, што Блехер больш ня будзе працаваць з амэрыканцамі беспасярэдне.

Блехер, аднак, захаваў пасаду памочніка Стакоўскага, адказнага за сувязі з ГПУ да заканчэньня працы АРА ў Беларусі. ГПУ ўмела працаваць з амэрыканцамі й не напрасткі[47].

Гатэль «Парыж», у якім пасяліліся амэрыканцы ўзімку адразу пасьля прыезду, улетку перайменавалі ў «Савецкі», а яны ўсё яшчэ жылі на апошнім паверсе, бязь ліфта, у пакоях без туалетаў і рукамыйнікаў. Але на іх паверсе зьявіліся новыя твары. Сакратар акругі Джордж Шрэмэл стаў праводзіць усё больш часу з упадабанай дзеўчынай, якая таксама працавала ў канторы АРА, і ўрэшце прапанаваў ёй руку й сэрца. Шлюб зарэгістравалі ў менскай канторы загсу. Шрэмэлы сталі жыць разам.

вернуться

46

Пасьля 18.9.1923 — Чэрвень.

вернуться

47

25 красавіка 1922 выйшаў загад ГПУ «Аб арганізацыі Бюро садзеяньня органам ГПУ на месцах», які ўпершыню афіцыйна ўводзіў інстытут стукацтва. Тлумачылася, што ў час ВЧК патрэбы асьведамляльніцтва замянялі апэратыўныя мерапрыемствы, якія папярэджвалі намеры ворага й ліквідавалі іх на самым пачатку. Новая ж палітычная сытуацыя звузіла свабоду дзеяньняў ГПУ, адсюль узьнікла неабходнасьць «усямернага садзеяньня органам ГПУ членамі нашай партыі, якія павінны дапамагчы нам у агентурна-асьведамляльнай працы». Да загаду дадавалася падрабязная інструкцыя, якая рэглямэнтавала арганізацыю, склад, задачы й абавязкі членаў «БС».

Бюро стукачоў прадпісвалася ўтвараць «у кожнай дзяржаўнай, грамадзкай, каапэратыўнай і прыватнай установе ці прадпрыемстве, а таксама ВНУ», у складзе трох камуністаў. Калі камуністаў не было, ГПУ прызначала іншых давераных асобаў. Задачы членаў бюро: збор зьвестак пра антысавецкія зьявы, выяўленьне і ўлік «контрарэвалюцыйнага элемэнту як у дадзенай установе, гэтак і па-за яе межамі», спрыяньне пры ўладкаваньні на працу сакрэтных супрацоўнікаў ГПУ, сачэньне за кадравай палітыкай. Кожныя два тыдні асьведамляльнікі мусілі падаваць у ГПУ агульную справаздачу пра палітычны настрой супрацоўнікаў, праводзіліся рэгулярныя сустрэчы; праца вялася ў рэжыме «надзвычайнай кансьпірацыі». Блехер мог і ня мець непасрэднага кантакту з АРА — даносы былі пастаўлены на канвэер.