Выбрать главу

Шмат беларусаў нават сярэдняга веку яшчэ памятаюць пах хлеба, які іхныя бабулі пяклі ў вясковых печах. Кожная гаспадыня мае свае сакрэты, у кожнай мясцовасьці бохан мае свой адметны смак. Адмысловы рэцэпт мясцовага хлеба запісаў інспэктар АРА Гершэл Ўокер, які наведаў у 1919 годзе Ліду:

У людзей няма мукі, солі, у гэтым рэгіёне яны пякуць хлеб з сумесі травы, верасу й крапівы. Яны дробна сякуць гэтыя інгрэдыенты, дадаюць нешта для клейкасьці й потым пякуць на агні. Я каштаваў два гатункі гэтага хлеба — адзін у сьвятаровым доме, другі ў селяніна. На мой густ, абодва былі аднолькава дрэнныя. Розьніца была ў колеры — у сьвятара хлеб быў сьвятлейшы.

Ўокер праехаў па ўсім Віленскім краі.

Лёс Вільні як сталіцы вырашаецца на канфэрэнцыі Лігі Нацыяў, а пакуль ёю кіруе вайсковае камандаваньне. Трэба карміць шмат беспрацоўных, акупацыйную армію, скарб гораду пусты ад частых акупацыяў. Насельніцтва скарацілася на 30 %, высокія цэны, шпіталі ня маюць сродкаў і перапоўненыя хворымі й галоднымі.

На момант падарожжа амэрыканскага інспэктара Віленскі край складаўся зь дзесяці адміністрацыйных раёнаў. Палякі кіравалі шасьцю, астатнія чатыры належалі да Сярэдняй Літвы[15]. Ўокер апісваў пабачанае:

На ўсход ад акопаў лініі фронту ляжыць рэгіён Дзісна-Глыбокае, які ня надта пацярпеў ад вайны. Аднак рэгіён шмат разоў захоплівалі бальшавікі. Дамы й маёмасьць заможных землеўладальнікаў разбураныя, ніхто зь іх не вярнуўся. Зямля не апрацоўваецца.

На захад ад лініі акопаў месьціцца Ліда. Тэрыторыя вакол яе больш пацярпела ад вайны, асабліва ад нямецкай акупацыі, — горш, чым суседнія раёны ад бальшавіцкай.

Чацьверты рэгіён, дзе падарожнічаў пасланец Гувэра, — лінія фронту ад пяці да дваццаці пяці міляў шырынёй, ад Дзьвінску празь Відзы, Паставы, Мядзел, Сьвір, Смаргонь, Крэва, Багданаў, Вішнева й да прыпяцкіх балотаў. Там лініі акопаў, дотаў і дзотаў, умацаваньняў з калючага дроту й разьверненых снарадамі палёў. На гэтую лінію вярталіся тысячы ўцекачоў, каб пачаць жыцьцё бяз даху над галавой, свойскай жывёлы, ежы й вопраткі.

Тактыка царскай арміі нагадвала напалеонаўскую вайну: падчас адступленьня жыхароў вывозілі на ўсход, а вёскі палілі. Тыя, хто не хацеў пакідаць родныя мясьціны, хаваліся ў лясох, у зямлянках, дзе й знаходзілі іх супрацоўнікі АРА. Як пісаў Гаралд Фішэр:

Калі хто-небудзь у сьвеце меў патрэбу ў дапамозе, дык гэта жыхары ўсходніх раёнаў, куды АРА прыйшла ў 1919 і 1920 гадох, не пытаючыся, ці ахвочыя яны стаць грамадзянамі Польшчы, новай Беларусі ці яшчэ чагосьці. Несумненна, што ў адказ на пытаньне пра сваю нацыянальнасьць альбо прыналежнасьць да нацыянальнага руху яны адказалі б гэтак сама, як звычайна адказвалі ўкраінцы: праваслаўныя.

АРА неадкладна скарысталася замірэньнем на польска-расейскім фронце й пачала адчыняць кухні, пастаўляць мэдыкамэнты й аказваць дапамогу на тэрыторыі на захад ад лініі фронту.

У лютым 1919 году Кангрэс ЗША асыгнаваў 100 мільёнаў даляраў на дапамогу эўрапейскім краінам. Гувэр накіраваў у Варшаву спэцыяльную місію з мэтай вызначыць характар дапамогі й так арганізаваць яе раздачу, каб не закранаць унутраныя палітычныя праблемы. Прынцыпы Гувэра былі правераныя падчас працы ў Бэльгіі й іншых краінах:

1. Дапамагаць толькі тым, хто ня можа дапамагчы сабе.

2. Толькі наглядаць, не займаць пазыцыі ў палітычных ці іншых праблемах.

3. Захоўваць поўную роўнасьць у справах з усімі нацыянальнасьцямі й рэлігіямі.

4. Так арганізаваць адміністраваньне ўсёю дапамогаю й дарадчую дзейнасьць, каб мясцовае кіраўніцтва станавілася больш эфэктыўным і ўрэшце пераняло кіраваньне цалкам.

Праз год пасьля пачатку апэрацыяў АРА ў Польшчы ў справаздачах пазначалася, што штодзённы мільён рацыёнаў гарачай ежы атрымлівалі разам з польскімі дзецьмі нямецкія, габрэйскія, украінскія, а таксама беларускія[16].

Гэтаму выніку папярэднічалі драматычныя падзеі. У сакавіку палякі, якія кантралявалі Менск і значную частку Беларусі, дадаткова захапілі Мазыр, Калінкавічы й Рэчыцу, а ў канцы красавіка 1920 пачалася поўнамаштабная польска-савецкая вайна[17].

вернуться

15

Дзяржаўнае ўтварэньне на тэрыторыі Віленшчыны й Гарадзеншчыны ў 1920–1922 пад кантролем Польшчы.

вернуться

16

У 1919–1922 АРА даставіла ў Польшчу 9500 таварных вагонаў харчу, было разьмеркавана 95 000 тон ежы, выдадзены 1 000 000 адзінак адзеньня, абутку й бялізны. Агульны кошт дапамогі склаў 65 841 716 даляраў.

вернуться

17

Урад маршала Пілсудзкага распрацаваў «дактрыну фэдэралізму» — вызваленьня суседніх «малых» народаў. У Варшаве меркавалі, што дзяржавы-сатэліты санітарнага кардону будуць «круціцца вакол Польскага сонца». Вялікабрытанія папярэджвала пра небясьпеку такіх амбіцыяў, але Парыж ставіўся да гэтае дактрыны прыхільна.