Выбрать главу

Чарлз Ўілабі таксама рыхтаваўся да закрыцьця канторы й плянаваў паступовае скарачэньне пэрсаналу й апэрацыяў. Але ў красавіку ў лісьце ў Маскоўскую штаб-кватэру пісаў:

Мы спадзяваліся пачаць скарачэньне пэрсаналу 15 красавіка. Аднак гэта аказалася немагчыма, бо аб’ём нашай працы цяпер толькі крыху меншы, чым быў у пік дзейнасьці, хаця пэрсаналу маем менш.

16 траўня ў Менск прыйшоў яшчэ адзін цыркуляр з Масквы:

Абсалютна сакрэтна. Цыркулярны ліст-інструкцыя. Пытаньне аб ліквідацыі дзейнасьці АРА можна лічыць беспаваротна вырашаным. 15 чэрвеня спыняецца пасылачная праца, пачалася ліквідацыя мэдычнай, на чарзе астатняя. Афіцыйна АРА заявіла пра спыненьне харчаваньня ў ліпені, але відавочна, што яна фарсіруе працэс ліквідацыі.

Адусюль нам паведамляюць пра спробы прадаць маёмасьць, у прыватнасьці, аўтамабілі АРА. У сувязі з будучай ліквідацыяй вам трэба будзе выканаць надзвычай сур’ёзную й адказную працу.

Апісаньне адказнай працы заняло пяць старонак і складалася з 25 пунктаў. Найчасьцейшыя словы ў інструкцыі ўпаўнаважанага савецкага ўраду Ландэра — неадкладна правесьці дакладны, строгі й поўны ўлік, дамагацца, каб уся дапамога перадавалася савецкім органам, а не беспасярэдне шпіталям, сталоўкам, дзіцячым дамам. Падрабязна рэглямэнтавалася перадача аўтамабіляў і мэблі, канцылярскага рыштунку й коней.

У інструкцыі не было ані слова пра арганізацыю разьвітаньня, падзяку ад мясцовых органаў улады ці дзяржаўных установаў — атрымальнікаў дапамогі. Затое асобны разьдзел быў прысьвечаны тары:

Паколькі АРА афіцыйна перадала ўсю тару дзіцячым установам, трэба строга сачыць за тым, каб не было продажу тары. Прысьпешвайце прыём тары, якая перадаецца нашым установам. На месцах правядзіце поўны ўлік тары. Справаздачныя ведамасьці павінны быць пададзеныя ў цэнтар.

Гербэрт Гувэр яшчэ ў 1922 годзе меркаваў, што, калі наступны ўраджай будзе добры, дзейнасьць АРАў Расеі, Украіне, Беларусі й іншых рэгіёнах будзе спыненая[73].

У красавіку абвясьцілі пра ад’езд арганізацыі Чырвонага Крыжа Нямеччыны й Францыі, заявіла пра згортваньне місія Нансэна.

Амэрыканцы паставіліся да ад’езду як да магчымасьці працягнуць справу дапамогі. Кіраўнік АРА Сырыл Кўін, які замяняў Ўільяма Гаскела, адправіў усім кіраўнікам акругаў цыркулярны ліст:

Калі прыйдзе час ад’езду, вельмі пажадана пакінуць які-небудь сталы адбітак аб працы АРА, і кожны кіраўнік акругі мусіць пільнаваць, каб не прапусьціць адпаведнай нагоды. Канструктыўны эфэкт можа прынесьці выкарыстаньне нашых запасаў харчу як стымулу для паляпшэньня санітарных умоваў закрытых установаў. Ёсьць добрыя шанцы, што многія ўстановы, якія ўпарадкаваліся ў адказ на нашыя патрабаваньні, будуць пільнавацца санітарных стандартаў і пасьля нашага ад’езду.

За ўзор пільнасьці Сырыл Кўін прыводзіў Менск, дзе распрацавалі сыстэму ацэнак шпіталёў, дзіцячых дамоў, кухняў, паводле якой вымяралася эфэктыўнасьць разьмеркаваньня дапамогі. Апісаньне беларускага досьведу было разасланае ва ўсе акругі.

Закрыцьцё акругаў і перадача маёмасьці праходзіла без надзвычайных здарэньняў і перашкодаў. Масква яшчэ з інэрцыі патрабавала праяўляць пільнасьць, не дапускаць размантачваньня й перадачы мэдычных грузаў прыватным лекарам, загадвала ўлічыць нявыкарыстаныя лекі й матэрыялы ў шпіталёх. Але ў канцы доўгага сакрэтнага ліста ўпаўнаважаны Ландэр выказвае пажаданьне правесьці ліквідацыю «безбалесна»:

Прапаную ў ліквідацыйнай працы строга трымацца інструкцыяў, не ствараць дробных інцыдэнтаў і канфліктаў з прадстаўнікамі замежных арганізацыяў, а, строга праводзячы нашу лінію, вырашаць усе пытаньні паводле магчымасьці шляхам пагадненьня на месцы.

Удзень 15 чэрвеня Чарлз Ўілабі разам з прадстаўнікамі ўладаў аформіў акт перадачы рэшты прадуктаў з амэрыканскіх складоў у фонд камітэту ліквідацыі наступстваў голаду:

Мука пшанічная — 348 мяхоў,

груца кукурузная — 75 мяхоў,

цукар — 107 мяхоў,

гарбата — 11 пудоў 35 фунтаў,

малако — 10 260 бляшанак,

какава — 176 пудоў,

мыла — дзьве скрынкі, вагой 9 пудоў 31 фунт.

Пра рэшткі тлушчу напісана наступным чынам:

вернуться

73

На гэтае рашэньне таксама паўплываў продаж хлеба за мяжу, які бальшавіцкі ўрад пачаў у 1922. У траўні 1923 стала вядома, што ад пачатку году было прададзена за мяжу каля 400 000 тон, збожжа вывозілі з губэрняў, суседніх з галоднымі рэгіёнамі. Вывозілі збожжа й зь Беларусі ў той час, калі там працавала АРА.