Дом даволі дыхтоўны, і яго можна зрабіць вельмі ўтульным, але паркетная падлога з інкрустацыяй мыецца раз на два месяцы, толькі тры ці чатыры пакоі ацяпляюцца, усе печы дымяць, лес даволі далёка, і паўапранутыя дзеці звычайна мусяць самі зьбіраць дровы. Убогі «пакой адпачынку» (былая студыя Радзівілаў) уяўляў жахлівую карціну, якую цяжка забыць. У мармуровым, але брудным каміне тлеў агонь, і трое ці чацьвёра няшчасных дзяцей скупіліся вакол і спрабавалі сьпячы некалькі бульбінаў, выкапаных у гародзе. У доме чацьвёра настаўнікаў, але ніхто ня вучыць дзяцей, якія цэлы дзень аддадзеныя самі сабе. Многія паляць, усе лаюцца.
У спальнях Румянцава не пабачыла ніводнай прасьціны, толькі падраныя посьцілкі, поўныя паразытаў. У адным з пакояў стаяў невыносны смурод — там клалі спаць усіх малых, хто мачыўся пад сябе. Высьветлілася, што ложкаў на ўсіх не хапае, і каля дзясятка выхаванцаў сьпяць на падлозе — «як сабакі, нават без саломы». Мэдыкамэнтаў няма, на тварах болькі, многіх абсыпалі скулы. Апошні сказ справаздачы гучаў як прысуд:
Калі пачнуцца маразы, палова гэтых дзяцей мусіць абавязкова загінуць.
Шантаж — так ацэньваў падобныя высновы ўпаўнаважаны Стакоўскі, калі праз газэту заклікаў затрымліваць такіх кантралёраў і перадаваць іх міліцыі. Права праверак належала вылучна асобам з мандатам самога Стакоўскага. Абвестка зьявілася ў першы дзень сьнежня, і ён ужо сканчаўся, калі Ўілабі паставіў свой подпіс пад новым лістом упаўнаважанаму:
Інспэктары, якіх пасылае наш офіс, адказваюць толькі перад нашым офісам. Мы ня можам дазволіць Ураду прызначаць інспэктараў, чый абавязак рабіць справаздачы нашаму офісу пра тое, як выдаткоўваюцца нашыя прадукты.
Два тыдні перад тым Ўілабі атрымаў справаздачу Румянцавай аб праверцы дзіцячай кухні ў Архірэйскім завулку[56] ў Менску. На ўліку стаяла 275 дзяцей ад 6 да 16 гадоў, якія штодня палуднавалі ў сталоўцы ці забіралі ежу дахаты. У дзень праверкі на кухні быў запас прадуктаў АРА: 2 пуды какавы, 10 пудоў цукру, 59 — мукі, 12 — хлеба, 32 — рысу й 495 бляшанак малака. Улады меліся пастаўляць мяса, бульбу, гародніну, муку й масла. Інспэктарка пісала:
Насамрэч мяса звычайна няма, астатнія прадукты паступаюць у недастатковай колькасьці. Масла замяняюць зьялчэлым алеем.
Румянцава пакаштавала абед: суп, рысавая каша, кавалачак селядца з хлебам. Назаўтра інспэктарка нечакана зноў зьявілася ў Архірэйскім завулку падчас абеду. Мяса зноў не было, дзецям давалі вадзяністы суп і тоўчаную бульбу. Разам зь дзецьмі палуднаваў пэрсанал — дзесяць чалавек. На кухні амэрыканскія прадукты АРА захоўваліся разам зь мясцовымі.
Гэта было адкрытым парушэньнем амэрыканскіх інструкцыяў:
Усе ўстановы павінны захоўваць прадукты АРА асобна й адрозна ад іншых прадуктаў. Рацыён АРА павінен ужывацца як асобны прыём ежы. Кожная ўстанова два разы на месяц мае рабіць справаздачы аб наяўнасьці й спажываньні прадуктаў, у якіх павінна быць адзначана, колькі атрымана, колькі спажыта кожны дзень, колькасьць дзяцей, накормленых штодня, і балянс на дзень справаздачы.
АРА пастаянна нагадвала кіраўнікам акругаў, што харчовая праграма разьлічаная вылучна на дзяцей ва ўзросьце да 14 гадоў, катэгарычна патрабавала выдаваць толькі цалкам збалянсаваны рацыён[57].
Ўілабі дазволіў парушыць інструкцыю для дзіцячага дому сьляпых на Захар’еўскай, 13: Румянцава прынесла скаргу недаверлівых выхаванцаў, якія баяліся, што іх абкрадаюць, недадаюць амэрыканскі цукар і малако, і прасілі, каб гэтыя харчы выдавалі кожнаму асабіста ў рукі. Са згоды дырэктаркі так сталі й рабіць.
Калі Румянцава запыталася, чаму разам зь дзецьмі харчуецца пэрсанал, загадчыца кухні патлумачыла, што многія дзеці штодня не зьяўляюцца на абед, бо хварэюць. Адсюль лішкі. Інспэктарка, аднак, надалей задавала пытаньні:
Прыватна мне назвалі іншую прычыну: каля траціны дзяцей ня маюць патрэбы ў такой дапамозе, бо на ўлік бяруць толькі дзяцей зь сем’яў чальцоў прафсаюзу, чые бацькі звычайна добра ўладкаваныя. Адна з супрацоўніц паведаміла, што яны мусяць адмаўляць хворым і галодным, каб браць тых, чые бацькі маюць уплыў наверсе.
57
Усё харчаваньне дзяцей, — ад фармаваньня адпаведнай часткі бюджэту АРА, заключэньня кантрактаў у Амэрыцы, закупу новых прадуктаў, фрахту параходаў, даставы грузаў праз акіян і затым на цягнікох у склады ў акругах і потым перадачы ў дзіцячыя кухні — было пралічанае дзеля канчатковага выніку: збалянсаванага абеду пэўнай калярыйнасьці (ад 400 да 600 калёрыяў залежна ад узросту, абставін). Адступленьне ад складнікаў вяло да разбалянсаваньня складавых запасаў і хаосу ў новых даставах.