Выбрать главу

Грамадзянін Томас (Клівэр), які працаваў ад іх у нас, наагул працу сваю праводзіў, вылучна кіруючыся атрыманымі ад мяне ўказаньнямі.

Трэцяе месца заняла габрэйская арганізацыя Джойнт, якая пакуль не ад’яжджала. Стакоўскі пісаў:

Толькі апошнім часам мне ўдалося канчаткова, здаецца, прымусіць яе адмовіцца ад бескантрольнага й бясплянавага разьмеркаваньня даламогі, і цяпер яе праца праводзіцца цалкам узгоднена празь мяне з нашымі дзяржорганамі.

АРА ў справаздачы Стакоўскага было адведзена больш за ўсё месца. І гэтае месца было ў канцы:

Апошняе месца, паводле вызначанага мной парадку, займае АРА. Гэтая арганізацыя, якая аказала нам параўнальна вялікую матэрыяльную дапамогу, ўвесь час вырывалася з-пад нагляду Ўрадавых Органаў. Маючы пэўную мэту, ня гэтулькі дапамагаць дзяржаве, колькі рэклямаваць амэрыканскую дабрачыннасьць, ня гэтулькі дапамагаць дзяржаве, колькі падтрымліваць мяшчанскія пласты насельніцтва, яна патрабавала безупыннай пільнасьці, а часам і пэўнай цьвёрдасьці й супраціву з боку тых, каму было даручана быць пры іх упаўнаважаным.

На заканчэньне Стакоўскі ляканічна канстатаваў:

Канечне, у Беларусі АРА аказала нам дапамогу выдачай значнае колькасьці мэдыкамэнтаў, 195 500 месячных рацыёнаў, што складае 66 105 пудоў брута, і разьмеркаваньнем пэўнай колькасьці мануфактуры.

Так была ацэненая найвялікшая ў XX стагодзьдзі замежная дапамога Беларусі.

Увечары 16 чэрвеня амэрыканцы пакідалі Беларусь. 23 чэрвеня ў адміністрацыйным аддзеле АРА ў Маскве быў падпісаны «Агульны мэмарандум № 73»:

Менская акруга закрытая 17 чэрвеня 1923. Увесь пэрсанал прыбыў у Маскву.

Аднак справы Менскай акругі закрыліся не для ўсіх. Напярэдадні канчатковага ад’езду зь Беларусі Чарлз Ўілабі напісаў асабісты ліст Мар’яну Стакоўскаму. Упаўнаважаны ня згадвае гэтага допісу ў выніковай справаздачы. Але без увагі ён не застанецца.

Адказ на свой зварот Ўілабі прачытае ўжо ў Амэрыцы. Гэта будзе паведамленьне ў газэце «New York Times». Але яно зьявіцца амаль праз год.

20

Віцебск: кароткая адліга ў 30-градусны мароз

Амэрыканцаў чакалі. — Ні складу, ні жытла, ні офісу. — Начуюць у вагоне. — Першыя пасылкі. — Губвыканкам мяняе пазыцыю. — Вада зь Дзьвіны. — Крывадушны Канаплін. — Манія Анкера

А палове пятай раніцы 7 студзеня 1922 на станцыю Віцебск прыбыў спэцыяльны цягнік[75]. На станцыі адпраўленьня, у Маскве, ён быў даўжэйшы на дванаццаць вагонаў, — але ў Воршы цягнік перафармавалі, і большая частка пайшла на Менск. З адзінага салён-вагону на 30-градусны мароз выйшлі два амэрыканцы — Джон Айкер, кіраўнік будучай акругі АРА, і сакратар Джон Макмілан. Калі іхны вагон адцягнулі на запасныя рэйкі, замежныя пасажыры пайшлі праверыць вагоны з харчам. Усе плёмбы былі ў парадку, і а 10-й раніцы амэрыканцы ўжо былі ў губвыканкаме.

Губвыканкам месьціўся ў былым губэрнатарскім палацы на вуліцы, якая раней называлася Губэрнатарскай, але на час прыезду АРА была перайменаваная ў Савецкую[76]. Зьяўленьне Джона Айкера для віцебскага начальства не было нечаканасьцю. За тыдзень да прыезду групы АРА ў Віцебск з Масквы адправіўся перакладчык прозьвішчам Якабс, які меў падрыхтаваць умовы для хуткага пачатку апэрацыяў.

Улады падрыхтаваліся: на сустрэчы са старшынём губвыканкаму Крыловым прысутнічаў рабочы, які быў на заробках у Амэрыцы й крыху гаварыў па-ангельску. Ён і быў прызначаны прадстаўніком уладаў. Амэрыканцам сказалі, што склад, памяшканьне пад кантору й жытло для іх ужо падабралі. Быў выкліканы службовы аўтамабіль, і араўцы разам з прадстаўніком губвыканкаму рушылі аглядаць памяшканьні.

Склад аказаўся ў цэнтры гораду, але ўяўляў сабой невялікі пакой у нежылым будынку. Ані памерам, ані разьмяшчэньнем ён не пасаваў да апэрацыйных патрэбаў. Зьбянтэжаны прадстаўнік губвыканкаму параіў зьвярнуцца да чыгуначнікаў. Паехалі ў чыгуначную ўправу. Там гасьцям зьдзівіліся, але выслухалі й прапанавалі стары ангар — пры ўмове, што новыя гаспадары самі вывезуць сьмецьце й падрыхтуюць умовы для складавай працы. Айкер пагадзіўся.

У адным з вагонаў прыбыў аўтамабіль «Форд-Каміянэт», але завесьці машыну не ўдалося. Адсутнічалі часткі, якія запакавалі асобна. Паколькі плёмбы на дзьвярох былі на месцы, верагодна, іх забыліся пакласьці ў Маскве. Амэрыканцы распакавалі скрынку з друкавальнай машынкай, але з-за дрэннай упакоўкі яна амаль рассыпалася й вымагала сур’ёзнага рамонту. Першыя справаздачы зь Віцебску давялося пісаць ад рукі.

вернуться

75

Паводле ўспамінаў Джона Айкера, напісаных у кастрычніку 1922. У іншых справаздачах дата прыезду пазначаецца 13 студзеня.

вернуться

76

Вуліца захавала свой назоў да цяперашняга часу, захаваўся й губэрнатарскі палац, у якім у 1812 месьцілася штаб-кватэра Напалеона. «Збор помнікаў архітэктуры» апісвае дом 18 на вул. Савецкай як «адміністрацыйны будынак» — там цяпер месьціцца абласная ўправа КГБ.