Выбрать главу

У газэце была памылка. Назаўтра зьявілася нататка пад загалоўкам «Сур’ёзная папраўка». Але Брэнд, які ад пачатку не спадзяваўся на палёгку, і ня думаў саступаць

Мы будзем надалей выдаваць дабрачынныя харчовыя наборы паводле зваротаў, якія ўжо атрымалі, бо людзям патрэбны харч больш за ўсё астатняе. Калі будуць скаргі, мы гатовыя да наступстваў.

У Віцебску ўмелі чытаць газэты — Брэнд штодня стаў атрымліваць дзясяткі просьбаў аб дапамозе. Кожная просьба разглядалася індывідуальна, з наведваньнем адрасатаў:

Усе дамы былі амаль аднолькавыя. Ложак ці два ў кутку, часам матрацы на падлозе, стол і пара зламаных крэслаў — вось і ўся мэбля. Брудныя малыя ціха сядзяць навокал. Месяцамі іхная ежа складалася з капусты, чорнага хлеба й гарбаты, і нам кажуць, што ім яшчэ пашанцавала. Яны дранцьвелі, калі атрымлівалі наш пакет з такой колькасьцю прадуктаў адразу, усе акуратна запакаваныя й бясплатна.

Амэрыканцы не адмаўляліся разглядаць просьбы, якія зрэдку ішлі й на адрас упаўнаважанага, але правяралі іх гэтаксама, як усе астатнія. У сярэдзіне лістапада ў Віцебску, як і ўсюды ў зоне дзеяньня АРА, пачалася кампанія замоваў цёплай вопраткі. Араўцы зьбіралі паштоўкі-замовы, сваякі ці знаёмыя з Амэрыкі й Эўропы аплачвалі пасылкі з матэрыяламі для пашыву, якія выдаваліся са складоў АРА.

Аднойчы ў кантору ўвайшоў высокі, пад два мэтры, дзябёлы наведнік у чорнай сутане. Ён блаславіў пэрсанал і групу віцяблянаў, якія чакалі выдачы пасылак. Тыя сталі ў чаргу да сьвятара, каб пацалаваць руку. Незвычайны наведнік расьпісаўся за сваю пасылку й папрасіў сустрэчы з кім-небудзь з амэрыканцаў. Яго правялі да новага сакратара акругі Эдварда Рэмі. Наведнік аказаўся праваслаўным біскупам.

Рэмі пісаў у Маскоўскую штаб-кватэру:

Сьвятар папрасіў мяне перадаць амэрыканцам, якія прыслалі дапамогу, словы ўдзячнасьці за іхную дабрыню ад сябе й іншых сьвятароў. Біскуп ужо быў у турме, і неўзабаве яго чакае суд у справе канфіскацыі царкоўных скарбаў. У яго ўжо адабралі царкву, на пасадзе яго зьмяніў «чырвоны біскуп»[79].

Дапамога незалежна ад клясавых, нацыянальных і рэлігійных прынцыпаў спрыяла аўтарытэту АРА ў Віцебску, нягледзячы на ўсе публікацыі ў камуністычным друку.

Гэтая акалічнасьць хавала ў сабе новыя канфлікты.

24 Віцебск: серп і молат на крыжы

Калядная атака. — Інструкцыі з Масквы. — Вошы на транспарце. — Зіма ў зямлянках. — Тактоўнасьць і цярплівасьць. — Дзіцячыя дамы паляпшаюцца. — Загадкавы прагноз. — Брэнд просіцца ў адпачынак

Каляды 1922 году ў Віцебску амэрыканцам запомніліся зусім не сьвяточнаю калатнечаю. У сярэдзіне сьнежня ўпаўнаважаны губвыканкаму Зэліксон выправіўся на нараду ў Маскву. Адразу па ад’езьдзе ў мясцовай газэце зьявілася нататка пра дапамогу дзецям. У артыкуле гаварылася пра 180 дзяцей, якімі апекаваўся Джойнт, і ні словам ня згадвалася АРА, якая карміла больш за тысячу — нашмат болей, чым усе астатнія замежныя арганізацыі разам.

Кіраўнік акругі Рэйманд Брэнд мог здагадацца пра прычыну. Калі ў канцы кастрычніка АРА пачала праграму харчаваньня ў дзіцячых дамох, ён пісаў у Маскоўскую штаб-кватэру:

У шмат якіх дзіцячых дамох у Віцебску дзеці мусяць заставацца ў сьценах усю зіму, бо іхная адзіная адзежа — нешта кшталту начной кашулі. Вельмі многія ня маюць абутку й шкарпэтак. У Гарадку мы бачылі, як дзеці басанож хадзілі па сьнезе. Такі ж стан у Магілёве. Дзеці сядзяць вакол кафляных грубак, захутаныя ў араўскія коўдры. Памяшканьні не праветрываюцца. Калі мы зьвярталі на гэта ўвагу мясцовых кіраўнікоў, яны казалі пра брак адзеньня. Усе дзіцячыя дамы маюць моцны пах.

Калі Брэнд са сваімі супрацоўнікамі агледзеў шэраг дзіцячых дамоў, ён паставіў умову: амэрыканская дапамога пойдзе толькі ў тыя ўстановы, дзе навядуць парадак.

Паводле статыстыкі губаддзелу аховы здароўя, увосень 1922 у Віцебскай губэрні дзейнічала 25 дзіцячых дамоў, ясьляў і дыетычных кухняў для 1700 дзяцей. Брэнд атрымаў гэтыя лічбы, але вырашыў спачатку паслаць інспэктараў з праверкамі. У выніку агульная колькасьць заявак скарацілася на траціну.

Гэта не дадало папулярнасьці кіраўніку акругі ў кабінэтах віцебскай улады. Калі Зэліксон вярнуўся з Масквы, дык патлумачыў Брэнду, што замоўчваньне дапамогі АРА ў газэце было наўмысным, каб паўплываць на разьмеркаваньне бюджэту. (У сьнежні АРА карміла ўжо 1751 дзіця: пасьля пажару ў Бешанковічах бяз даху засталіся каля 500 дзяцей, і Брэнд накіраваў значныя рэсурсы ў мястэчка, якое было амаль дашчэнту вынішчанае).

вернуться

79

Паводле дасьледнікаў («Канфесіі на Беларусі (канец XVIII–XX ст.)»), у 1922 у Беларусі быў расстраляны 201 прадстаўнік праваслаўнага духавенства.