Выбрать главу

Тлушч у бляшанках, кожная вагой 10 амэрыканскіх фунтаў, якія складаюць 11,076 расейскага фунта: 354 скрынкі па 6 бляшанак у кожнай і асобна 1 цэлая й палова адной бляшанкі, што складае 2125 з паловай бляшанак.

На наступны, апошні дзень у «Звезде» зьявілася публікацыя пад загалоўкам «Ліквідацыя АРА ў Беларусі». Спачатку ішлі словы Мар’яна Стакоўскага:

У сваёй працы АРА давала дапамогу тым, каму яна была патрэбная. Я павінен адзначыць найвялікшую заслугу кіраўніка акругі містэра Чарлза Ўілабі, які заўсёды разглядаў пытаньні й праблемы з практычнага боку, надаваў належную ўвагу ўказаньням савецкага ўраду і ўзгадняў працу. Дзякуючы ягоным намаганьням харчовыя пайкі павялічыліся з 6 тысяч штомесяц да 20 тысяч, а цягам апошніх двух месяцаў да 30 тысяч. Гэта аказала вялікую падтрымку нашым дзіцячым дамам і шпіталям. Мы перакананыя, што містэр Ўілабі, сапраўдны сябар Савецкай Расеі, працягне сваю працу шляхам дапамогі савецкай уладзе, пачатай тут, і там, у Амэрыцы. Будзем спадзявацца, што, калі містэр Ўілабі прыедзе ў Амэрыку, ён стане актыўным чальцом «Сяброў Савецкай Расеі». Я хацеў бы яшчэ раз выказаць удзячнасьць ад імя ўраду містэру Ўілабі перад ягоным ад’ездам у Амэрыку.

Побач было зьмешчана інтэрвію Чарлза Ўілабі:

Пасьля 18 месяцаў працы ў Беларусі АРА ад’яжджае 15 чэрвеня. Напачатку хачу прывесьці некаторыя лічбы, якія ілюструюць працу нашай акругі.

Ад студзеня 1922 году мы атрымалі 490 вагонаў розных грузаў — прадукты, мэдыкамэнты, абсталяваньне. Да 15 чэрвеня насельніцтва атрымала больш за 75 тысяч харчовых пасылак. Розным катэгорыям насельніцтва Беларусі было выдадзена больш за 200 тысяч харчовых радыёнаў. Больш за 2 тысячы атрымалі пасылкі з адзеньнем з Амэрыкі, зь якіх больш за 700 былі бясплатна раздадзеныя тым, хто меў нястачу. Дзіцячыя дамы атрымалі наступную колькасьць матэрыялаў для адзеньня да закрыцьця акругі: ваўнянай тканіны 3 тысячы ярдаў, флянэлі 12 тысяч ярдаў, мусьліну 24 тысячы ярдаў, нітак 5 тысяч шпуляў і шмат іншых рэчаў[74].

Хаця мне надзвычай шкада спыняць тут працу й ад’яжджаць зь Беларусі, аднак я рады, што гэтая вельмі важная рэспубліка зноў здольная сама парупіцца пра свае патрэбы, што больш няма неабходнасьці атрымліваць дапамогу зь іншых крыніцаў.

Я правёў у Расеі 18 месяцаў, бываў ці працаваў практычна ва ўсіх частках РСФСР. У Менску мне спадабалася больш, чым у любым зь іншых месцаў, куды мяне пасылалі. У нас была цудоўная супраца ня толькі з урадавымі афіцыйнымі асобамі, але й са сваімі працаўнікамі, і з грамадзтвам у цэлым.

Праца ў Менску выклікала поўнае задавальненьне маскоўскага офісу. Гэта было б немагчыма без сардэчнай і пастаяннай супрацы з урадам і з паўнамоцным прадстаўніком таварышам Стакоўскім.

А 4-й гадзіне дня ў пятніцу нашыя офісы й склады будуць перададзеныя ўраду, і праца АРА ў Менску скончыцца.

Я хацеў бы скарыстаць нагоду й падзякаваць урадавым афіцыйным асобам, зь якімі я меў справы, а таксама кіраўнікам і службоўцам установаў, у якіх АРА разьмяркоўвала прадукты, за іхную шчырую й сумленную супрацу. Я спадзяюся вярнуцца ў Беларусь калі-небудзь у блізкай будучыні.

Пасьля разьвітальнага абмену камплімэнтамі ў друку й падзякамі на банкеце Мар’ян Стакоўскі сеў пісаць канчатковую справаздачу ў Маскву ўпаўнаважанаму Ландэру. Спаслаўшыся на папярэднія статыстычныя зьвесткі аб дзейнасьці замежных арганізацыяў дапамогі, якія рэгулярна пасылаліся зь Менску, Гомелю й Віцебску, аўтар папярэдзіў:

Гэтая нататка хутчэй бэлетрыстычнага характару й ахопіць той бок дзейнасьці, які немагчыма выказаць лічбамі.

І патлумачыў свой канчатковы погляд на замежныя арганізацыі дапамогі ў Беларусі:

Трэба іх падзяліць на менш карысьлівыя й тыя, што шукалі сабе карысьці.

Першае месца заняла місія Нансэна, хаця й аказала найменшую дапамогу. Нансэнаўцы разьмеркавалі сярод адрасатаў 4 тысячы 222 харчовыя пасылкі, кожная коштам 2,5 даляра. Дзіцячым установам было перададзена 63 пуды какавы. Ніякіх выдаткаў у сувязі зь місіяй Нансэна ўлады ня несьлі.

На другое месца Стакоўскі паставіў Таварыства сяброў — Квакеры, што, як і місія Нансэна, ужо спыніла сваю дзейнасьць. Усю дапамогу квакеры перадавалі ў дзяржаўныя органы, кармілі каля 13 тысяч дзяцей, а таксама перадавалі старую вопратку й бялізну. Як адзначаў упаўнаважаны:

вернуться

74

Гэтыя папярэднія лічбы пазьней былі ўдакладненыя статыстыкамі АРА.