Паводле ацэнкі Ўілабі, урад клапоціцца пра дабрабыт і адукацыю дзяцей Беларусі больш, чым дзе-кольвек. Аднак бракуе грошай, і вучыцца дзецям зусім ня проста:
Школы такія перапоўненыя, што даводзіцца займацца ў начную зьмену. На вуліцах Менску можна назіраць даволі звычайную карціну, калі васьмі-ці дзесяцігадовыя дзеткі з падручнікамі пад пахай ці ў заплечніку а 10-й вечара вяртаюцца з заняткаў.
Але гэтая акалічнасьць для Ўілабі — толькі нагода для наступнага назіраньня, якім ён сьпяшаецца падзяліцца:
Гэтыя дзеці ходзяць ці басанож, ці ў абутку, які ня надта беражэ ногі. Шмат у каго брызэнтавыя чаравікі. Бальшыня дзяцей у сіроцкіх дамох носіць абутак з тканіны, у якім ня выйдзеш на двор.
Калі на складох АРА няма патрэбнай вопраткі й абутку, няхай бы замовілі ў іншых гуманітарных арганізацыях, пераконвае Ўілабі сваё начальства:
У нашым рэгіёне ў пяці дзіцячых дамох 2500 дзяцей практычна распранутыя. Клімат тут халодны. Мы лічым, што нястача ў Беларусі вялікая, калі не найбольшая, чым ва ўсіх астатніх рэгіёнах, за выняткам Волгі. Просім выдзеліць нам як мінімум 15 тысяч пар абутку й панчохаў. Калі магчыма, могуць быць выкарыстаныя 25 тысяч, і кожная пара пойдзе дзіцяці, якое інакш застанецца басанож.
Араўцы не забываліся й пра бацькоў. Калі ў Менску абвясьцілі Тыдзень ратаваньня маці й дзіцяці, на распараджэньне Ўілабі амэрыканскія аўтамабілі, якія разьяжджалі гарадзкімі вуліцамі, былі абсталяваныя плякатамі з парадамі для маці й цяжарных.
Плякаты былі таксама разьвешаныя па горадзе, выстаўленыя ў вітрынах, газэты зьмяшчалі парады амэрыканскіх лекараў. «Звезда» надрукавала антымарксісцкі артыкул Фрэнка Вілі. Публікацыя расказвала пра доктара Фрэнсіса Галтана й эўгеніку — навуку, паводле якой інтэлект і фізычныя здольнасьці перадаюцца ў спадчыну. Клопат пра маці й догляд дзіцяці, даводзіў Вілі, вядзе да паляпшэньня ці пагаршэньня фізычнага й псыхічнага здароўя наступных пакаленьняў[65].
Галоўным клопатам АРА заставалася пакаленьне цяперашняе: увосень 1922 амэрыканскае харчаваньне атрымлівалі дзеці ў больш чым сотні прытулкаў. 21 лістапада «Звезда» пісала:
Цягам апошніх 5-ці месяцаў менскай канторай АРА разьмеркавана ў дзіцячых дамох і шпіталёх 12 500 ваўняных коўдраў. Кошт кожнай — 12–16 залатых рублёў. Ад чэрвеня АРА было арганізавана ў дзіцячых дамох каля 2 мільёнаў памывак. Дзеля гэтага было выдаткавана 1000 пудоў звычайнага й 260 пудоў туалетнага мыла.
Выдача рацыёнаў харчаваньня ўцекачам, дзіцячым дамам і шпіталям штодня дасягнула 20 тысяч. А ў лістападзе дзеці й хворыя атрымалі амаль мільён рацыёнаў. Лекар Фрэнк Вілі так апісваў адну асаблівасьць мэдычнай дапамогі дзецям:
Рыбін тлушч, які атрымлівала Менская акруга з мэдычных складоў АРА, быў вельмі карысны, але спосаб ужываньня выклікаў зьдзіўленьне. Яны пілі яго як ваду, мэкалі хлеб і нават аблізвалі з пальцаў.
Патрабаваўся ня толькі харч. Справаздачы зь Менску ў штаб-кватэру ў Маскве поўныя сабраных інспэктарамі падрабязнасьцяў пра ўмовы ў дзіцячых дамох Беларусі:
…Дзіцячы дом на Захар’еўскай вуліцы, 98 дзяцей плюс 15 дзяцей-уцекачоў з Волгі. Спальні ў жахлівым стане. Ложкаў не хапае, і 3–4 дзяцей сьпяць у адным. Дзеці з Волгі сьпяць на голых дошках. Няма ніводнай прасьціны й наўлечкі. Штотыдня дзяцей водзяць у лазьню, але паколькі няма зьменнай бялізны, вынік нулявы. Бальшыня ня мае абутку, амаль ні ў кога няма цёплай вопраткі, таму яны ня ходзяць у школу…
…Дзіцячы дом на Падгорным завулку[66], 120 габрэйскіх дзяцей. На ложках толькі па адной прасьціне, шмат дзяцей хворыя на заразную каросту; розныя мэдыкамэнты, якія яны ўжываюць, канчаткова зьнішчылі бялізну. Яны ізаляваныя, ня маюць панчохаў і абутку…
У сьнежні ў Беларусі праходзіла кампанія дапамогі дзецям: зьбіраліся ахвяраваньні, праводзіліся лятарэі, дабрачынныя канцэрты. У опэрным тэатры меў прайсьці «амэрыканскі аўкцыён» — амэрыканцы да яго ня мелі ніякага дачыненьня, такая назва захавалася здавён. Меркавалася сабраць 600 мільярдаў рублёў. Гэтых грошай мусіла хапіць на 2500 жалезных ложкаў і на 10 тысяч камплектаў ніжняй бялізны, адзеньня й паліто адпаведна. Таксама неабходна было купіць ваконнае шкло, фарбу, сантэхнічны й пячны рыштунак. Амэрыканцы сумняваліся, ці ўдасца сабраць хоць палову велізарнай сумы, але пагаджаліся, што патрэбы ацэненыя правільна.
65
У інтэрвію для амэрыканскай прэсы ў траўні 1923 Вілі асабліва адзначаў мясцовых лекараў: «Нідзе ў Расеі не цанілі амэрыканскую мэдычную дапамогу больш, чым у Менску. Лекары заўсёды жвава цікавіліся амэрыканскай грамадзкай сыстэмай аховы здароўя й гігіены. Я часта даваў ім нумары мэдычных часопісаў і літаратуру, якую дасылалі мне з дому, з чаго яны надта цешыліся».
66
Пралягаў паміж сучаснымі вул. Кірава й Першамайскай ад вул. Я. Купалы да Чырвонаармейскай. Цяпер тут сквэр.