Сьнежным ранкам 8 студзеня 1922 году на пэрон менскага вакзалу з прыступак салён-вагону ступіў Доналд Эгбэрт Гардзі — вэтэран АРА, які меў багаты досьвед гуманітарнае працы ў розных краінах Эўропы. Пазьней у сваёй кар’еры Гардзі будзе некалькі дзесяцігодзьдзяў працаваць у «General Motors», рэпрэзэнтаваць інтарэсы кампаніі ў Лёндане, Гамбургу, Залатым Беразе і ўсёй Цэнтральнай Афрыцы. Ніякія будучыя перашкоды не спалохаюць пасьля гарту, які першы кіраўнік акругі АРА атрымае ў Менску. І гаворка зусім не пра маразы й прастуды…
Першую навіну амэрыканцы (разам з Гардзі прыбыў лекар Ралф Герц) прывезьлі з сабой, дакладней — не прывезьлі. Недзе ў дарозе з Масквы з эшалёну зьніклі два вагоны з топленым салам. Ані паравозная брыгада, ані кандуктары нічога не маглі патлумачыць. Другая навіна была ня лепшая за першую: гасьцей ніхто не чакаў.
Толькі праз тыдзень пасьля прыезду Доналд Гардзі здолеў напісаць першую справаздачу ў штаб-кватэру АРА ў Маскве:
Мы прыбылі ў Менск на спэцыяльным цягніку з 12 вагонаў раніцай у аўторак. Наступнай раніцай мы выставілі свае паўнамоцтвы Прэзыдэнту Беларускай Рэспублікі сп. Чарвякову[7]. Сп. Чарвякову не паведамілі па савецкіх каналах пра місію АРА ў Беларусі. Ён паабяцаў зрабіць усё, што патрэбна, і афіцыйна дазволіў распачаць дзейнасьць і даставу харчовых пакетаў, але даў выразна зразумець, што ён ня можа нічога канкрэтнага зрабіць у справе складоў, офісаў, жытла й г. д., пакуль не атрымае афіцыйную інфармацыю пра місію АРА ў Беларусі.
На другі дзень былі разладаваныя адзінаццаць вагонаў з гуманітарнай дапамогай, мяхі з прадуктамі даставілі ў чыгуначны склад для часовага захоўваньня. З транспартам было лягчэй — у адным з вагонаў прыбыў свой грузавік. Араўцы адразу пачалі шукаць пастаянны склад.
Гардзі пісаў:
У Менску падчас розных нямецкіх і польскіх акупацыяў 30 % усіх будынкаў разбурана, у тым ліку 90 % складавых памяшканьняў. Пагодзімся на любое, што знойдзем. У Менску проста няма такога сучаснага прымальнага складу, які мы хацелі б мець. Праўда, мы знайшлі невялікі склад для даставаў у горадзе. Жыльлёвыя ўмовы наўрад ці могуць быць горшыя, чым маем у гатэлі «Парыж». Спадзяемся неўзабаве знайсьці нешта лепшае.
Мінула два тыдні пасьля прыезду, аднак Прэзыдэнт Беларусі так і не атрымаў ніякага тлумачэньня з Масквы.
Гардзі паведамляў у штаб-кватэру АРА:
Варта адзначыць, што прыняцьцё Чарвяковым умоваў Рыскага пагадненьня[8] тычыцца толькі яго асабіста, але Беларуская Рэспубліка як незалежная рэспубліка патрабуе, каб гэтае пагадненьне было прынятае народным камісарыятам Беларусі. Да прыняцьця пастановы народным камісарыятам Прэзыдэнт можа надаваць дапамогу толькі ў межах існых законаў і правілаў. Камісарыят мае паседжаньне 27 студзеня, і нас запэўніваюць, што пагадненьне будзе прынятае й ня будзе ніякіх цяжкасьцяў. Аднак сёньня Чарвякоў ад’яжджае ў Маскву, дзе абмяркуе гэтую справу ва ўрадзе, і тады зможа больш рашуча дапамагаць нам на месцы. Нашая прапанова — каб управа сп. Эйдука зьвязалася са сп. Чарвяковым у Маскве й скарыстала ўсе магчымыя сродкі ўплыву дзеля ўпарадкаваньня нашых дачыненьняў зь Беларускай Рэспублікай[9].
