Выбрать главу

Таксама напачатку лютага Ўілабі атрымаў доўгі, на тры старонкі, ліст ад кіраўніка АРА Ўільяма Гаскела й кіраўніка аддзелу інстанцыяў Болдўіна, які пачынаўся не зусім афіцыйна:

Мы хацелі б з удзячнасьцю пацьвердзіць, што атрымалі вашу паўмесячную справаздачу. Гэтыя справаздачы мы вітаем задаволеным «Ага!», якое магло б зьляцець з вуснаў джэнтэльмэна, які нядзельнай раніцай уладкоўваецца ў камфартабэльны фатэль у халаце й хатніх пантофлях і вітае сваю нядзельную газэту. Мы чакаем, што будзе цікава й забаўна, і мы не расчараваныя. Вы напэўна заслугоўваеце прызнаньня за працу, якую ўкладаеце ў падрыхтоўку матэрыялу, і мы запэўніваем, што прызнаньне будзе такім, як належыць. Выдатны матэрыял.

Гаскел і Болдўін абяцалі дапамагчы зь некаторымі заяўкамі, а таксама прасілі прысылаць у Маскоўскую штаб-кватэру справаздачы мясцовых інспэктараў, якія, на іх думку, давалі вельмі добрую карціну мясцовых умоваў. У лісьце ішла гаворка пра вопыт Самары, дзе АРА дапамагла аднавіць даўно зачыненую лазьню — вялікая рэч для завашыўленага насельніцтва. Ўілабі прасілі падумаць, што можна зрабіць дадаткова, каб пакінуць па сабе добрую памяць ў акрузе:

Сяброўскае абмеркаваньне зь мясцовым упаўнаважаным за шклянкай гарэлкі ў доме амэрыканскага пэрсаналу можа адкрыць самыя розныя магчымасьці дзеля гэтага.

Ідэя чысьціні была блізкая Стакоўскаму, але зусім ня так, як маглі меркаваць амэрыканцы. 21 лютага 1923 зь Менску ў Маскву на імя ўпаўнаважанага савецкага ўраду Ландэра была адпраўленая афіцыйная тэлеграма ўпаўнаважанага ўраду ССРБ:

Паведаміце, ці можна настойваць на праверцы й чыстцы супрацоўнікаў АРА.

Праверка на палітычную ляяльнасьць і чыстка апарату савецкіх установаў праводзілася камуністычнымі ўладамі, якія вялі няспынную клясавую барацьбу з рэшткамі эксплюататараў. Правяралася сацыяльнае паходжаньне, род заняткаў, маёмасны стан, вывучалася біяграфія — што рабіў да 1917 году, пасьля лютаўскай рэвалюцыі, падчас і пасьля кастрычніцкага перавароту[69], падчас грамадзянскай вайны. Апроч анкетаў, на спэцыяльным іспыце правяраліся палітычныя веды супрацоўнікаў.

Праз тыдзень у Менск прыйшоў адказ з Масквы ад савецкага ўпаўнаважанага Карла Ландэра:

Не пярэчу. Старайцеся ўнікнуць інцыдэнтаў.

У Менскай акрузе АРА працавала блізу ста чалавек: рабочыя й грузчыкі ў складох, шафёры, бугальтары, машыністкі, вартаўнікі, лекары, інспэктары, адміністрацыйны пэрсанал. Усе яны былі беспартыйныя. АРА не прызнавала савецкіх прафсаюзаў, і таму прафсаюзная праца ў калектыве таксама не вялася. Аднак калі амэрыканцы спадзяваліся, што дыктатура пралетарыяту сканчаецца за ўваходам на тэрыторыю АРА, дык спадзевы былі марныя.

На наступны дзень пасьля тэлеграмы Ландэра, 28 лютага, Стакоўскі напісаў Ўілабі:

У сувязі з агульнымі правіламі, якія тычацца праверкі й чысткі супрацоўнікаў установаў — уключна з замежнымі арганізацыямі, — хачу вам паведаміць пра стварэньне камісіі пад маім кіраўніцтвам для праверкі вашых супрацоўнікаў. Камісія пачне сваю працу ў найбліжэйшай будучыні.

Чысткі праходзілі ва ўсіх установах і наркаматах. У Наркамаце фінансаў Беларусі 53 супрацоўнікі са 105 правалілі экзамэн і былі звольненыя. Амэрыканцам, якія спрабавалі ўцяміць, што такое чыстка, расказалі, як гучала першае пытаньне. Уражаны Ўілабі прывёў дыялёг у сваім лісьце ў Маскоўскую штаб-кватэру:

— Дзе Карл Маркс?

— Ён памёр.

— Вы памыляецеся. Карл Маркс не памёр: ён жыве ў сэрцы кожнага сапраўднага камуніста.

«Вычышчаным» супрацоўнікам было забаронена займаць адказныя пасады й працаваць у органах улады. Кіраўнік акругі мог ужо пераканацца, што ў пытаньні ідэалёгіі слова й справа ўлады не разыходзіліся. Яшчэ напачатку лютага Ўілабі пісаў у Маскву пра антырэлігійную кампанію ў Менску:

Захапіўшы Біскупскі дом пад музэй, камсамольцы цяпер рыхтуюць захоп самай гістарычна значнай рэлігійнай установы Менску — вялікай сынагогі, каб адкрыць там рабочы клюб[70]. Пасьля гэтага яны пагражаюць захапіць усе сынагогі гораду.

Празь месяц ён ужо паведамляў вынікі: у памяшканьні сынагогі адкрыты клюб, пачынаецца новая кампанія супраць касьцёлаў.

Кожны вечар пасьля закрыцьця канторы менскія супрацоўнікі АРА сталі заставацца на заняткі палітграматы.

вернуться

69

Пераваротам, адрозна ад зьмены ўлады ў лютым 1917, у тагачасных афіцыйных дакумэнтах называўся захоп улады бальшавікамі.

вернуться

70

Галоўная (харальная) сынагога пазьней была аддадзена габрэйскай савецкай драматычнай групе. Цяпер — Дзяржаўны расейскі драматычны тэатар.