Выбрать главу

Не пасьпеў Ўілабі асэнсаваць паведамленьне, як Румянцава прынесла яшчэ адно непрыемнае адкрыцьцё. Падчас праверкі дзённага дзіцячага дому на Захар’еўскай вуліцы ў Менску, дзе сорак дзяцей два месяцы атрымлівалі араўскія рацыёны, інспэктарка высьветліла, што туды ўвогуле афіцыйна прымалі толькі дзяцей чальцоў прафсаюзу й чырвонаармейцаў. Гэта было не звычайнае злоўжываньне ці дробны крадзеж. Амэрыканская дапамога разьмяркоўвалася паводле клясавага прынцыпу — насуперак усім дамоўленасьцям і правілам.

Чарлз Ўілабі абмеркаваў вынікі інспэкцыяў зь лекарамі Фрэнкам Вілі й Ралфам Герцам.

Пасьля перагляду розных магчымасьцяў амэрыканцы вынайшлі спосаб, які прымушаў саміх атрымальнікаў дапамогі клапаціцца пра паляпшэньне справаў. Была распрацаваная сыстэма ацэнак шпіталёў, дзіцячых дамоў, кухняў. Ўілабі вызначыў тры асноўныя крытэры:

1. Магчымасьць паляпшэньня ўмоваў наяўнымі ў кіраўніцтва сродкамі.

2. Посьпех кіраўніцтва ў атрыманьні максымальных вынікаў ад дапамогі АРА і ўраду.

3. Супрацоўніцтва кіраўніцтва з АРА.

Некаторыя ўстановы, дзе не шкадавалі сілаў дзеля падтрыманьня чысьціні, санітарнага стану й дысцыпліны, атрымлівалі найвышэйшую адзнаку — пяць. Тым, хто атрымліваў адзнаку ніжэй за тройку, даваўся месяц на выпраўленьне. Пасьля гэтага, абвясьціў Ўілабі, новая дапамога пойдзе туды, дзе яе ўмеюць выкарыстоўваць эфэктыўна.

У дзіцячым доме на вуліцы Падгорнай[58] жылі дзеці ўцекачоў, якія атрымлівалі пайкі АРА й прадукты ад гарадзкога аддзелу асьветы. Румянцава адзначала адносную чысьціню на кухні, але холад у доме й дрэнны стан дзіцячых спальняў:

22 хлопчыкі сьпяць у адным пакоі, дзе няма абсалютна ніякай вэнтыляцыі. На 97 дзяцей 40 матрацаў, астатнія сьпяць па двое ў ложку. Падушак няма. Двойчы на месяц дзяцей водзяць у лазьню, але, паколькі бялізны вельмі мала, кашулі й нагавіцы мяняюцца раз на месяц. Натуральна, інфэкцыйныя хваробы буяюць. Цяпер 7 дзяцей у шпіталі, 22 пакутуюць на розныя скурныя хваробы.

АРА пастаўляла на Падгорную 110 радыёнаў цягам ужо двух месяцаў. Ўілабі папярэдзіў гарана, што амэрыканская дапамога можа быць пераадрасаваная ў іншае месца. Неўзабаве новая сыстэма спарадзіла спаборніцтва паміж установамі, якія стараліся палепшыць стан справаў і атрымаць дадатковыя амэрыканскія прадукты, мэдыкамэнты, бялізну й адзеньне.

Перад Калядамі інспэктарка Кацярына Румянцава наведала яшчэ адзін дзіцячы дом-санаторый на вуліцы Падгорнай, які належаў гарадзкой управе аховы здароўя. Там стала жылі 45 хворых на сухоты дзяцей, яшчэ два дзясяткі дзяцей з навакольных вёсак штодня прыходзілі на лячэньне й харчаваньне. На сьнежань са складоў АРА было дастаўлена 27 пудоў какавы, 14 пудоў мукі, 7 пудоў кукурузнай груцы, 2 пуды цукру, а таксама малако й тлушч. Хлеб, бульбу й мяса забясьпечваў гараддзел аховы здароўя. Дзеці харчаваліся пяць разоў на дзень. 17 чалавек пэрсаналу да амэрыканскіх прадуктаў не дакраналіся. Румянцава пісала:

Дзіцячы дом месьціца ў выдатным будынку. Пакоі вялікія, поўныя паветра, цёплыя, добра асьветленыя, утульна абсталяваныя й захапляюць сваёй чысьцінёй. Любоў і спачуваньне да дзяцей і няспынная барацьба супраць сухотаў адчуваюцца ва ўсіх дэталях. Робіцца ўсё магчымае, каб зрабіць больш радасным жыцьцё малых пакутнікаў. Я была ўражаная, як добра дзеці вышываюць і працуюць. Амаль усе цацкі яны зрабілі самі. Вялікая й добрая справа робіцца ў гэтым доме, і шкада, што з-за недахопу сродкаў немагчыма зрабіць больш.

Калі Румянцава пайшла разьвітвацца зь дзецьмі, дык заўважыла, што яны нешта хочуць сказаць:

— Што такое? — спытала я.

— А ці будзе што-небудзь на Каляды? — спытаўся хлопчык, і цэлы хор галасоў далучыўся:

— Хаця б елачку!

Я паабяцала перадаць іхную просьбу й пайшла з прыемным адчуваньнем удзячнасьці дырэктару гэтага дому.

Свой погляд на падобныя візыты ўпаўнаважаны Стакоўскі патлумачыў падчас сустрэчы. Ўілабі перадаваў дыялёг:

Ён сказаў, што людзі, якія пад выглядам інспэктараў наведваюць дзіцячыя дамы, падрываюць савецкую ўладу. Я сказаў яму, што ня ведаю, на якім падмурку трымаецца савецкая ўлада, але малаверагодна, што тры жанчыны, якія заходзяць у дамы для немаўлятаў, могуць зрабіць шмат для яе падрыву. На кон пастаўлены прынцып, адказаў ён.

У Маскоўскай штаб-кватэры ня толькі падтрымалі Ўілабі, але зацікавіліся менскай сыстэмай інспэкцыяў і градацыі дзіцячых дамоў. Кіраўніцтва папрасіла прысылаць інспэктарскія справаздачы, а таксама прыслаць падрабязнае апісаньне сыстэмы ацэнак. Праз паўгоду, калі АРА будзе рыхтавацца да ад’езду, кіраўнік АРА Сырыл Кўін пашле адпаведны цыркуляр ва ўсе акругі, у якім у якасьці ўзору прывядзе Менскую акругу. Апісаньне беларускага досьведу будзе разасланае ва ўсе акругі АРА[59].

вернуться

58

Цяпер вул. К. Маркса.

вернуться

59

Ад кастрычніка 1922 па чэрвень 1923 менская АРА карміла 5000 дзяцей у 113 дзіцячых установах, забясьпечваючы 74 % рацыёну. У архіўных дакумэнтах прыводзіцца нацыянальны склад выхаванцаў у 79 дзіцячых дамох Беларусі: беларусаў — 1546, габрэяў — 1382, расейцаў — 192, палякаў — 525; у 34 садкох: беларусаў — 579, габрэяў — 566, палякаў — 145, расейцаў — 22.