Выбрать главу

Так разьвітаўся Менск зь першым кіраўніком акругі АРА ў Беларусі Доналдам Гардзі[50].

10

Страйк у АРА: памылка Сэдрыка Сьміта

Гонар жанчыны. — Пабілі шафёра. — Ультыматум прафсаюзаў. — Сьпяваюць «Інтэрнацыянал». — Штрэйкбрэхеры будуць галадаць. — Газэтная кампанія. — Канфідэнцыйная прыпіска. — Сьміт зьяжджае

Толькі-толькі скончыўся першы месяц працы ў Менску новага кіраўніка акругі Чарлза Ўілабі, калі выбухнуў скандал, у якім зьмяшаліся ў адно жанчыны, палітыка й клясавая барацьба. З газэтных старонак у Менску скандал перакінуўся ў Маскву, і ягонае рэха дакацілася да амэрыканскай прэсы. Загалоўкі паўсюль былі аднолькавыя: страйк у АРА.

25 лістапада 1922 газэты «Савецкая Беларусь» і «Звезда» надрукавалі карэспандэнцыю пра падзеі ў менскай канторы АРА. Паведамленьне ў «Звезде», падпісанае псэўданімам Праўдзін, заняло чвэрць газэтнай паласы.

Страйкоўцы патрабуюць пакараньня асобы, што дазволіла сабе ўжыць мэтады кулачнай расправы, якія дапушчальныя ў краінах, дзе ва ўладзе не знаходзяцца бальшавікі. Але даўно выйшлі з моды там, дзе ва ўладзе знаходзяцца бальшавікі, гэтак нелюбімыя панам Сьмітам.

Новы намесьнік кіраўніка акругі Сэдрык Сьміт, які за некалькі тыдняў перад тым прыбыў у Менск з Самары, бальшавікоў не любіў. Ён таксама не выносіў, калі пры ім абражалі жанчын. Напярэдадні ў новым доме, куды з гатэлю перасяліліся супрацоўнікі акругі, са згоды Чарлза Ўілабі адна госьця атрымала дазвол пераначаваць у вольным пакоі. Ўілабі мусіў апраўдвацца перад начальствам у Маскве:

Менск — горад, дзе поўна чутак. У суседніх пакоях жыў абслуговы пэрсанал, і я ведаў, што мясцовыя супрацоўнікі мусяць усё дакладваць камэнданту. Але спадзяваўся, што поўная адкрытасьць гасьцяваньня сама сабою засьцеражэ ад плётак.

Наступнай раніцай шафёр Ігнат Падбярозка пачаў расказваць пра начную оргію з удзелам трох амэрыканцаў. Ўілабі запрасіў шафёра для тлумачэньняў; той спаслаўся на аповед прыбіральшчыцы. Падбярозка некалькі гадоў працаваў у Амэрыцы, гаварыў па-ангельску, але ня надта добра. Ўілабі папрасіў яго прыйсьці зь перакладчыкам, але, на няшчасьце, па дарозе іх сустрэў Сьміт.

Дачыненьні між Падбярозкам і Сьмітам былі досыць напружаныя. Аднойчы Сьміт перадаў шафёру заданьне на выезд. Той толькі скончыў разгрузку свайго аўтамабіля й паслаў Сьміта к чортавай матары, заявіўшы, што нікуды болей не паедзе. Сьміт у адказ недыпляматычна паабяцаў набіць шафёру пысу, калі той яшчэ хоць раз так яму адкажа. Падбярозка напісаў пісьмовую скаргу, але справа далей за словы не пайшла. На рэзкае пытаньне Сьміта пра чуткі Падбярозка заявіў, што нічога нікому не казаў. Гутарка не зацягнулася. Разьюшаны Сьміт закаціў поўху, потым другую. Шафёр схаваўся пад стол. Калі Сьміт паспрабаваў выцягнуць яго, той вырваўся й кінуўся да прафсаюзнага начальства.

У гэты ж дзень Ўілабі атрымаў пратэст ад Саюзу дзяржаўных і прыватных службоўцаў:

Саюз лічыць, што выпадкі зьбіцьця гаспадаром свайго працаўніка нецярпімыя, асабліва на тэрыторыі РСФСР, і таму лічыць неабходным зьвярнуць вашую ўвагу на наступныя патрабаваньні:

1. Запатрабаваць ад сп. Сьміта публічна папрасіць прабачэньня ў Падбярозкі.

2. Звольніць сп. Сьміта з працы ў АРА.

3. Пагадзіцца на перадачу справы ў суд.

4. Саюз таксама лічыць, што сп. Сьміт ня можа надалей знаходзіцца на тэрыторыі РСФСР.

Мы шлём вам нашыя мінімальныя патрабаваньні ў сувязі з агідным інцыдэнтам, і з гэтай нагоды Саюз заяўляе катэгарычны пратэст супраць такіх некультурных паводзінаў афіцыйнай асобы АРА. Такія выпадкі могуць здарацца ў самых беззаконных і буржуазных краінах. Спадзяемся, што ў вашай асобе Саюз атрымае поўную падтрымку сваіх справядлівых і законных патрабаваньняў. Таксама дазвольце паведаміць, што мы будзем настойваць на гэтых патрабаваньнях усімі сродкамі, даступнымі Саюзу, у тым ліку абвяшчэньнем страйку пратэсту, які будзе працягвацца аж да задавальненьня нашых патрабаваньняў.

У той дзень у канторы АРА ўпершыню прагучалі пагрозьлівыя радкі рэвалюцыйнага гімну: «Паўстань, пракляцьцем катаваны! Паўстань, хто з голаду век пух!» Удзельнікі сходу аднадушна прагаласавалі за спыненьне выдачы харчу й лекаў апухлым з голаду й ад хваробаў і стоячы прасьпявалі «Інтэрнацыянал»[51].

25 лістапада газэта «Звезда» паведаміла:

вернуться

50

У 1962 Гардзі будзе ў турысцкай паездцы па СССР, наведае Ленінград, Маскву, Крым, Кіеў, але ў Менск не заедзе.

вернуться

51

АРА мела пэўны досьвед дачыненьняў са страйкоўцамі. Першы інцыдэнт адбыўся адразу пасьля прыбыцьця самай першай партыі дапамогі. Сухагруз «Фэнікс» даставіў у петраградзкі порт 700 тон харчу. Грузчыкі пачалі знарок ірваць мяхі й адсыпаць сабе муку, рыс і цукар. Спробы спыніць рабаўніцтва й затрымаць рабочых на выхадзе з порту прывялі да страйку. Прадстаўнік уладаў заявіў, што ня можа паўплываць на пралетарыяў. Пазьней ставілі асаблівыя ўмовы й прэтэндавалі на амэрыканскі харч розныя групы — ад камуністычных прафсаюзаў да арганізаваных артэляў, чыгуначнікі не хацелі дастаўляць грузы, а пэрсанал дзіцячых дамоў і шпіталёў патрабаваў сабе частку рацыёнаў і адзеньня. АРА ацэньвала такія заявы як шантаж і цьвёрда стаяла на сваім праве ўсё разьмяркоўваць самастойна ў адпаведнасьці са сваімі задачамі.