Страйк прызначаны на заўтра, на першую гадзіну дня. Раніца даецца адміністрацыі АРА на выкананьне чатырох умоваў прафсаюзу савецкіх працаўнікоў.
Чарлз Ўілабі прыняў дэлегацыю прафсаюзу, але адмовіўся ня толькі выканаць іх патрабаваньні, але нават абмяркоўваць канфлікт. Было заяўлена, што ўсе праблемы АРА вырашае вылучна з прадстаўніком ураду Мар’янам Стакоўскім. Да абеду ніводнае з патрабаваньняў не было задаволена.
Ўілабі пісаў у штаб-кватэру ў Маскву:
Сход быў тыпова савецкі. Больш за 60 % супрацоўнікаў выступалі супраць страйку й лічылі, што справу павінен вырашыць Стакоўскі са мной разам. Прафсаюзныя функцыянэры знаходзіліся ва ўсіх куткох і дапільноўвалі, каб усе галасавалі. Старшыня сходу патлумачыў, што той, хто галасуе супраць страйку, ёсьць ворагам працоўнага ўраду — штрэйкбрэхерам, і заслугоўвае страціць працу й галадаць. Бальшыня супрацоўнікаў — жанчыны. На іх было лёгка паўплываць, і яны прагаласавалі за страйк.
А першай гадзіне дня ўсе амэрыканскія склады й кантора ў Менску былі зачыненыя. Людзям, якія прыйшлі па пасылкі й лекі, тлумачылі, што тут ідзе барацьба супраць эксплюататараў, і калі АРА адновіць працу — невядома. Многія прыяжджалі па дапамогу здалёк і не маглі заставацца нанач, у шпіталёх чакалі на лекі, многія дзіцячыя дамы існавалі вылучна на араўскім рацыёне. Прафсаюзнае начальства адсылала самых нецярплівых да амэрыканцаў — яны ва ўсім вінаватыя.
Чарлз Ўілабі й Фрэнк Вілі неадкладна адправіліся на вуліцу Ўрыцкага, дзе ў доме № 3 месьцілася кантора ўпаўнаважанага Мар’яна Стакоўскага. Пачатак перамоваў атрымаўся ня надта ўдалы. Не пасьпелі бакі прыступіць да справы, як у дзьверы пастукалі: у АРА новы канфлікт, Сьміт выставіў за дзьверы аднаго з кіраўнікоў мясцовага прафсаюзу. Той занёс у дом, дзе жылі амэрыканцы, ключы й інструмэнты, пачаў спрачацца са Сьмітам, які раззлаваўся й выгнаў гаваркога актывіста.
Цягам пяці гадзінаў Ўілабі й Вілі вялі перамовы са Стакоўскім. Упаўнаважаны заявіў, што ня мае паўнамоцтваў спыніць страйк, але паспрабуе зрабіць што зможа. Для гэтага трэба прапанаваць прафсаюзу нейкія саступкі.
Упершыню прапанова заключыць дамову між беларускімі прафсаюзамі й АРА паступіла кіраўніку акругі яшчэ ў траўні. Дамова складалася з 34 пунктаў, якія рэгулявалі працу пэрсаналу ў савецкіх установах. Прафсаюзы заяўлялі, што мясцовы пэрсанал галадае, і патрэбавалі ня міласьціны, а сапраўднага заробку, аплаты хваробаў і дэкрэтных адпачынкаў, гарантаваных месячных адпачынкаў з поўнай аплатай і кампэнсацыі за звышурочную працу.
Аўтары ліста таксама патрабавалі прызнаньня абавязковымі ўсіх інструкцыяў і пастановаў у галіне працы, якія выдае ўрад і прафсаюзы. Ліст заканчваўся папярэджаньнем:
Прафсаюз лічыць памылковым нежаданьне АРА заключыць дамову й просіць цягам трох дзён даць станоўчы адказ на згаданыя пункты; у выпадку адмовы прафсаюз ня зможа палагодзіць сытуацыю нармальным шляхам.
Тады ж, у траўні, кіраўнік Менскай акругі пераслаў ліст у Маскву з кароткім камэнтаром: заявы пра супрацоўнікаў, якія галадаюць, — яўнае перабольшаньне[52], заробкі пэрсаналу цалкам сувымерныя зь мясцовымі даходамі. Дачыненьні ўнутры АРА нармальныя, скаргаў на аплату не паступала, і ўсё пытаньне інсьпіраванае прафсаюзам[53].
Паводле пагадненьня ў Рызе, АРА ня мусіла заключаць пагадненьні з савецкімі прафсаюзамі: усе канфлікты трэба было вырашаць з афіцыйнымі ўладамі. Афіцыйныя ўлады на месцах, аднак, добра памяталі ўнутрыпартыйную палітычную барацьбу з нагоды прафсаюзаў, якая цягнулася ўвесь папярэдні год і скончылася сакрушальнай паразай часткі найвышэйшага партыйнага кіраўніцтва. Трэба было быць асьцярожным — амэрыканцы зьедуць, а прафсаюзы застануцца.
Упаўнаважаны ўраду Мар’ян Стакоўскі прапанаваў Чарлзу Ўілабі тое самае, што й прафсаюз: звольніць Сьміта, забараніць яму прыходзіць у кантору, амэрыканскаму боку напісаць ліст з афіцыйнымі прабачэньнямі.
Ўілабі паведамляў у Маскву:
Я патлумачыў Стакоўскаму, што ня маю паўнамоцтваў звальняць супрацоўнікаў, а забарона Сьміту зьяўляцца ў офісе выглядала б менавіта як звальненьне. Што да прабачэньня, дык каб Стакоўскі сам быў на месцы Сьміта, пад гарачую руку ён зрабіў бы тое самае.
Мінала гадзіна за гадзінай, а Ўілабі й Вілі ўсё яшчэ не выходзілі з кабінэта ўпаўнаважанага. Ўілабі цьвёрда трымаўся аднаго пункту: ніякіх перамоваў з прафсаюзамі, гутарка можа ісьці толькі з прадстаўнікамі ўраду. Урэшце бакі пайшлі на кампраміс: Ўілабі пагадзіўся зрабіць запыт наконт пераводу Сьміта зь Менску, а Стакоўскі пагадзіўся прыняць ад Ўілабі ўсе дакумэнты страйкоўцаў разам зь пісьмовым тлумачэньнем, што АРА не прызнае прафсаюзаў.
52
Апроч заробку, мясцовыя супрацоўнікі АРА бясплатна атрымлівалі адну амэрыканскую харчовую пасылку на месяц. У Менскай акрузе ў 1922–1923 было выдадзена такім чынам больш за 58 тон харчоў на суму 5786 даляраў.
53
Прафсаюзная актыўнасьць была невыпадковая: пасьля таго, як бальшавіцкі ўрад дзеля выжываньня мусіў пайсьці на саступкі й дазволіць крыху свабоды ў эканоміцы, прафсаюзы атрымалі новае заданьне — абараняць клясавыя інтарэсы пралетарыяту ад НЭПманскай буржуазіі. Пачалі, аднак, не з адстойваньня інтарэсаў чальцоў саюзу, а з уласнай чысткі. З чэрвеня па жнівень 1922 у Беларусі праходзіла кампанія «добраахвотнага ўступленьня» ў прафсаюзы, у выніку чаго колькасьць чальцоў зьменшылася з 49 да 40 тысяч. Затое, як афіцыйна сьцьвярджалі, «умацавалася іх клясавая аднастайнасьць».