У студзені Віцебская акруга АРА адзначала гадавіну. Раней улады гаварылі пра намер урачыста ўганараваць гуманітарную працу, але ні афіцыйных прадстаўнікоў, ні віншаваньняў, ні публікацыяў у мясцовым друку не было. Мясцовы пэрсанал і амэрыканцы вырашылі разам адсьвяткаваць стары Новы год і гадавіну пачатку апэрацыяў. На вечарыне зачыталі некалькі прыватных лістоў з падзякамі. Апошнімі тыднямі акруга атрымала гуманітарную дапамогу агульнага прызначэньня, якую раздавалі тым, каму найбольш было трэба.
Дабрачынная акцыя спрыяла аўтарытэту АРА сярод насельніцтва і ўстрывожыла ўлады. Па вяртаньні з Масквы Зэліксон няспынна заводзіў размовы пра палітычныя аспэкты дапамогі, нават калі сам ухваляў перадачу мэдычнага абсталяваньня й лекаў у шпіталі губаддзелу аховы здароўя. Брэнду не давалі поўнай інфармацыі пра стан шпіталёў, бо гэта, на думку ўпаўнаважанага, магло пашкодзіць рэпутацыі губаддзелу аховы здароўя. Амэрыканцы меркавалі, што дапамога АРА складае каля 75 % паставак у мэдычныя ўстановы губэрні. Выручалі добрыя дачыненьні з аддзелам народнай асьветы, другім па значнасьці партнэрам. Нарасьвета забясьпечвала транспартам і аплачвала вартаўнікоў на складох.
Моцныя сьнегапады крыху запаволілі жыцьцё. У сярэдзіне студзеня Брэнд вырашыў наведаць Бешанковічы, дзе АРА разам з Джойнтам карміла амаль паўтысячы дзяцей пагарэльцаў. Але аўтамабіль штохвіліны спыняўся перад гурбамі сьнегу; за дзьве гадзіны здолелі ад’ехаць толькі на дзесяць кілямэтраў і мусілі павярнуць назад.
Аднак бюракратычнае жыцьцё працягвалася амаль бязь зьменаў, паведамляў Брэнд:
Савецкага ўпаўнаважанага няма ў горадзе, вернецца празь дзесяць дзён. Ён не прызначыў намесьніка. У мінулым, калі яго не было ў Віцебску, розныя аддзелы мясцовай улады выстаўлялі нам свае скаргі. Калі гэта здарыцца ізноў, дык навядзе на думку, што ягоная адсутнасьць і скаргі ня проста супадзеньне.
Брэнд як у ваду глядзеў — імгненна выставіла фінансавыя прэтэнзіі тэлефонная станцыя. Брэнд ізноў мусіў тлумачыцца. У канцы студзеня выканаўца абавязкаў кіраўніка АРА Сырыл Кўін пісаў Брэнду:
Вашыя двухтыднёвыя справаздачы надзвычай здавальняючыя, і мы сардэчна дзякуем за іх. Не маглі б вы ў наступных допісах прысьвячаць абзац ці каля таго агульным эканамічным умовам, улучна з цэнамі на хлеб, наяўнасьцю іншай замежнай дапамогі акрузе й г. д., — для нас гэта было б вельмі каштоўна.
Дакладную інфармацыю ў Віцебску здабыць было цяжка. Яшчэ перад Калядамі кіраўніцтва АРА пачало зьбіраць зьвесткі пра пэрспэктывы ўраджаю ў раёнах дапамогі. Трэба было высьветліць, як і ў якіх памерах плянаваць дапамогу на наступны год.
Віцебская вобласьць не была аднесеная цэнтральным урадам да ліку галодных, і ўвесь 1922 год збожжа адсюль дастаўлялася ў Петраград і Маскву[80]. Засьнежаныя палі давалі магчымасьць сьцьвярджаць толькі, што, нягледзячы на моцныя маразы, азімыя пасевы не загінуць пад тоўстай сьнежнай коўдрай і ня будзе засухі. Брэнд зьвярнуўся да ўпаўнаважанага, але не атрымаў ніякіх зьвестак ні пра плошчы, ні пра запас насеньня, ні пра патрэбы. У справаздачы ў Маскву Брэнд скардзіўся, што ня можа нічога паведаміць пра разьлікі на ўраджай, апроч наступнага прадказаньня:
Уначы 27 студзеня былі грымоты й маланка, што, як кажуць сяляне, азначае голад налета. Нам здавалася, яны хутчэй скажуць, што напэўна будзе вайна. Адзін вясковец заявіў, што тае начы бачыў молат і серп на крыжы, і гэта ставіць яго на прыступку вышэй за Канстанціна[81] й значна наперадзе Апостала Паўла, але ў апошніх дастойнікаў не было сьвятаў Вадохрышча[82] й 9 студзеня, каб накіроўваць іхныя фантазіі.
У той самы дзень, 27 студзеня, быў забіты кур’ер АРА. Ён меўся даставіць дванаццаць харчовых пасылак у Воршу. Трупы пасыльнага й двух ягоных спадарожнікаў былі знойдзеныя непадалёк ад Віцебску.
Калега Брэнда Эдвард Рэмі тымчасам зьехаў на месяц у адпачынак, і кіраўнік акругі застаўся ў адзіноце. Але сумаваць не было калі. Зэліксон ізноў умяшаўся ў выдаваньне гуманітарнай дапамогі калектыўным адрасатам. Калі Брэнд не прызнаў права губвыканкаму разьмяркоўваць пасылкі па «сацыяльных» прыкметах, упаўнаважаны загадаў прыпыніць выдаваньне наагул. У лісьце ў Маскву ў апарат упаўнаважанага Ландэра Зэліксон тлумачыў:
80
У 1922 на Віцебшчыне галадалі ня толькі ўцекачы. Улады прызнавалі, што быў неўраджай. Тлумачылася, што пасьля здачы харчпадатку ў сялянаў не засталося збожжа на продаж і таму ў кастрычніку пачаўся рэзкі рост цэнаў. На дзяржпрадпрыемствах выдавалі заробак не грашыма, а прадукцыяй, якую не маглі прадаць; працягвалася сумятня з паралельнымі валютамі й тарыфамі. «Усё гэта ўзмацнялася страшэннай безгаспадарчасьцю й некампэтэнтнасьцю новай улады й назначаных адміністратараў», — адзначаецца ў акадэмічных «Нарысах гісторыі Беларусі».
81
Канстанцін Вялікі (Flavius Valerius Constantinus, к. 280–337) — рымскі імпэратар з 306. Абаронца хрысьціянаў. На сьмяротным ложы прыняў хрост.