Выбрать главу

Напрыканцы жніўня Джордж Шрэмэл сур’ёзна захварэў і ў суправаджэньні лекара быў вымушаны выехаць на лячэньне ў Бэрлін. Жонка засталася жыць у гатэлі ў чаканьні ягонага вяртаньня. У Менск Шрэмэл не вярнуўся. У кастрычніку АРА дапамагла ягонай жонцы выехаць на новае месца працы мужа ў Парыж.

У гатэлі часам зьнікала вада, затое адміністрацыя гарантавала бясьпеку: на ўваходзе пастаянна дзяжурылі чырвонаармейцы й на адным паверсе з заможнікамі пасяліўся агент ГПУ.

9

Гардзі ад’яжджае: разьвітаньне пад музыку ГПУ

Нарэшце новы дом. — Нечаканая адстаўка. — Прыезд Чарлза Ўілабі. — Ператрус падчас банкету. — Дзіўныя рабаўнікі. — Прыбіральня пад наглядам. — Занадта хуткі арышт

А 5-й вечара ў пятніцу 20 кастрычніка 1922 у памяшканьні менскай канторы АРА пачынаўся банкет. Былі запрошаныя наркам асьветы Ігнатоўскі, наркам аховы здароўя Яфэ, наркам сацзабесьпячэньня Мар’ясін, старшыня гарвыканкаму Гетнэр, прадстаўнікі іншых установаў, якія атрымлівалі дапамогу. Для банкету было дзьве нагоды. Першая сьвяточная — улады нарэшце знайшлі новы будынак для амэрыканскага пэрсаналу ў цэнтры, недалёка ад вакзалу ў Захар’еўскім завулку ў доме № 3[48]. Празь дзевяць месяцаў пасьля прыезду, калі тэрмін працы ў Беларусі пераваліў за палову, араўцы рыхтаваліся пакінуць гатэль.

Аднак Доналд Гардзі пераначаваў у доме, якога так настойліва дамагаўся, толькі адну ноч.

Напачатку кастрычніка кіраўнік акругі атрымаў вымову за нерэгулярную справаздачнасьць і ігнараваньне запытаў штаб-кватэры. Гардзі тлумачыў гэта цяжкасьцямі апошніх двух месяцаў:

У мяне не было сакратара ад 15 жніўня, калі захварэў Джордж Шрэмэл, які ад 6 верасьня шпіталізаваны ў Бэрліне. Назад ён ня вернецца, замены нам не прыслалі, а знайсьці добрую машыністку з ангельскай мовай пакуль не ўдалося. Я толькі падняўся з ложка пасьля двух тыдняў хваробы й чакаю на адпачынак з нагоды здароўя[49]. Увесь гэты час я стараўся з дапамогай доктара Герца кіраваць апэрацыямі, лежачы хворы ў ложку, без амэрыканскага намесьніка й амэрыканскага сакратара. Доктар Герц вельмі заняты адно мэдычнай працай, а доктар Вілі часьцей за ўсё ў дарозе альбо ў Гомель альбо ў Віцебск.

Да ліста Гардзі прыклаў нарэшце падрыхтаваныя патрэбныя дакумэнты — графік руху ўцекачоў, табліцу выдачы пасылак, структуру менскай АРА, транспартны графік грузаў, табліцу разьмеркаваньня мэдычных матэрыялаў, карту аб’ектаў, якім аказваецца дапамога. Два дакумэнты не былі гатовыя — Стакоўскі ўжо тры месяцы цягнуў з эканамічнымі зьвесткамі, і Гардзі ня меў часу напісаць агляд гісторыі АРА ў Менску ад студзеня да восені. Аднак узамен ён прыклаў фотаальбом, дзе, як ён пісаў, на сорак адным здымку адлюстраваная ўся гісторыя апэрацыяў у акрузе.

Асобна Гардзі адрасаваў ліст кіраўніку АРА палкоўніку Гаскелу з просьбай даць адпачынак на паўтара месяца для папраўкі здароўя.

Адказ Гардзі атрымаў якраз напярэдадні перасяленьня ў новы дом для амэрыканскага пэрсаналу. З Масквы зь лістом кіраўніцтва АРА прыбыў Чарлз Ўілабі: Доналда Гардзі адклікалі з працы ў Менску, ягоную пасаду займаў Ўілабі.

У кастрычніку Менская акруга з насельніцтвам менш за 2 мільёны выйшла на чацьвёртае месца ў выдачы харчовых пасылак сярод усіх 17 акругаў АРА. Гэта сталася магчымым дзякуючы эфэктыўнасьці працы — ад збору паштовак да складаваньня й даставы пасылак адрасатам, якую арганізаваў, нягледзячы на ўсе перашкоды, Гардзі. Ён зьвяртаўся толькі па дазвол выехаць у Бэрлін на адпачынак і лячэньне й прасіў часовае замены. Ўілабі, аднак, прыбыў з паўнамоцтвамі пераймаць справы на стала.

Гардзі папрасіў дазволу прыехаць у Маскву па тлумачэньні. Яму адмовілі й загадалі вяртацца ў Лёндан, у Эўрапейскую штаб-кватэру АРА.

Уваходзіны давялося сумяшчаць з праводзінамі.

…На разьвітальным банкеце на адрас першага кіраўніка акругі было выказана шмат добрых словаў. Пасьля афіцыйнае часткі араўцы й некаторыя госьці разам са Стакоўскім і ягонай жонкай пайшлі на Захар’еўскі завулак, у новы, яшчэ незаселены дом для амэрыканскага пэрсаналу, дзе праводзіны працягваліся.

Тое, што адбывалася ў разьвітальны пятнічны вечар у былым «Парыжы», а тады гатэлі «Савецкі», новы кіраўнік Менскай акругі Чарлз Ўілабі падрабязна апісаў у панядзелак:

У пакоях сп. Гардзі й лекара Герца быў зроблены ператрус. Вісячы замок на дзьвярох пакою Гардзі быў сарваны, унутраны замок зламаны. Замок на дзьвярох Герца таксама быў зламаны. Гэтыя два пакоі месьцяцца па суседзтву. Гэтаксама суседзіць зь імі пакой спадарыні Шрэмэл, расейскай жонкі амэрыканца — былога сакратара гэтай акругі. Яна прысутнічала на прыёме, яе пакой ня быў узламаны й ператрэсены.

вернуться

48

Цяпер гэта пешаходны пераход пад аркай каля кнігарні «Падпісныя выданьні» ад пр. Ф. Скарыны да вул. К. Маркса.

вернуться

49

Кансультаваць Гардзі ў справе магчымай апэрацыі быў запрошаны найлепшы менскі хірург Яўген Клімаў, які правёў пасьпяховы курс лячэньня. Хірургічнае ўмяшаньне аказалася непатрэбным.