Выбрать главу

Спачатку ўпаўнаважаны ўраду Мар’ян Стакоўскі паабяцаў арганізаваць сьвяткаваньне ад імя ўладаў. Плянаваліся выступы наркамаў, меркавалі запрасіць старшыню ўраду Аляксандра Чарвякова, іншых высокапастаўленых асобаў.

Аднак у апошні момант упаўнаважаны паведаміў, што ў дзяржавы скончыліся грошы (на вечарыну патрабавалася 25 мільярдаў рублёў) і ніхто з наркамаў ня прыйдзе.

Тады мясцовыя супрацоўнікі АРА самі сабралі грошы й паслалі віншавальную тэлеграму Гербэрту Гувэру.

Аркестар суседняга 8-га пяхотнага палку быў запрошаны раней, запросінаў адмяняць ня сталі. Усе сабраліся ў доме амэрыканскага пэрсаналу, былі агучаныя віншавальныя тэлеграмы, а затым прачыталі ліст падзякі амэрыканцам, пад якім паставіў подпіс кожны мясцовы супрацоўнік.

Пад духавую музыку, з гарэлкай і прынесенаю з дому закускаю адсьвяткавалі гадавіну ў сваім коле. З гасьцей быў адзін Стакоўскі.

Падчас вечарыны гаварылі й пра справы. Напачатку студзеня амэрыканцы не маглі забраць свае грузы з чыгункі: іх не падпускалі да вагонаў з прадуктамі без папярэдняй аплаты фрахту. Чыгунка не падпарадкоўвалася мясцовым уладам. Ўілабі бамбаваў Маскву тэлеграмамі, прасіў умяшаньня Ландэра. Тэлеграмы Стакоўскага на імя Ландэра таксама заставаліся без адказу. Амаль тыдзень 16 вагонаў стаялі неразладаваныя.

Грошы сталі галоўным клопатам менскай канторы напачатку году. У Беларусі не выконвалі новай дамовы, паводле якой мясцовыя ўлады меліся цалкам фінансаваць выдаткі АРА, улучна з заробкам неамэрыканскага пэрсаналу, і пакрываць вытворчыя выдаткі.

Сума, якую акруга атрымлівала раз на месяц з Маскоўскай штаб-кватэры на пабежныя выдаткі, скончылася ў першыя дзесяць дзён. Ўілабі тлумачыў у справаздачы:

Ужо два месяцы з Масквы не было ніякіх даставаў бэнзіну. У выніку ўсе ўрадавыя грузавікі й аўтамабілі застаюцца ў гаражох. Ва ўраду няма грошай на бэнзін для нас. Мы мусілі купляць паліва на рынку за грошы, што атрымалі з Масквы. Цэны надзвычай высокія, бэнзін у асноўным перапрадаюць шафёры, мэханікі, рабочыя зь дзяржаўных гаражоў. З 36 тысяч рублёў нашага бюджэту мы ўжо аддалі на бэнзін 5 тысяч[67].

Запчасткі, якія дастаўляліся кантрабандай з Польшчы, можна было набыць толькі на рынку й па надзвычайных коштах. Ўілабі пісаў:

Адзіны вульканізатар у горадзе цяпер у турме, і хаця нас не цікавяць прычыны ягонага арышту, мы паспрабавалі схіліць ГПУ выпускаць яго няхай бы раз на тыдзень, каб ён мог даглядаць нашыя шыны. Аднак наш уплыў пакуль не сягае гэтак высока.

Яшчэ 12 тысяч рублёў пайшлі на аплату рахункаў мінулага месяца, 4 тысячы — на выраб кантэйнэраў для выдачы топленага сала. Грошы ішлі на рамонт складоў, аплату працы падрадчыкаў і перавозчыкаў. Хаця кошт рубля вагаўся нязначна, цэны надалей расьлі. Ўілабі прыводзіў афіцыйную статыстыку за сьнежань:

Цана на чорны хлеб узрасла з 280 тысяч рублёў за фунт да 320 тысяч; на белы хлеб з 500 тысяч да 600 тысяч, бульба не падаражэла, капуста падскочыла ад 60 мільёнаў за пуд да 75 мільёнаў, а цана на яйкі вырасла з 483 тысяч да 650 тысяч за тузін.

Пасьля першай шасьцідзённай затрымкі грузаў чыгункай у Менску з трывогай чакалі, што адбудзецца з новымі даставамі — пасьля Новага году на адрас АРА былі адпраўленыя 35 вагонаў. Але новую партыю ўдалося атрымаць безь цяганіны: савецкія ведамствы часова паразумеліся.

У студзені АРА атрымала 59 вагонаў прадуктаў і два вагоны мэдычных матэрыялаў — найбольшы аб’ём даставаў за ўвесь час працы. У справаздачы Ўілабі адзначыў яшчэ адну прыемную рэч:

Газэты ў гэты пэрыяд былі выключна шчодрыя зь месцам на паласе. Мы атрымалі 14 згадак у дзьвюх вялікіх менскіх штодзённых газэтах на працягу 15 дзён (без уліку дзьвюх аплачаных намі абвестак).

Ўілабі прыклаў да справаздачы газэтныя нататкі, прысьвечаныя АРА, а таксама рэцэнзію на кнігу амэрыканскага сэнатара Пэтыгру «Плютакратыя» й памфлет «аддзелу прапаганды Беларусі» як узор агітацыі супраць елак і Дзеда Мароза, што лічылася буржуазным перажыткам.

Кіраўніцтва АРА цаніла й заахвочвала такія рэчы, якія давалі магчымасьць адчуць мясцовае жыцьцё за калёнкамі лічбаў. Тымчасам Маскоўская штаб-кватэра пачала ўдакладняць пляны на 1923 год. У студзені Ўілабі атрымаў просьбу ад свайго начальства: запрасіць савецкага ўпаўнаважанага на шклянку гарбаты, каб у нефармальнай атмасфэры высьветліць настроі й ацэнкі.

вернуться

67

У Менскай акрузе было чатыры машыны: «Кадылак-турынг» магутнасьцю 45 конскіх сілаў, «Додж-сэдан» — 24 конскія сілы, і два трохтонныя грузавікі — «Ўайт» і «Пакард». Тэхніка зьядала за месяц 130 пудоў бэнзіну, 5 пудоў машыннага алею, 4 пуды тавоту й 4 пуды газы.