Выбрать главу

Канаплін, які сам рыхтаваў тэкст адказу, сам і перадаў яго разам з копіяй тэлеграмы Эйдука кіраўніку акругі. Ні гэты, ні наступныя адказы не спрыялі паляпшэньню дачыненьняў. Пазьней у справаздачы ўпаўнаважанага Віцебскага губвыканкаму для Масквы дзейнасьць АРА ў першыя месяцы будзе падсумаваная наступным чынам:

Са студзеня па ліпень — пэрыяд няспынных спрэчак паміж губвыканкамам і Айкерам, якога перасьледуе манія парушэньня паўсюль і ўсімі Рыскага пагадненьня.

Кожныя некалькі дзён па прыезьдзе ў Віцебск амэрыканцы назіралі адну й тую ж карціну: зь цягнікоў з Волгі здымалі па 10–15 целаў памерлых дзяцей. Яны заставаліся ў вагонах аж да канечнай станцыі, у Віцебску трупы згружалі на сані й везьлі на могілкі голыя целы — распраналі памерлых адразу ў дарозе.

У выніковай справаздачы Айкер гэтак ацэніць першыя месяцы свае супрацы зь мясцовымі ўладамі:

Мы рабілі ўсё магчымае, каб давесьці да іх, што мы хочам пачаць працу як найхутчэй, але з такім самым посьпехам мы маглі кідаць словы на ўзьвей ветру.

21 Віцебск: сьлёзы, а не дапамога

Габрэйскі горад. — Загадчык складу з «Grand Opera». — Крадзе й ня дзеліцца. — Няма шчасьця. — Ура амэрыканскім братам! — Начная зьмена. — Даў па пысе. — Вайна з Джойнтам. — Айкер ад'яжджае

Празь дзень пасьля прыезду ў Віцебск, позна ўвечары 9 студзеня, калі амэрыканцы вярталіся ў вагон, іх чакаў першы кандыдат уладкавацца на працу.

Абвестка ў мясцовым друку прыцягнула пільную ўвагу гараджанаў. Шмат хто зь мясцовага насельніцтва быў на заробках у Амэрыцы, меў там сваякоў, крыху ведаў ангельскую. АРА не была першай арганізацыяй, якая дастаўляла дапамогу ў гарады й мястэчкі над Дзьвіной. Першы кандыдат распавёў, як усяго некалькі месяцаў таму, калі Віцебск быў акупаваны палякамі, у горадзе працавала польская дабрачынная арганізацыя. Пасьля вяртаньня бальшавікоў некалькі яе супрацоўнікаў зь мясцовага насельніцтва былі расстраляныя. Сярод іх была й дзяўчына.

Але гэтая гісторыя не напужала шматлікіх ахвочых уладкавацца ў амэрыканскую кантору. Насельніцтва бедавала, і праца ў АРА гарантавала больш чым дзе прыстойныя ўмовы[77].

Айкер пісаў:

Мы мусілі напачатку браць на працу пераважна габрэяў, большасьць якіх былі ў Амэрыцы, гаварылі па-ангельску і ў бальшыні сваёй зьяўляліся агентамі ўладаў. Віцебск на 90 % ёсьць габрэйскім горадам, але ў тыя дні здавалася, што блізка да 100 %.

У справаздачы Віцебскай акругі кароткая гісторыя рэгіёну тлумачылася наступным чынам:

Перад 1793 годам большая частка акругі належала да Польшчы, і пасьля другога падзелу шмат палякаў, асабліва шляхты, засталося тут. У гарадох можна сустрэць даволі шмат немцаў, а бальшыню сялянаў складаюць расейцы. Па ўсёй акрузе расьсеяныя таксама літоўцы й латышы. Але найбольшую частку насельніцтва складаюць габрэі, бо гэта быў рэгіён, вызначаны для іх расьсяленьня пры старым рэжыме. Расейская й габрэйская зьяўляюцца мовамі гандлю, старая шляхта карыстаецца польскаю.

Віцебск у 1922 годзе ўваходзіў у склад РСФСР, у горадзе не выдавалася ніводнай беларускай газэты, адсутнічалі беларускія школы. Сялянства было беларускамоўным, але ў справаздачах цяжка адшукаць якія-небудзь згадкі пра гэта. Мясцовых моваў амэрыканцы ня ведалі й залежалі ад перакладчыкаў. Голад на вёсцы быў куды меншы, чым у гарадох, перапоўненых уцекачамі. Асноўныя апэрацыі прызначаліся для гарадоў і мястэчак, дзе былі сканцэнтраваныя адрасаты пасылак, дзіцячыя дамы й мэдычныя ўстановы. Сярод гараджанаў АРА й набірала супрацоўнікаў. Айкер пісаў:

У ліку першых, хто зьвярнуўся, аказаўся былы саліст амэрыканскай «Grand Opera» Зімін, і я хачу выказаць на ягоны адрас камплімэнт, які магу адрасаваць толькі некалькім людзям, якіх я сустрэў у Расеі, — ён сумленны чалавек.

Зімін быў прызначаны загадчыкам складу. Айкер хваліў яго за добрую працу, але думкі пра віцебскіх кандыдатаў на працу не зьмяніў:

Гэты джэнтэльмэн, Зімін, таксама выкладаў у кансэрваторыі, дзе былі іншыя інтэлігентныя людзі, якія гаварылі па-ангельску й шукалі працу. Аднак прапанаваная аплата для іх была занізкая, і пазьней я ўведаў, што яны спрабавалі не дапускаць іншых людзей да працы ў АРА ў спадзяваньні, што я буду вымушаны падвысіць заробак. Чаго можна чакаць ад масаў, калі так паводзіць сябе старая інтэлігенцыя.

вернуться

77

У дадатак да заробку мясцовыя супрацоўнікі АРА бясплатна атрымлівалі адну амэрыканскую харчовую пасылку на месяц. У Віцебскай акрузе ў 1922–1923 было выдадзена такім чынам больш за 41 тону харчу на суму 4263 даляры.