Выбрать главу

Гэтая навіна прымусіла Ўілабі неадкладна зьвярнуцца ў Маскву з настойлівай прапановай узгадніць правілы працы АРА й Джойнту й праводзіць аднолькавую лінію. Кіраўнік Менскай акругі ўжо меў досьвед адначасовай працы з дабрачыннай арганізацыяй квакераў:

Дзейнасьць квакераў, як нішто іншае, ускладніла працу АРА ў Беларусі. Квакеры выступалі ў ролі сапраўднага Санта-Клаўса, бо не патрабавалі рэальнай справаздачы. Вялікая колькасьць даставаў перадавалася дзяржаўным установам дзеля разьмеркаваньня на пазначаныя квакерамі адрасы. Ці была дапамога дастаўленая туды насамрэч, квакеры ніколі ня ўведаюць. Калі мы пачыналі працу, урад і розныя ўстановы чакалі ад нас такіх самых паслугаў. Яны штодня расказваюць нам, як рабілі сваю працу квакеры, як яны ім давяралі. Калі Джойнт пачне праграму харчаваньня й будзе весьці разьмеркаваньне, як квакеры, нашую палітыку патрабаваць справаздачнасьці за кожны грам прадуктаў, засьведчваць справаздачы грамадзкіх кухняў будуць крытыкаваць нашмат болей, пачасьцяцца скаргі.

Трывогі Ўілабі былі небеспадстаўныя. Джойнт хутка пашыраў сваю дзейнасьць і за няпоўныя тры месяцы разьмеркаваў дапамогі на суму 45 тысяч 235 даляраў. За правільнай выдачай пільна сачылі ў Габрэйскім бюро пры ЦК КП(б)Б[60] і ў афіцыйным «Евобщесткоме» — Габрэйскім грамадзкім камітэце дапамогі ахвярам пагромаў. Ужо ў 1922 годзе ў справаздачах камуністычнай габрэйскай сэкцыі барацьба з антысавецкімі элемэнтамі ў АРА й Джойнце ацэньвалася як пасьпяховая:

У павятовых гарадох і мястэчках органам «Евобщесткома» ўдалося запабегчы арганізацыі камітэтаў з клерыкальных і антысавецкіх элемэнтаў і самім праводзіць працу разьмеркаваньня пасылак, атрыманых праз АРА з Амэрыкі.

Камуністы яўна перабольшвалі: АРА да канца так і ня выпусьціла кантролю за разьмеркаваньнем са сваіх рук. Але калі Джойнт выйшаў са складу АРА, ягоная палітыка шчыльнае супрацы зь мясцовымі ўладамі была ўжо па-за межамі ўплыву Чарлза Ўілабі. Калі ўпаўнаважаны ўраду Стакоўскі будзе падводзіць вынікі працы іншаземцаў у Беларусі, ён напіша ў Маскву, што Джойнт у Беларусі спрабаваў напачатку працаваць самастойна, але:

Мне ўдалося канчаткова, здаецца, прымусіць яе (арганізацыю) адмовіцца ад бескантрольнага й бясплянавага разьмеркаваньня дапамогі, і цяпер праца праводзіцца цалкам узгоднена празь мяне з нашымі дзяржорганамі.

Эдвард Розэнблюм, са свайго боку, наступным чынам ахарактарызуе супрацу зь менскімі ўладамі ў службовай справаздачы пры закрыцьці Джойнту ў кастрычніку 1923:

Нашыя ўзаемадачыненьні з прадстаўнікамі ўлады, установамі й службовымі асобамі былі надзвычай цёплыя й добрыя. Праца выконвалася пры вельмі вялікай супрацы з боку ўрадавых органаў…[61]

АРА, аднак, да канца адстойвала свае прынцыпы разьмеркаваньня дапамогі. Канфлікт у разьмежаваньні паўнамоцтваў і правоў так ніколі й ня вырашыцца — аж да ад’езду амэрыканцаў зь Беларусі. Асобныя папярэджаньні Стакоўскі будзе слаць начальніку тэлеграфу, дзе бралі тэлеграмы АРА бязь візы ўпаўнаважанага на арыгінале, іншым органам і ўстановам. Але цалкам забараніць такія кантакты не ўдавалася, і тады па-беларуску ў «Савецкай Беларусі», па-расейску ў «Звезде», на ідыш у габрэйскіх газэтах «Dег Wekker» («Будзільнік») і «Waker» («Рабочы») зноўку друкаваліся абвесткі за подпісам Стакоўскага:

Папярэджваю, што ўсе зносіны з замежнымі арганізацыямі дапамогі павінны ажыцьцяўляцца вылучна праз упаўнаважанага Ўраду. Тыя арганізацыі і ўстановы, якія самавольна ўступаюць у зносіны з замежнымі арганізацыямі, будуць прыцягвацца да адказнасьці.

Змаганьне ішло ня проста за бюракратычныя правы. Публікацыі маглі быць як спробай апраўданьня для Стакоўскага за тое, што дапусьціў свабоду амэрыканскіх дзеяньняў у Беларусі, гэтак і сыгналам.

Калі для Ўілабі й астатніх амэрыканцаў ён азначаў толькі дадатковую бюракратычную калатнечу, дык для мясцовага пэрсаналу АРА гэта быў знак трывогі на будучыню.

13

Злодзеі супраць АРА: амэрыканцы абараняюцца

Барысаўская афэра. — Арышты махляроў. — Агенты ГПУ пад судом. — Вярніце пасылку. — Фальшывая АРА. — Сувязь з сынагогай. — Скрадзенае малако. — Аблава на Камароўцы. — Вынаходзтва Ўілабі

вернуться

60

Габрэйскае бюро пры ЦК КП(б)Б дзейнічала з 1920 па 1930 (з 1924 — Галоўнае бюро габрэйскай сэкцыі пры ЦК КП(б)Б).

вернуться

61

Э. Іофэ й Б. Мельцэр у кнізе «Джойнт в Беларуси» пішуць: «Джойнт праяўляў максымальную гнуткасьць і здольнасьць ісьці на кампрамісы. Кіраўніцтва Джойнту пагадзілася, каб у склад камісіяў для разьмеркаваньня калектыўных пасылак былі ўключаныя прадстаўнікі прафсаюзаў і мясцовых камісіяў дапамогі тым, хто галадае».