Я прыношу сваю найглыбейшую падзяку вялікаму й шчодраму, далёкаму, але цяпер блізкаму майму сэрцу амэрыканскаму народу, які даў сілы мне, як і многім іншым працаўнікам навукі, перажыць гэтыя невыносна цяжкія часіны. Як быццам зыркі прамень сьвятла, які раптоўна зазьзяў з далёкага Захаду, асьвятліў глыбокую цемру вакол мяне[78].
У дакумэнтах АРА ёсьць тлумачэньне, што сямідзесяцігадовы прафэсар перад гэтым асьлепнуў, але пасьпяховая апэрацыя вярнула яму зрок. Аднак былы выкладчык клясычных моваў меў на ўвазе нешта іншае, калі скончыў ліст услаўленьнем:
І для мяне напраўду «ех Occidente, nоn ex Oriente, lux! Vivat, crescat, floreat America in saecula saeculorum!»
Невядома, ці Джон Айкер разумеў лаціну, каб дакладна перакласьці выраз «з Захаду, не з Усходу, сьвятло! Няхай жыве, расьце, квітнее Амэрыка на вечныя вякі!», але напэўна зразумеў бы сэнс.
Айкер ніколі не пабачыў гэтае падзякі.
23
Віцебск: ізноў паўтарэньне пройдзенага
Новы кіраўнік акругі. — Шымялёвічу цяжка. — Арышт і вызваленьне рабіна. — Упаўнаважаны зьнік. — Дружба з губэрнатарам. — Зэліксон папярэджвае. — Абвінавачаньні ў друку. — Блаславеньне біскупа
Напачатку жніўня ўпершыню за тры месяцы ў будынку губвыканкаму на вуліцы Савецкай, 18 зьявіўся амэрыканскі грамадзянін. У Віцебск зь Вены прыбыў новы кіраўнік акругі — вэтэран АРА Рэйманд Брэнд. Адбылася сустрэча з кіраўніцтвам губвыканкаму, затым упаўнаважаны Шымялёвіч пазнаёміў Брэнда з кіраўнікамі аддзелаў асьветы, аховы здароўя й сацыяльнага забесьпячэньня. Здавалася, Віцебск быў гатовы забыцца на старыя крыўды й павесьці супрацу з АРА па-новаму.
Новы кіраўнік пачаў са знаёмства з апэрацыямі ў губэрскім цэнтры, наведаў шпіталі й дзіцячыя дамы. У Віцебск зь Менску прыяжджаў Фрэнк Вілі, зь якім абмяркоўвалі праблемы далейшых мэдычных паставак, затым Брэнд выправіўся ў падарожжа па акрузе.
Упаўнаважаны Шымялёвіч стараўся як мог, але й сам мусіў скардзіцца ў Маскву — няма асобнага штату, апарат губвыканкаму перагружаны, цяжка атрымаць адказы на запыты:
У выніку самому даводзіцца хадзіць з адной установы ў іншую, настойваць, патрабаваць, пагражаць прыцягненьнем да адказнасьці, без чаго, верагодна, увогуле нічога не даможасься. Досыць сказаць, што АРА ўвесь час ня мела электрычнасьці, пакуль, нарэшце, губкамунаддзелу не была дадзеная тэлефанаграма з прапановай прывесьці электрычнасьць у парадак за 48 гадзінаў з прыцягненьнем да адказнасьці за невыкананьне. Гэта дало добры вынік, і сьвятло хутка зьявілася.
У тым самым дакумэнце, толькі на дзевяць старонак раней, Шымялёвіч ускладаў віну за брак сьвятла на былога кіраўніка акругі:
Айкер на ўсё глядзеў пад вуглом парушэньня Рыскага пагадненьня й пра ўсе дробязі паведамляў Цэнтар, пра аплату за рамонт, пра электрычнасьць. Губвыканкам прапанаваў АРА несьці ўсе выдаткі да высьвятленьня ў цэнтры, АРА адказвала тым самым, і ў выніку АРА сядзела без электрычнасьці, была пазбаўленая й іншых зручнасьцяў, што яшчэ болей раздражняла Айкера й давала яму магчымасьць згушчаць атмасфэру.
Вельмі хутка згушчаць атмасфэру пачаў сам Шымялёвіч:
Даводзіцца выступаць ня толькі ад імя губвыканкаму, але й Цэнтру. Неабходнасьць пашырэньня складу АРА й далучэньня суседняга пакгаўзу чыгункі выклікала з боку апошняй ня толькі абыякавае стаўленьне, але й злачыннае адцягваньне адказу тыднямі, хаця чыгунцы склад быў не патрэбны. Затое склад адразу быў аддадзены, калі я заявіў, што дам тэлеграму Эйдуку й Дзяржынскаму.
Непасьлядоўнасьць ці, магчыма, бюракратычная й палітычная спрактыкаванасьць Шымялёвіча пачала прыносіць плён: упаўнаважаны ня толькі дапамог з электрычнасьцю й складамі, але паспрыяў вырашэньню канфлікту ў Вяліжы.
Амэрыканскія габрэі, якія аплацілі 124 пасылкі, у якасьці адрасата, адказнага за іх разьмеркаваньне, прызначылі мясцовага рабіна. Аднак губвыканкам і габрэйскі камітэт Вяліжу, у склад якога ўваходзілі камуністы, настойвалі на сваім праве складаць сьпіс паводле клясавага прынцыпу.
Рабін напісаў скаргу ў віцебскую кантору АРА, пасьля чаго быў абвінавачаны ў здрадзе, арыштаваны й пасаджаны за краты. У адказ амэрыканцы адмовіліся выдаваць вяліскія пасылкі са складу. Падобныя канфлікты ўспыхнулі ў Лепелі й Дрысе. У выніку АРА пастанавіла прыпыніць выдачу групавых пасылак цалкам. Шымялёвічу ўдалося дапамагчы вызваліць рабіна й пагасіць канфлікт.
78
Пасьля 1917 А. Сапуноў кіраваў аддзелам статыстыкі губвыканкаму, 1 студзеня 1922 яго звольнілі — «перавялі на зьдзельную аплату працы». З тае пары ён практычна галадаў. Больш чым праз год пасьля ад’езду АРА, 1 кастрычніка 1924, за навуковыя заслугі 73-гадоваму навукоўцу была прызначана пажыцьцёвая пэнсія — 100 рублёў на месяц. Назаўтра, 2 кастрычніка, Сапуноў памёр.