Выбрать главу

Ці значыцца гэтае прозьвішча таксама ў сьпісах супрацоўнікаў ГПУ — невядома[54].

11

Інспэктарка Румянцава супраць наркама Мар’ясіна: часовая перамога

Пагрозы ў друку. — Ўілабі пратэстуе. — Нелегальныя інспэкцыі. — Бруд, вошы й дзеці. — Сыстэма ацэнак працуе. — Тры небясьпечныя жанчыны. — Справа прынцыпу. — Сакрэтны цыркуляр

1 сьнежня 1922 Мар’ян Стакоўскі надрукаваў у газэтах афіцыйнае папярэджаньне:

Апошнім часам па розных дзяржаўных установах бадзяюцца нейкія індывідуўмы, якія абвяшчаюць сябе кантралёрамі АРА. Папярэджваю, што права кантролю маюць толькі асобы з мандатам за маім подпісам. Тыя, хто ня мае мандатаў, як шантажысты павінны неадкладна затрымлівацца й перадавацца міліцыі.

Толькі-толькі скончыўся канфлікт з камуністычным прафсаюзам, усё яшчэ цягнулася сьледзтва ў справе дзіўнага рабаваньня ў гатэлі «Савецкі», аб’ём апэрацыяў АРА ад пачатку восені імкліва павялічваўся, і Ўілабі, які працаваў усяго два месяцы, быў зусім не зацікаўлены ў канфрантацыі з упаўнаважаным. Без узаемадзеяньня з уладай было немагчыма эфэктыўна выканаць задачы АРА. Але таксама немагчыма было адступіцца ад цэнтральнага прынцыпу Гувэра: АРА сама вызначае, як і хто атрымлівае амэрыканскую дапамогу.

Абвестка ў ранішніх газэтах, якую пераклалі кіраўніку акругі, патрабавала неадкладнага адказу. Чарлз Ўілабі прадыктаваў ліст на імя Стакоўскага й кур’ерам адправіў у кантору ўпаўнаважанага на вуліцу Ўрыцкага:

Мы маем права кантраляваць выдаткаваньне нашых прадуктаў бяз санкцыяў каго б там ні было. У будучыні прадукты ня будуць выдавацца тым установам, якія не дазваляюць АРА праводзіць абсьледаваньні. Неадкладна пасьля адмовы якому-небудзь інспэктару мы папросім вас запячатаць склад гэтай установы, дзе знаходзяцца нашыя прадукты, альбо вярнуць іх у наш склад.

Пачатак сьнежня абяцаў стаць гарачым. Атрымаўшы ліст, Стакоўскі неадкладна прадыктаваў адказ і таксама кур’ерам адправіў у кантору АРА на Губэрнатарскую:

Пагаджаюся, што інспэкцыі выдаткаваньня прадметаў харчаваньня й мэдабслугі ёсьць неад’емным правам АРА, адначасова катэгарычна адмаўляюся прызнаць права рэвізіі дзяржаўных установаў расейскімі грамадзянамі, прызначанымі АРА без майго веданьня. Толькі асобы, да якіх я як прадстаўнік ураду пастаўлюся з даверам, могуць разьлічваць на пацьверджаньне ад мяне мандату, выдадзенага вамі. Дагэтуль рэвізоры менскай АРА мне невядомыя й лічацца мною нелегальнымі.

«Нелегалы» зьявіліся ў Менскай акрузе АРА 18 лістапада. Менавіта ў гэты дзень на працу ў якасьці інспэктараў былі прынятыя тры жанчыны — Кацярына Румянцава, Рэвека Лебах і Ганна Гольдзіна. Яны меліся наведваць дзіцячыя дамы, кухні грамадзкага харчаваньня, дзіцячыя садкі, вывучаць выкарыстаньне дапамогі, санітарны стан, умовы ўтрыманьня дзяцей.

Найбольш справаздачаў былі падпісаныя Румянцавай. Кацярына Румянцава зьявілася ў Менску пасьля пакутаў грамадзянскай вайны ў Расеі. Невядома, ці апынулася яна ў Сібіры разам з хваляй уцекачоў зь Беларусі падчас Першай усясьветнай вайны, вядома толькі, што паходзіла з дваранаў. У АРА ўладкавалася дзякуючы веданьню ангельскай мовы й пачувалася цалкам незалежна ад мясцовых умоўнасьцяў. І была назіральнай.

Дзён за дзесяць да папярэджаньня Стакоўскага Кацярына Румянцава езьдзіла ў былы маёнтак Радзівілаў у Анопалі[55] пад Менскам. Там у дзіцячай калёніі Наркамасьветы было 84 дзіцяці ва ўзросьце ад 7 да 16 гадоў. Румянцава наведала калёнію разам з прадстаўніком гарана:

Мы ўвайшлі ў сталоўку, якраз калі дзеці пачыналі есьці. Каля 25 дзяцей былі зусім голыя, стары падраны пінжак замяняў усю вопратку. Рэшта ў брудных лахманох, якія кішэлі паразытамі, усе басанож. Мэдсястра, якая пачала працаваць тры тыдні перад тым, сказала, што дзеці ня мылі рукі й твары ўжо два тыдні, бо няма ручнікоў. Ніхто ня памятае, калі апошні раз мыўся ў лазьні, а ўладальнікі кашуляў не мянялі іх ад чэрвеня.

На дварэ стаяў лістапад. Мэдсястра таксама патлумачыла, чаму дзеці голыя: занадта худыя, і бялізна не трымаецца. На абед у той дзень была капуста й паўфунта хлеба. Амэрыканскія прадукты паступілі тыдзень перад тым, але былі замкнёныя ў складзе. Інспэктарка прайшлася па будынку:

вернуться

54

Загад ГПУ «Аб бягучым моманце й задачах органаў ГПУ па барацьбе з контрарэвалюцыяй» ад 10 сакавіка 1922 ставіў наступныя задачы: «Органы ГПУ тых раёнаў, дзе працуе АРА, павінны асаблівую ўвагу зьвярнуць на яе дзейнасьць, выяўляючы шпіянаж, сувязі з контрарэвалюцыйнымі групоўкамі, гуртаваньне белагвардзейскіх элемэнтаў, высмоктваньне золата й каштоўнасьцяў, а таксама ўсе тыя факты, нават з прыватнага жыцьця асобных дзеячоў АРА, якія маглі б у патрэбны момант служыць матэрыялам дыскрэдытацыі для адпаведных паліткампаніяў».

вернуться

55

Вёска ў Крупіцкім с/с Менскага раёну.