Выбрать главу

У гэты ж час у друку зьявіўся крытычны артыкул старшыні прафсаюзу савецкіх служачых. Прафсаюз праводзіў дабрачынны кірмаш і зьвярнуўся да Ўілабі з просьбай даць некалькі пасылак на аўкцыён. Кіраўнік акругі патлумачыў, што гэта немагчыма — кожная пасылка аплачаная ў Амэрыцы й мае канкрэтнага адрасата. Адмова была расцэненая як помста за страйк, які адбыўся ў лістападзе.

Мясцовы пэрсанал нэрваваўся. Ўілабі, аднак, яшчэ глядзеў на ўсю справу хутчэй як на недарэчнасьць, чым на сапраўдную пагрозу. Ён пісаў у Маскву:

Супрацоўнікі АРА, якія ня здолеюць адразу згадаць імя Леніна, дзе жыве цяпер Карл Маркс, афіцыйную дэфініцыю камунізму, і тыя, хто ня ў стане каротка пераказаць канстытуцыю, даволі моцна хвалююцца. Кажуць, што ўсе яны неўзабаве будуць адказваць камісіі экзамэнатараў і сьведчыць свае палітычныя перакананьні й веданьне камуністычных справаў.

Кіраўнік акругі не хаваў сарказму:

Мы ня лічым, што ўлады маюць права звольніць нашага супрацоўніка, калі ён ня ведае, была Роза Люксэмбург натуральнай ці фарбаванай бляндынкай.

Ўілабі пытаўся, ці правільная яго пазыцыя й прасіў парадаў.

Але падзеі пачалі разгортвацца хутчэй, чым ён атрымаў адказ. 7 сакавіка «Звезда» надрукавала абвестку:

Камісія, арганізаваная для праверкі пэрсаналу замежных арганізацыяў дапамогі ў Расеі, просіць усіх грамадзянаў, якія што-кольвек ведаюць пра злоўжываньні пэрсаналу АРА, Джойнту й місіі Нансэна падчас іхнае працы, рабаваньне, хабар і неляяльнасьць да Савецкай улады, паведаміць пра гэта Камісіі.

Заявы ў пісьмовай форме ці вусна прымаюцца старшынём Камісіі т. Стакоўскім у канторы Наркамату аховы здароўя на пляцы Волі ад 12.00 да 15.00 і з 10.00 да 11.00 у Белэваку.

Камісія гарантуе поўную таемнасьць асобам, якія прынясуць заяву. Ананімныя скаргі разглядацца ня будуць.

Абвестка была як гром зь яснага неба. Напярэдадні Ўілабі сустракаўся са Стакоўскім і прасіў паспрыяць у атрыманьні візы для жонкі. Ўілабі меўся сустрэць яе ў Варшаве й разам вярнуцца ў Менск. Стакоўскі напісаў кароткае хадайніцтва савецкаму паўнамоцнаму прадстаўніку ў Польшчы і ўручыў паперу кіраўніку акругі. Пра абвестку ў заўтрашняй газэце не было гаворкі.

Сытуацыя пачынала выглядаць зусім ня сьмешнай.

Ўілабі тэрмінова папрасіў сустрэчы з упаўнаважаным і адправіўся на вуліцу Ўрыцкага. Новы ліст у Маскву быў пазбаўлены ўласьцівых для стылю кіраўніка акругі жартаў:

Тлумачэньне ўладаў што да публікацыі абвесткі не праліло дадатковага сьвятла на справу. Супрацоўнікі АРА дужа заклапочаныя, асабліва з нагоды фразы пра «неляяльнасьць да Савецкай улады». У мінулым, пры любой сутычцы паміж мясцовым супрацоўнікам і прадстаўніком уладаў, апошні заўсёды выстаўляў абвінавачаньне ў неляяльнасьці да ўладаў проста з тае прычыны, што супрацоўнік выконваў нашыя інструкцыі, інструкцыі АРА з Масквы, і абараняў інтарэсы АРА.

Падчас размовы Стакоўскі паабяцаў, што асабіста будзе праводзіць чыстку ў АРА. Ўілабі паведамляў:

Стакоўскі — камуніст, але адначасова разумны й дальнабачны чалавек, які ня робіць дробных паскудзтваў, як практыкуюць шматлікія Добрыя Таварышы.

Добрыя таварышы, зь якімі даводзілася мець справу АРА, сустракаліся паўсюль. Напачатку лютага ў «Звезде» зьявілася малая нататка за вялікім подпісам «Управа крымінальнага вышуку». Назва «За працу» была ў іранічным двукосьсі:

Управай крымінальнага вышуку быў камандзіраваны як паняты пры выгрузцы мэдыкамэнтаў і шпітальнага рыштунку для мэдаддзелу АРА агент крымінальнага вышуку таварыш А. Пасьля заканчэньня працы загадчык складу даў невядомаму чыгуначніку, які прысутнічаў пры разгрузцы, кавалак мыла. Гэта не прасьлізнула міма ўвагі агента А. Такая назіральнасьць прыйшлася недаспадобы загадчыку, які стаў шаптацца са сваім памочнікам на замежнай мове й працягваў адначасна скоса паглядаць на агента.

У выніку таварышу А. таксама быў уручаны кавалак мыла. Загадчык складу, пісала газэта, не патлумачыў прычыны такой шчодрасьці. Але агент А. застаўся нямытым. Мыла было прыкладзена да рапарту, управа крымінальнага вышуку паведамляла, што сродак гігіены перададзены ў аддзел сацыяльнага забесьпячэньня й папярэджвала, што надалей такія падарункі будуць лічыцца рэчавымі доказамі для суду. Чытачы газэты такім чынам былі паінфармаваны пра чыстыя рукі супрацоўнікаў НКВД[71] і ня надта чыстыя справы супрацоўнікаў АРА, якія перашэптваюцца на замежных мовах.

вернуться

71

Народны камісарыят унутраных справаў БССР (НКУС).