Выбрать главу

Наведнік складу АРА ніяк ня мог уцяміць, чаму на яго пазіраюць падазрона й зноў пераглядаюць дакумэнты: ён прыехаў з Барысава па харчовую пасылку, якую аплаціў сваяк у Амэрыцы. Праўда, ён ня меў паштоўкі-выкліку зь менскай канторы АРА, але трымаў ліст з Чыкага, у якім сваяк цікавіўся, чаму ніхто не падзякаваў за пасылку, аформленую два месяцы таму. Прозьвішча ў сьпісе адрасатаў дапамогі супадала, імя таксама. Калі спыталі імя й амэрыканскі адрас дабрадзея, ён назваў — таксама правільна. Тым ня менш, пасылку яму выдаць адмовіліся.

Паводле правілаў АРА, калі на выклік па харчовую пасылку адрасат не зьяўляўся цягам 90 дзён, замова скасоўвалася й адпраўнік у ЗША мог атрымаць свае грошы назад. У Менску, аднак, сутыкнуліся з адваротнай сытуацыяй: па адну пасылку зьяўляліся два чалавекі.

Вось і зьбянтэжанаму наведніку патлумачылі, што ён, згодна з паперамі, свае прадукты ўжо ня толькі атрымаў месяц таму, але, верагодна, і зьеў.

Было крыўдна, вяртацца з пустымі рукамі ў Барысаў не хацелася, і наведнік запатрабаваў сустрэчы з амэрыканскім начальствам. Яму паабяцалі разабрацца. Пачалося службовае дасьледаваньне, якое хутка выйшла за межы АРА.

…На пошце Барысава й некаторых іншых гарадоў паведамленьні пра амэрыканскія пасылкі забіралі й перадавалі не адрасату, а пэўнай асобе. Асоба вярталася ў Менск і паказвала карткі з выклікам аднаму са знаёмых супрацоўнікаў канторы АРА. Той разгортваў службовыя паперы й выпісваў зь іх прозьвішчы й адрасы донараў: гэтую інфармацыю спраўджвалі пры выдачы пасылак.

Пэўная асоба затым вырабляла даверанасьці на атрыманьне пасылак, засьведчвала іх пячаткай натарыюса й зьяўлялася ў склад па пасылку.

Двое супрацоўнікаў менскай канторы паведамілі пра непрыемнае адкрыцьцё Чарлзу Ўілабі. Самастойнае дасьледаваньне выявіла з тузін падманутых адрасатаў. Ўілабі выклікаў міліцыю.

У лістападзе 1922 было арыштавана чатыры чалавекі, у тым ліку супрацоўнік АРА. Як выявіла сьледзтва, крадзяжы пачаліся яшчэ ў ліпені. Разам паводле фальшывых ордэраў было выдадзена каля 300 пасылак.

У сьнежні было арыштавана яшчэ чатыры чалавекі. Рабочы АРА Майсей Турэцкі прызнаўся, што выдаў як мінімум 150 пасылак на падробленыя дакумэнты.

ГПУ, якое вяло сьледзтва, забараніла згадваць пра яго ў друку: на волі заставаўся галоўны аўтар схемы й арганізатар апэрацыі.

Як неўзабаве высьветлілася, афэрыстам аказаўся агент ГПУ Іофэ, які карыстаўся таксама пашпартам на імя Шпільдорф. Ён здабыў пячатку барысаўскага натарыюса Страгуцкага, якой засьведчваліся паперы. У ліку арыштаваных былі нехта Шпількін (ягоны пашпарт крыху зьмяніў Іофэ), Вількес і Ўросгаль. Апошнія двое атрымалі ад Іофэ 354 мільёны рублёў кожны, а Турэцкі — 900 мільёнаў.

Злодзеяў судзіў Рэвалюцыйны ваенны трыбунал Менску. На судзе ўсплыло прозьвішча яшчэ аднаго супрацоўніка ГПУ — Ліпскага, таксама вядомага як Моня Гарадзецкі, які вымагаў грошы з Турэцкага. ГПУ заявіла, што такога чалавека ў сьпісах няма.

АРА дамагалася вяртаньня скрадзенага, але амаль нічога немагчыма было вярнуць, нават калі было вядома, што амэрыканская пасылка памылкова патрапляла не на той адрас. Так здарылася з жыхаркай Менску Ганнай Адамайт, якая напачатку атрымала дзьве карткі-запросіны наведаць склад АРА. Адну пасылку аплацілі бацькі, якія жылі ў Латвіі. Другая картка была выпісаная памылкова. Калі інспэктары ў Рызе знайшлі памылку, яны запатрабавалі ад бацькоў даплаты й пагражалі судом. Дачка пісала ў менскую кантору АРА:

Няўжо вы ня можаце зразумець, што мае бацькі ня маюць магчымасьці заплаціць такую суму, як 10 даляраў! Яны ўжо дапамаглі мне ўсім, чым маглі. Таму я прашу ў гэтай справе зьвяртацца да мяне як да адрасата другой пасылкі. Але адначасова мушу сказаць, што я таксама ў цяжкім стане й яшчэ бяднейшая, чым мае бацькі. Дзесяць даляраў для мяне вельмі вялікая сума. Я ледзь зарабляю на жыцьцё. Што рабіць? Мяркуйце самі!!! Ці мушу я прадаць апошнюю сукенку на рынку, каб заплаціць за прадукты, выдадзеныя мне з-за вашай памылкі й даўно спажытыя? У кожным разе, не турбуйце маю маці.

Справа цягнулася некалькі месяцаў. За гэты час Ганна Адамайт пераехала зь Менску ў Пскоў, і тады кіраўнік Менскай акругі змог пераадрасаваць справу ў Петраградзкую акругу, да якой належаў Пскоў.

Тымчасам узьнікла новая зьява — фальшывая АРА. У канторы АРА ў Віцебску, Менску, Гомелі сталі прыходзіць людзі па пасылкі з прадуктамі й адзеньнем, якія іхныя сваякі аплацілі ў Амэрыцы. У АРА пра іх нічога ня ведалі. Квітанцыі на атрыманьне, перасланыя поштаю, выдалі арганізацыі, якія лучыла тое, што іх назвы мелі падабенства да АРА[62].

вернуться

62

Амэрыканскае бюро даставы расейскай дапамогі падавала на квітанцыі свой адрас: Бродўэй, 487, Нью-Ёрк і пазначала аддзяленьні ў Бэрліне, Гамбургу й Петраградзе, а таксама ажно 60 прадстаўніцтваў у ЗША й Канадзе. Расейска-амэрыканская перасылачная кампанія дапамогі ніякага зваротнага адрасу не давала. Кампанія расейскай дапамогі, паводле дакумэнтаў, месьцілася ў Нью-Ёрку на вуліцы Пэзл, 59–61. Ліст на такім блянку з Кліўленду ўпаўнаважваў адрасата ў Віцебску атрымаць пасылку, аплачаную амаль годам раней.