Самавара ў менскай канторы АРА не было. Амэрыканцы пілі каву, якую замаўлялі праз Маскоўскую штаб-кватэру й прывозілі з Польшчы, а таксама распушчальную гарбату. Наўрад ці буры парашок, які Ўілабі паставіў на стол, быў найлепшым пачастункам для абмеркаваньня вострай тэмы — ці варта надалей даваць хлеб тым, хто сам яго прадае.
Нягледзячы на голад, зь Беларусі вывозілі збожжа ў Расею: у Саратаўскую губэрню й Чувашыю было адгружана 230 тысяч пудоў насеннага жыта. Але гэта лічылася ўнутранай справай. Міжнародны скандал выбухнуў пазьней.
У лістападзе 1922-га, калі галадалі 36 мільёнаў чалавек і штодня ад недаяданьня заўчасна паміралі тысячы людзей, у Маскве Палітбюро пад старшынёўствам Леніна прыняло сакрэтную пастанову:
Прызнаць дзяржаўна неабходным вываз збожжа ў памеры да 50 мільёнаў пудоў[68].
Гэты дакумэнт будзе схаваны ў архівах наступныя сем дзесяцігодзьдзяў. Але маштаб апэрацыі быў такі, што не дапамаглі ніякія грыфы сакрэтнасьці. Амэрыканскі друк імгненна абляцела паведамленьне пра бізнэс па-бальшавіцку. У Новарасійскім порце грузілі збожжа й муку. З трумаў аднаго карабля грузчыкі выносілі мяхі з адзнакай «АРА» й перакідвалі іх у вагоны, якія чакалі адпраўкі ў раёны голаду. Побач мяхі з мукой і збожжам рухаліся ў адваротным кірунку: загружаўся параход, які меў везьці расейскія тавары на экспарт.
Расея вывозіла хлеб, адначасова атрымліваючы дапамогу ЗША. Амэрыканская прэса, палітыкі й публіка задавалі пытаньне: ці не прыйшоў час спыніць апэрацыі АРА.
Гэтае пытаньне першым і закрануў Мар’ян Стакоўскі, калі пакаштаваў амэрыканскага распушчальнага напою. Пазыцыя ўпаўнаважанага ў пераказе Ўілабі выглядала наступным чынам:
АРА не павінна цяпер пакідаць Беларусь. Дзьве траціны дзіцячых дамоў у Беларусі зачыняцца празь месяц пасьля вашага ад’езду. Сёлетні ўраджай не дазволіць Беларусі самастойна стаць на ногі. Колькасьць тых, каму трэба дапамога, занадта вялікая. Праз 15 месяцаў будзе іначай. Пасьля лета 1924 году я асабіста ня бачу, як Расея можа дазволіць любой замежнай арганізацыі дапамогі разьмяркоўваць харчаваньне на сваёй тэрыторыі. Расея павінна ператварыцца з атрымальніка ў пастаўшчыка сваіх уласных прамысловых тавараў і сыравіны.
Стакоўскі тлумачыў, што, пакуль краіна будзе атрымліваць харч з Амэрыкі ці іншых месцаў, ейных фінансавых і гандлёвых прадстаўнікоў ня будуць паважна прымаць за мяжой. Упаўнаважаны, аднак, прызнаваў, што пакуль колькасьць тых, каму патрэбная дапамога, занадта вялікая і ўрад яшчэ ня можа ахвяраваць іхнымі інтарэсамі дзеля вонкавага палітычнага й камэрцыйнага прызнаньня.
Аднак на практыцы савецкі ўрад паступаў менавіта такім чынам. Чарлз Ўілабі спытаўся пра гандаль хлебам, які Масква пачала, не зважаючы на голад у краіне. Як растлумачыць амэрыканскай публіцы, чаму трэба пасылаць бясплатны харч у Расею, калі яна экспартуе хлеб?
Стакоўскі тлумачыў:
Палітыка ёсьць гульнёй у шахматы. Расея хоча павялічыць свой крэдыт. Дзеля гэтага яна павінна паказаць, што стала на шлях эканамічнага адраджэньня. Ніхто лепш за амэрыканцаў ня ведае, што ў Расеі няма лішкаў харчаваньня. Аднак каб атрымаць прызнаньне, атрымаць крэдыты, нават малыя, урад мусіць рабіць крокі, якіх асобныя людзі ня могуць зрабіць.
Гаспадары налілі яшчэ гарбаты й задалі наступнае пытаньне — пра інцыдэнт у Новарасійску. Стакоўскі даводзіў:
Памылка, зробленая там, палягала ў тым, што начальнік порту ні ў якім разе не павінен быў даваць дазвол двум караблям адначасова швартавацца ў адным порце. Ён мусіў затрымаць адгрузку расейскага харчу, пакуль не разгрузіўся амэрыканскі карабель.
Даставы харчу, на думку Стакоўскага, умацавалі давер да Расеі ў сьвеце. На трывожны запыт амэрыканцаў Масква заявіла, што спыніць экспарт, калі ЗША пазычаць грошы. Гувэр катэгарычна адмовіўся дапамагаць бальшавіцкаму ўраду крэдытамі й выступіў з абвінавачаньнем:
АРА пратэстуе супраць антыгуманнай палітыкі ўраду забіраць хлеб на экспарт ад людзей, якія галадаюць, каб набыць тэхніку для паляпшэньня эканамічных умоваў тых, хто выжыве. Любое падобнае дзеяньне ўскладае беспасярэднюю адказнасьць за сьмерць дзясяткаў мільёнаў людзей на ўладу і ўрад.
Глынуўшы гарбаты, Мар’ян Стакоўскі даверліва прапанаваў Чарлзу Ўілабі сакрэтнае тлумачэньне, якое Масква даводзіла да партактыву:
Мне паведамілі, што Расея купляе хлеб для ўнутранага спажываньня ў Эўропе. Тады, калі гэтыя пастаўкі перасякаюць савецкую мяжу, іншае расейскае збожжа вывозіцца за мяжу. Расея, верагодна, плаціць за імпарт больш, чым выручае ад экспарту. Але замежныя краіны гэтага ня ведаюць. Расея зрабіла рэкляму свайму экспарту, а імпарт паступаў у краіну глыбокай ноччу, сакрэтна.
68
Гісторык Д. Валкагонаў, які прыводзіць гэтую цытату з архіваў Палітбюро ў кнізе «Ленин. Политический портрет», называе прынятую 7 лістапада 1922 пастанову «па-сапраўднаму злачыннай».