Паводле пагадненьня між АРА й савецкім урадам справамі амэрыканскай дапамогі апекаваўся паўнамоцны прадстаўнік ураду РСФСР пры ўсіх замежных арганізацыях дапамогі. У 1921 годзе на гэтую пасаду быў пастаўлены былы латыскі стралок, зацяты камуніст Аляксандар Эйдук (пазьней яго замяніў Карл Ландэр). Пры савецкім урадзе таксама дзейнічаў камітэт ліквідацыі наступстваў голаду (Последгол).
АРА спрабавала пачаць апэрацыі ў Беларусі яшчэ ў 1921 годзе. Цэнтральныя камуністычныя ўлады выступілі супраць. Масква адхіліла амэрыканскі плян неадкладна пачаць харчаваньне дзяцей, хворых і ўцекачоў у Беларусі.
Беларусь ад пачатку голаду ў Паволжы разглядалася выключна як рэспубліка-донар. На загад «цэнтру» мясцовае начальства хутка арганізавала абавязковы збор сродкаў: рабочыя мусілі адлічваць частку заробку, працаваць на суботніках і нядзельніках, з прыватнікаў зьбіралі грашовыя ахвяраваньні, збожжа, муку, гародніну, ад сьвятароў патрабавалі здачы царкоўных каштоўнасьцяў і праводзілі канфіскацыі[10]. Паводле афіцыйных справаздачаў, ад саўгасаў шасьці паветаў Беларусі ў 1921–1922 гадох адправілі ў Расею 960 тон харчу і 120 тон насеньня, а начальства Віцебскай і Гомельскай губэрняў рапартавала аб адпраўцы 25 тысяч тон насеннага збожжа. Адначасна ў Беларусь прыбыло каля 13 тысяч дзяцей з Паволжа.
7
Так у амэрыканскім ліставаньні тытулявалі старшыню Цэнтральнага выканаўчага камітэту й Савету народных камісараў (1920–1924) Аляксандра Чарвякова. (Тут і далей усе цытаты з архіўных і іншых дакумэнтаў і публікацыяў падаюцца бязь зьменаў, адпаведна арыгіналам.)
9
У 1921 была падпісаная дамова аб ваенным і гаспадарчым саюзе паміж БССР і РСФСР. У тэксьце адзначалася, што два ўрады цалкам прызнаюць «незалежнасьць і сувэрэннасьць кожнага з бакоў». Лічылася, што рэспублікі пагадзіліся аб’яднаць наркаматы ваенных і марскіх справаў, замежнага гандлю, фінансаў, працы, шляхоў зносінаў, поштаў і тэлеграфу, народнай гаспадаркі. Замест права самастойна вырашаць свае справы Беларусь атрымлівала ўпаўнаважаных аб’яднаных камісарыятаў.
10
23 лютага 1922 у Маскве быў выдадзены дэкрэт «Аб парадку канфіскацыі царкоўных каштоўнасьцяў», якія, паводле афіцыйнай вэрсіі, ішлі на барацьбу з голадам. 1 сакавіка адмысловая камісія канфіскацыі на чале з А. Чарвяковым была ўтвораная ў Менску. У красавіку пачалася татальная канфіскацыя ў храмах Беларусі (у т. л. былі раскрытыя мошчы Эўфрасіньні Полацкай у Спаса-Эўфрасіньнеўскім манастыры). Як сьведчыць гісторык У. Навіцкі (зборнік «Канфесіі на Беларусі (канец XVIII–XX ст.)», было канфіскавана каштоўнасьцяў на 4 000 000 залатых рублёў. Сакрэтны цыркуляр савецкага ўраду, аднак, накіроўваў грошы не на дапамогу ахвярам голаду: «Каштоўнасьці, адабраныя ў закрытых цэркваў, павінны ўлічвацца й накіроўвацца ў асобнай графе, таму што яны паступаюць не ў ЦК Последгола, а павінны накіроўвацца ў дзяржаўны фонд».